Лаўроў прыляцеў у Менск і распавёў пра важнасць канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі


Лукашэнка і Лаўроў.
Фота: president.gov.by

26 лістапада ў Менск з афіцыйным візітам прыляцеў міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў. Тут ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем.

«Перш за ўсё, прывітанне вам ад Уладзіміра Уладзіміравіча [Пуціна. – Рэд. Belsat.eu.]. Ён пацвердзіў усё, пра што вы дамовіліся з ім раней, асабліва ў Сочы. У нас цалкам супадае зацікаўленасць ва ўмацаванні стасункаў. Можна гэта па-рознаму называць, але ў нас тая ж самая мэта: прасоўвацца да ўзаемнай выгадзе нашых народаў, краін і Саюзнай дзяржавы», – падкрэсліў Лаўроў на сустрэчы з Лукашэнкам, паведамілі ў прэс-службе апошняга.

Кіраўнік расейскага МЗС прыгадаў, што раней дзейны кіраўнік Беларусі выступіў з некалькімі ініцыятывамі, якія, паводле яго, вельмі важныя для беларускага грамадства.

«Як не раз падкрэсліваў прэзідэнт Пуцін, мы зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя ініцыятывы адбыліся. Калі нешта можам зрабіць у іх падтрымку, мы заўсёды адкрытыя для гэтага», – дадаў Лаўроў.

Лаўроў адмовіў кантакты з апазіцыяй

Свае словы кіраўнік расейскага МЗС удакладніў па выніках сумеснай калегіі вонкавапалітычных ведамстваў Беларусі ды Расеі, перадае БелТА.

«Нам гэта неабыякава, Беларусь – наш саюзнік, стратэгічны партнёр, беларусы – братэрскі нам народ. І мы, вядома, зацікаўленыя, каб сітуацыя была спакойнай, стабільнай, і, на наш погляд, гэтаму будзе спрыяць якая пачалася па ініцыятыве кіраўніцтва краіны канстытуцыйная рэформа як важны этап удасканалення і пераўтварэння палітычнай, эканамічнай, прававой сістэмы, як гэта было абвешчана», – падкрэсліў Лаўроў.

Пры гэтым ён заявіў пра грубае ўмяшання ЗША і асобных еўрапейскіх краін у сітуацыю ў Беларусі.

Кіраўнік МЗС РФ таксама пракаментаваў звесткі аб неафіцыйных кантактах Крамля з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Паводле яго, «гэта поўная хлусня».

Нагадаем, што канстытуцыйная рэформа была адной з тэмаў перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы 14 верасня. Але пра яе тэрміны дагэтуль нічога не вядома.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў