Крэмль бярэ Лукашэнку на змор

Маскоўскі «Коммерсантъ» раскрыў сакрэт палішынеля: жорсткая пазіцыя буйных расейскіх нафтавікоў адносна паставак у Беларусь звязаная «з указаннямі расейскага кіраўніцтва». Інакш кажучы, за цяперашнім нафтавым крызісам, у выніку якога два беларускія НПЗ апынуліся на падсмоктванні, стаіць Крэмль.

Хтосьці скажа: а ці трэба давяраць любому сліву маскоўскіх СМІ? Вось і віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак на днях з нявінным выглядам заявіў прэсе, што расейскі ўрад не рэгулюе кошты на нафту для Беларусі, нафтавая галіна працуе на рынкавых умовах.

Так, але чаму тады Аляксандр Лукашэнка ўвесь снежань і вочна, і па тэлефоне спрабаваў вырашыць пытанні энерганосьбітаў менавіта з Уладзімірам Пуціным? Прычым гэты парадак дня пацвярджалі прэс-службы, падначаленыя абодвух прэзідэнтаў. Адкрытым тэкстам паведамлялася, што дадзеныя адпаведныя даручэнні ўрадам. Няўжо Козак не ў курсе ўказанняў з Крамля?

Прымус да інтэграцыі працягваецца

Такая ўжо спецыфіка дачыненняў заклятых хаўруснікаў, што паміж імі практычна не бывае чыста гаспадарчых спрэчак, заўсёды трэба шукаць атрутную прымешку палітыкі.

Цяперашні нафтавы канфлікт – не выключэнне. Як сцвярджае крыніца «Коммерсанта», «Масква не бачыць падставаў ісці на ўступкі Менску, улічваючы, што дзяржавы не могуць уладзіць супярэчнасці адносна дарожных мапаў па інтэграцыі эканомік дзвюх краін».

Так, фармальна гэта беларускі бок не згодны закупляць нафту з выплатай прэміі каля 10 долараў за тону расейскім нафтавым кампаніям (НК). Але справа ў тым, што Лукашэнка адчувае сябе падманутым і спрабуе хоць неяк скараціць дадатковыя выдаткі.

Бо заява, што расейскія НК гатовыя пастаўляць нафту на рынкавых умовах 2019 года, фармальна гучыць правільна, але па сутнасці – здзекліва. Таму што нафта аўтаматам даражэе прыкладна на 20 долараў за тону ў выніку падатковага манеўру, кампенсацыю за які Масква згодная выплачваць Беларусі толькі пры ўмове ўніфікацыі падатковага заканадаўства дзвюх краін.

Прасцей кажучы, Лукашэнку вымушаюць падпісаць пакет дарожных мапаў «паглыбленай інтэграцыі», выкананне якіх, на думку незалежных экспертаў, пазбавіць Беларусь як мінімум часткі фінансава-эканамічнага суверэнітэту. А вы кажаце: спрэчка гаспадарчых суб’ектаў.

Меркаванні
Без нафты – паразумнееце. Крэмль змушае Беларусь да «паглыбленай інтэграцыі»
2020.01.03 19:43

Здавайся ці…

І яшчэ адзін штрых: «Коммерсантъ» адзначае, што паколькі даводзіць сітуацыю да паўнавартаснага крызісу Расея не хоча, то пастаўляць нафту ў Беларусь дазволена кампаніям Міхаіла Гуцырыева.

Дарэчы, той хоць і сябар Лукашэнкі, але ўсё ж бізнесовец і наўрад ці стаў бы пастаўляць нафту сабе ў страту. Значыць, і іншыя расейскія НК ня згалелі б, адмовіўшыся ад прэміі. Якая сумнеўная як мінімум па двух прычынах. Па-першае, таму, што ўсталёўвалася ў часы, калі нафта была амаль удвая даражэйшая. Па-другое, таму, што якасць расейскай нафты ў апошнія гады моцна ўпала.

Кіруючы ж паводзінамі сваіх НК, Крэмль спрабуе зладзіць у саюзніка рэгуляваны крызіс. Дзве кампаніі Гуцырыева мяркуюць паставіць у студзені 750 тысяч тон нафты, што дазволіць беларускім НПЗ працаваць напаўсілы, забяспечваць унутраны рынак. А вось экспарт нафтапрадуктаў – адна з галоўных крыніц папаўнення бюджэту – прыпынены.

Гэта значыць, Лукашэнку адчувальна ўзялі за горла якраз напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі. І пытанне тут не ў 10 доларах прэміі. Пытанне ў тым, ці здасца беларускае кіраўніцтва на ласку Масквы, ці пойдзе на «паглыбленую інтэграцыю».

Меркаванні
Чаму Крэмль вырашыў узяць Лукашэнку за горла?
2019.12.13 17:09

Куды ні кінь, усюды клін

Лукашэнка выдатна разумее, чым пахне падпісанне дарожных мапаў на ўмовах Крамля (асабліва калі даціснуць з 31-й, у якой адзіная валюта і наднацыянальныя органы). Нездарма ён цвердзіць, што «мы ідзем і хістаемся злева-направа і не дай Бог няслушны, няправільны крок – мы страцім усё» (што ж, натхняльнае апісанне дасягненняў свайго чвэрцьвекавога праўлення і праславутай беларускай стабільнасці).

Зразумела, што ў абмалёўцы беларускага правадыра ва ўсім вінаватае цынічнае расейскае кіраўніцтва, якое пры ўстанаўленні цэн на энергарэсурсы не ўлічвае факт сумеснага гніення ў акопах Вялікай Айчыннай. Тая акалічнасць, што да цяперашняга ахавага становішча прывяла шматгадовая аднабокая арыентацыя рэжыму на Расею, старанна затушоўваецца.

Але як бы там ні было, Масква слязам не верыць. Якім можа быць сур’ёзны адказ Менску на яе карыслівы энергетычны прэсінг?

Рэзка павысіць тарыф на прапампоўку расейскай нафты Менск у аднабаковым парадку не можа, ён у гэтым сэнсе звязаны выразна прапісанымі дамоўленасцямі з Масквой. Альтэрнатыўныя пастаўкі нафты? Так, перад Новым годам Лукашэнка аддаў такое распараджэнне, але пакуль пра іх не чуваць. Польскі эксперт Войцех Якубік заявіў «Белсату»:

«Каб з Польшчы ў Беларусь ішлі рэгулярныя камерцыйныя пастаўкі, трэба будаваць інфраструктуру. З таго, што мы ведаем, чуем ад польскага нафтавага аператара, з афіцыйнага беларускага боку ў гэтым няма зацікаўленасці».

ВІДЭА
Польшча можа дапамагчы з нафтай. Ці Лукашэнку гэта цікава?
2020.01.13 19:09

Гэта значыць, цалкам магчыма, што Менск у гэтым плане толькі спрабуе напалохаць Маскву рытарычна. Роўна як і намёкамі, што можа спыніць транзіт расейскай нафты праз Беларусь. Такое абвастрэнне сітуацыі для Лукашэнкі занадта рызыкоўнае: можна нарвацца ўжо не на халодны разлік, а на гнеў Крамля з усімі вынікаючымі наступствамі. Гэта тыя чырвоныя лініі, пераход якіх можа наклікаць на Беларусь украінскі сцэнар.

Мышы плакалі, калоліся…

Што ж у сухім астатку? Як бы ні спрабаваў апраўдацца афіцыйны лідар, сёння ўжо не толькі палітолагам, але і простаму абывацелю ясна, што «бацька» прадуў Крамлю шматгадовую інтэграцыйную гульню.

Па сутнасці, гэта палітычнае банкруцтва. І яно напэўна адгукнулася б, будзь у Беларусі выбары. Аднак у гэтым годзе пройдзе толькі чарговая спецаперацыя па афармленні новага тэрміну кіравання Лукашэнкі.

Меркаванні
«Выбары сябе» Лукашэнка рыхтуе як спецаперацыю
2019.12.06 16:50

У дадатак ён – зусім не Пётр I (хоць і спрабаваў сябе з ім параўнаць), і не Лі Куан Ю. Гэта значыць і рэформаў пад патранажам моцнай рукі, якія здольныя аслабіць залежнасць ад Расеі, беларусы не дачакаюцца. Што сам Лукашэнка пацвердзіў на сённяшняй нарадзе, заявіўшы, што «прынцыпы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, якую мы фармавалі гадамі, застануцца нязменнымі».

Карацей, мышы плакалі, калоліся, але працягвалі грызці кактус.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu / ІР

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы «Меркаванні»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў