Без нафты – паразумнееце. Крэмль змушае Беларусь да «паглыбленай інтэграцыі»

Вось вам і «канцэптуальна дамовіліся»! Гэтае бадзёрае рэзюмэ прагучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі пасля перамоў па энерганосьбітах з Уладзімірам Пуціным у Пецярбургу 20 снежня. Тады беларускі прэзідэнт запэўніў, што засталося утрэсці дэталі і канкрэтныя цэны на газ і нафту для Беларусі стануць вядомыя праз два-тры дні. Але пасля навагодніх тостаў і феерверкаў шырокая беларуская публіка са здзіўленнем даведалася, што краіна засталася без расейскай нафты.

З газам таксама не бліскуча: з вялікай цяжкасцю, пад самую ялінку, сышліся на леташнім кошце ў 127 даляраў за тысячу кубаметраў, але толькі на два месяцы. Далей усё пакрыта змрокам. Праўда, зразумела, што пра жаданую для Менска цану Смаленскай вобласці – каля 70 долараў – і гаворкі няма.

Фота: Viktor Drachev/TASS/Forum

Удар у балесную кропку

Але газ хоць ідзе. А вось два беларускія НПЗ – у Мазыры і Наваполацку – апынуліся на падсосе. Працуюць на запасах, якіх хопіць на два-тры тыдні. Загрузка магутнасцяў зніжана да 30%, экспарт нафтапрадуктаў прыпынены. «Беларуснафта» супакойвае насельніцтва: дэфіцыту аўтамабільнага паліва пакуль не чакаецца.

Хоць зразумела, што ўсё залежыць ад таго, наколькі зацягнецца новая – назавем рэчы сваімі імёнамі – нафтавая вайна. У апошні дзень старога года, калі ўжо выразна запахла смажаным, Лукашэнка на адмысловай нарадзе загадаў тэрмінова забяспечыць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты ў цыстэрнах і праз нафтаправод «Дружба».

Але ў цыстэрнах – дорага і ў прынцыпе не навозішся. А каб задзейнічаць у рэверсным рэжыме дзве з трох якія праходзяць праз Беларусь галінаў «Дружбы» і арганізаваць прапампоўку амерыканскай або саудаўскай нафты праз Польшчу, магчыма, спатрэбіцца некалькі месяцаў. Ёсць яшчэ варыянт з прапампоўкай нафты таксама рэверсам па трубаправодзе «Адэса – Броды», які праходзіць праз Украіну . Але гэта таксама на раз-два не зробіш.

Hавiны
Латвія хоча дапамагчы Беларусі ў транспартаванні нафты
2020.01.03 15:02

Короче, Москва хорошо рассчитала этот болезненный удар по белорусской экономике. Ведь экспорт нефтепродуктов – один из основных источников пополнения казны валютой. Нужда в которой сейчас обострилась: Россия же и кредиты давать перестала, а по прежним долгам нужно выплачивать миллиарды долларов в год.

Масква спяшаецца: апошні шанец на «збіранне земляў»

Канфлікты на глебе цэнаў на энерганосьбіты паміж Менскам і Масквой здараліся і раней. Але цяперашні сюжэт – не проста дэжавю. Са снежня 2018 года, калі прагучаў так званы ультыматум Мядзведзева, Масква жорстка абумоўлівае эканамічную падтрымку Беларусі «паглыбленнем інтэграцыі». Пры гэтым расейскі бок апелюе да саюзнай дамовы 1999 года, якая, як нядаўна нагадаў Пуцін, на 90% не выкананая.

А ў гэтым дакуменце мінулага тысячагоддзя, які Лукашэнка азартна падмахнуў, як кажуць злыя языкі, у разліку заняць крамлёўскі трон пасля Барыса Ельцына, прапісаны і агульная канстытуцыя, і адзіныя парламент, суд, падліковая палата, валюта. Што значыць рэчы, рэалізацыя якіх пахавае беларускі суверэнітэт.

Hавiны
«Транснафта»: транзіт праз Беларусь ідзе без абмежаванняў
2020.01.03 13:38

Адзін час здавалася, што тая дамова надзейна схаваная пад сукно. Чаму ж Масква цяпер ўхапілася за старую паперу? На думку шэрагу беларускіх аналітыкаў, звышзадача цяперашняга ціску – прымацаваць Беларусь, каб не адышла, як Украіна. Часу, па прыкідках крамлёўскіх стратэгаў, мала: нават пры аўтарытарным рэжыме Лукашэнкі з краіны выветрываецца савецкі дух, сыходзіць прамаскоўскае мысленне, мацнеюць сувязі з Еўропай, вырастаюць пакаленні беларусаў, для якіх норма – жыць у незалежнай краіне.

Вось і вырашана фарсіраваць апошні шанец на «збіранне земляў». Пры гэтым выкарыстоўваецца момант каласальнай эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расеі (таксама «заслуга» аднабокай палітыкі Лукашэнкі).

Так што цяперашняе спыненне паставак нафты – ніякія не цёркі гаспадарчых суб’ектаў, а адзін з элементаў прымусу да «паглыбленай інтэграцыі». Маўляў, пасядзіце без нафты – паразумнееце, станеце згаворлівымі.

Рэканструкцыя нафтапроваду Дружба памім Мазыром і Берасцем у кастрычніку 2018-га. Фота – Forum / ТАСС

Упартасці Лукашэнкі замала

Пакуль жа, як вядома, не ўзгоднена некалькі дарожных карт далейшай эканамічнай інтэграцыі, а апошнюю, 31-ю карту, у якой ідзе гаворка пра адзіную валюту і наднацыянальныя органы, Лукашэнка, наколькі можна меркаваць па яго імпульсіўных заявах, і зусім адмовіўся абмяркоўваць.

Яго ўпартасць лёгка зразумець. Ніякая пасада пры Пуціне не заменіць чалавеку, які руліць Беларуссю больш за чвэрць стагоддзя, слодыч практычна самадзяржаўнай улады над асобна ўзятай еўрапейскай краінай сярэдняга памеру. І потым, пайсці ў падпарадкаванне Крамлю азначае пазбавіць сябе і сваю сям’ю гарантый на будучыню, што б ні абяцалі сёння. Лукашэнка занадта добра ведае візантыйскія норавы кіруючых колаў ўсходняй суседкі.

Але ўпартасці замала. Каб зняць эканоміку з расейскай іголкі і аздаравіць, патрэбныя сістэмныя рэформы. Яны таксама патрэбныя і для збліжэння з Захадам. Аднак беларускі лідэр вельмі кансерватыўны і баіцца разбурыць любоўна збудаваны рэжым.

Hавiны
Беларусь спыніла экспарт нафтапрадуктаў, каб эканоміць «для патрэбаў унутранага рынку»
2020.01.03 17:24

Тэст на альтэрнатыву

Зараз мы ўбачым, дарэчы, тэст на альтэрнатыву. Ці сапраўды будуць наладжаны пастаянныя пастаўкі нерасейскай нафты? Бо дэмаршы такога роду на глебе энергетычных сварак з Масквой былі і раней. Спрабавалі дастаўляць сыравіну танкерамі ад цяпер нябожчыка былога сябра Уга Чавэса, вазілі цыстэрнамі і пампавалі праз Украіну нафту з Азербайджана, Ірана. Але гэтыя варыянты глухлі, калі адбывалася замірэнне з Масквой.

Так, гэтыя варыянты пакуль даражэйшыя. Але калі Беларусь хоча паслабіць залежнасць ад Крамля, іх трэба развіваць. Прыйшоў час плаціць за незалежнасць, як заплацілі за яе прыбалты, украінцы.

Так што цяпер для Беларусі пакуль не катастрофа, а момант ісціны, кропка біфуркацыі. Наіўна спадзявацца, што замацярэлы ў рэаліях жорсткай аўтакратыі Лукашэнка вось так адразу перакуецца ў заўзятага рыначніка і заходніка. Але, магчыма, хаця б пачуццё самазахавання, выбар найменшага ліха ў яго разуменні падштурхне беларускага кіраўніка да некаторых дыскамфортных крокаў, якія дазволяць, аднак, паслабіць маскоўскую пятлю на шыі.

Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў