Памочнік прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Уладзіслаў Суркоў, якога лічылі крамлёўскім куратарам «ДНР» і «ЛНР», пакінуў дзяржаўную службу. Пра гэта паведаміў у тэлеграм-канале дырэктар Цэнтра палітычнай кан’юктуры Аляксей Часнакоў.
Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў піша ў сваім тэлеграм-канале, што украінска-расейскія стасункі цяпер будзе курыраваць Дзмітрый Козак – намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна.
Уладзіслаў Суркоў з 1999 па 2011 год працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта РФ. Менавіта ён з’яўляецца аўтарам ідэалагічнай канцэпцыі «суверэннай дэмакратыі», у межах якой адбывалася згортванне дэмакратычных свабодаў у першае дзесяцігоддзе кіравання Уладзіміра Пуціна.
У 2012-2013 гадах быў віцэ-прэмʼерам – кіраўніком апарату ўраду РФ. З 2013 года (а раней у перыяд з 2004 па 2008 гг.) Суркоў займаў пасаду памочніка прэзідэнта РФ па пытаннях супрацы з дзяржавамі СНД, Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. Лічыцца, што менавіта ён курыраваў украінска-расейскія стасункі, у тым ліку праект «Наваросія» і непасрэдна групоўкі «ДНР» і «ЛНР».
ІІ belsat.eu