«Аўты з пракуратуры, судоў ды іншых ведамстваў прыязджалі, заязджалі за адміністрацыйны будынак. Там іх ужо чакалі пакеты з мясам, каўбасамі ды іншаю прадукцыяй. Часта вазілі нават у Менск. Ён хваліўся перад работнікамі, што ў кожную хвіліну можа пазваніць Аляксандру Лукашэнку – і той развяжа любую ягоную праблему», – кажа Людміла.
У 2009 годзе на працу ў камбінат прыйшла Кацярына Зароўская. Дзяўчына скончыла Інстытут правазнаўства, але паводле прафесіі не працавала, рабіла манікюр у вёсцы Рэчкі. Майсееў узяў яе сакратаркаю. Зароўская вельмі хутка пайшла ўверх па прафесійнай лесвіцы. Праз некалькі месяцаў з сакратаркі яе перавялі на пасаду юрыста, пазней – кіраўніка аддзелу забеспячэння, намесніка фінансавага дырэктара. У 2014 годзе яе абралі дэпутаткай па Бракаўскай выбарчай акрузе (Магілёўская вобласць).
Яшчэ на пасадзе намесніка яна ўзяла ўсе фінансавыя справы пад свой кантроль, хоць гэта функцыя гендырэктара, і пачала плесці інтрыгі супраць іншых, сцвярджае Людміла.
«Яна нібыта загіпнатызавала Майсеева. Шмат хто гаварыў, што яны ў блізкіх стасунках. Да ейнага прыходу быў зладжаны калектыў, але яна яго разваліла. Бяздоказна абвінавачвала людзей у крадзяжы, а Майсееў нават не спраўджваў, а пагражаў: «Звальняйся або пойдзеш у турму», – адзначае былая працаўніца агракомплексу.
Людміла сцвярджае, што Кацярына Зароўская кантралявала ўсе грашовыя плыні. Кожны тыдзень бухгалтар і касір прыносілі ёй усе разліковыя лісты, касавыя ордэры, яна спраўджвала, каму, што і за што выдавалі.
«Абсалютна ўсё праходзіла праз яе і Майсеева. Без іх ведама не выдавалі ані гроша. Яна забрала ў Корнева гэтыя функцыі, рада на чале Майсеева зацвердзіла рашэнне», – каментуе нашая суразмоўца.
На пасадзе юрысткі Кацярына Зароўская сядзела з Людмілай у адным кабінеце. У 2015-м цяперашняя кіраўніца прадпрыемства «Зара» прывяла хросную маці сваёй дачкі – Ірыну Каласкову. Людміла распавядае, што Зароўская наўпрост сказала Каласковай, што тая будзе ейнымі вачамі і вушамі. Таксама гераіня матэрыялу дадае, што Кацярына Зароўская была настолькі бедная, што нават мусіла пазычаць адзенне.
«Яна сама ў мяне прасіла рэчы. У яе быў аклад $ 150, яна з беднай сям’і. Цяпер у яе джыпы, футра, катэдж. За якія грошы?» – задае рытарычнае пытанне Людміла.
«Аляксандр Корнеў быў нармальным кіраўніком. Дапамагаў звычайным работнікам. Навошта гендырэктару красці мяса? Корнеў рабіў, што загадалі, не здаў чыноўнікаў і Майсеева, паўгода сядзеў ні за што. У вёсцы Рэчкі людзі кажуць, што Кацярына Зароўская заявіла: Я не аддам пасады. Мяне забяруць у турму альбо наперад нагамі», – абураецца Людміла.
Паводле следства, юрыстка Ірына Каласкова падрабляла дамовы падраду на розныя працы, якія не праводзіліся. У лютым 2018-га жанчыну ўзялі пад варту. Спачатку яна сцвярджала, што падрабляла дамовы падраду на загад Корнева, але пазней прызналася, што крала сама. Людміла не верыць, што Каласкова брала гэтыя грошы толькі сабе.
«Зароўская яе падставіла. На вочнай стаўцы затрыманая юрыстка гаварыла, што ненавідзіць начальніцу. На судзе Ірына давала паказанні і гаварыла, што перадавала грошы кіраўніцтву, аднак пазней ад далейшых сведчанняў адмовілася», – абураецца Людміла.
«Яна была «дзекабрысткаю», не прагіналася і не «шасцярыла». Зароўская заўсёды не любіла яе за гэта і вырашыла адпомсціць. Юрыстка на вочных стаўках прасіла, каб следчыя праверылі грошы, якія выдавалі на матэрыяльную дапамогу. Зароўская баялася, што ўсё выйдзе, і скінула на маю жонку», – распавядае Міхаіл, грамадзянскі муж Людмілы.
Людмілу Пацёмкіну абвінавацілі ў махлярстве з матэрыяльнай дапамогай з траўня 2016-га да красавіка 2017-га. Яна нібыта падроблівала подпісы на дакументах і атрымлівала грошы за іншых працаўнікоў. Насамрэч, кажа жанчына, яна рабіла тэхнічную працу, толькі выдрукоўвала бланкі. Паводле статуту, касір можа выдаваць грошы толькі адрасатам. Паводле Людмілы, ёсць запісы ў журналах, што працаўнікі з розных цэхаў атрымліваюць матэрыяльную дапамогу ў адзін час з дакладнасцю да хвіліны, што фізічна немагчыма.
«Насамрэч за іх сродкі атрымлівала кіраўніцтва. Вельмі часта Зароўская і ейныя намеснікі прасілі падпісаць дакументы на матэрыяльную дапамогу, маўляў, на аплату нейкіх штрафаў прадпрыемства альбо рамонт даху. Зароўская прасіла на правядзенне «Дажынак». Грошы ішлі на банкеты і дні народзінаў службовых асобаў, падарункі, у кішэню дырэкцыі. Людзі ж давалі паказанні, што падпісвалі бланкі, а Зароўская ў іх проста забірала гэтыя грошы. Пабудавала сабе замак», – абураецца Людміла.
9 ліпеня 2018 г. Людмілу Пацёмкіну выклікалі ў Следчы камітэт і ўзялі пад варту. Пакуль вялося следства, 9 месяцаў жанчына правяла ў турме.
«Я быў ва ўсіх інстанцыях: КДБ, Генпракуратура, Адміністрацыя прэзідэнта, КДК. Усе скаргі вярталіся ў Магілёў без адказу і належнага разгляду», – кажа муж Людмілы Міхаіл.
«Ані следства ані суд не адказалі на галоўныя пытанні: хто атрымліваў грошы, дзе яны? За два гады накралі мільёны, а нам на дваіх з Каласковай выставілі прэтэнзію на 5450 рублёў. Дык дзе ж рэшта? Мой адвакат высветліў шмат парушэнняў у рэестрах, чаго не зрабіў следчы. Суд не ўзяў пад увагу нават эпізоды, у якіх мяне не было на працы. Я была ў шпіталі ў Менску і нічога падрабляць і атрымліваць не магла», – кажа Людміла.
Калі версія з падробліваннем подпісаў не прайшла, Людміле інкрымінавалі, што яна фальшавала пячаткі і подпісы на каляровым прынтары. Такіх прынтараў на прадпрыемстве некалькі, у тым ліку ў кабінеце Кацярыны Зароўскай, кажа спадарыня Пацёмкіна. Картрыджы ў прынтарах апошні раз мянялі ў 2015-м. Выкліканы на суд эксперт пацвердзіў, што прынтарам не маглі скарыстацца – гэта тэхнічна немагчыма.
5 снежня 2019 г. суд вынес Людміле Пацёмкінай новы, больш суровы прысуд – махлярства ў складзе групы. Іншая абвінавачаная ў махлярстве, Ірына Каласкова, ні разу не заявіла, што ейная калега была ўцягнутая ў махінацыі, але Людміла атрымала 1,5 года турмы дадаткова. Суд абавязаў яе сплаціць прадпрыемству страты. Аднак жанчына адмаўляецца плаціць, бо віны не прызнае.
ДР belsat.eu