Лех Валэнса вылучыў Алега Сянцова на Нобэлеўскую прэмію міру


Алег Сянцоў галадае ў расейскай турме ўжо 107 дзён. Фота – афіцыйная старонка расейскай омбудсвуман

Былы польскі прэзідэнт вылучыў украінскага рэжысёра на атрыманне мірнага Нобэля напярэдадні гадавіны ўтварэння прафсаюзу «Салідарнасць», які запачаткаваў мірныя перамены ў Польшчы і вызваленне ад таталітарызму ўва ўсёй Усходняй Еўропе.

Незалежны прафсаюз «Салідарнасць» быў ствараны Лехам Валэнсам 31 жніўня 1980 года ў гданьскай майстэрні караблёў

«Сянцоў удзельнічаў у дэманстрацыях на Еўрамайдане за Украіну ў дэмакратычнай Еўропе. Потым мірна супрацьстаяў анексіі ягонага роднага Крыму Расеяй», – цытуе Валэнсу радыё «RMF24».

Алега Сянцова абвінавацілі ў тэрарызме на на тэрыторыі Крыму (падпале офісу «Партыі рэгіёнаў» і планаванні падрыву помніка Леніна) і, не прадставіўшы доказаў віны, асудзілі на 20 гадоў.

«Яму прысудзілі 20 гадоў калоніі цяжкага рэжыму, нягледзячы на тое, што галоўны сведка адмовіўся ад паказанняў, дадзеных пад катаваннямі», – гаворыцца ў заяве.

Паводле Валэнсы, апошняе слова Сянцова пасля суду, у якім ён просіць расейскі народ «навучыцца не баяцца» – прыклад пазіцыі на карысць братэрства паміж народамі, якой можна пазайздросціць.

«Я глыбока перакананы, што сваймі дзеяннямі Сянцоў увасабляе ўсе ідэалы, якімі кіраваўся я, калі вёў сваю мірную барацьбу за будучыню свету», – напісаў Валэнса.

Паводле Валэнсы, «вера ў дэмакратыю, мірныя спосабы дзеяння, адсутнасць нянавісці, дзеянні на карысць братэрства паміж народамі і, у выніку, ахвяраванне сабой дзеля дабра іншых, несправядліва пакрыўджаных людзей – рысы, годныя найвышэйшай ацэнкі вольнага свету».

«Па гэтых прычынах, я звяртаюся да ўсіх людзей добрай волі з просьбай вызваліць Алега Сянцова і вылучаю яго на Нобэлеўскую прэмію міру», – падсумаваў былы прэзідэнт Польшчы.

Паводле статуту Нобэлеўскага фонду, вылучаць кандыдатаў на прэмію міру могуць, між іншага, асобы, якія атрымлівалі гэтую прэмію. Лех Валэнса атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру ў 1983 – «як барацьбіт за правы чалавека».

ДД

Стужка навінаў