Паводле выдання «Коммерсантъ», акрамя Міхаіла Мішусціна ў расейскім урадзе ёсць яшчэ некалькі інфікаваных. Яны знаходзяцца на самаізаляцыі і працуюць з дому.
Чыноўнікі маглі маглі стаць «ахвярамі» медыкаў, піша журналіст «Коммерсантъ» Дзмітрый Бутрын у артыкуле «Коронавирус добрался до самого верха».
«Усё кіраўніцтва рэгулярна здае аналізы на каронавірус, што непазбежна звязана з пастаяннымі дадатковымі кантактамі і перамяшчэннямі медыкаў», – дзеліцца сваім меркаваннем аўтар артыкула.
Аўтар артыкула адзначае, што «значная частка расейскага ўраду» з сакавіка працуе з дому.
30 красавіка прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін паведаміў прэзідэнту Расеі, што заразіўся каронавірусам.
Крыніцы meduza.io у Адміністрацыі прэзідэнта і ўрадзе Расеі мяркуюць, што Міхаіл Мішусцін ужо не вернецца ў прэм’ерскае крэсла.
Крыніца выдання блізкая да ўраду звярнула ўвагу на тое, што Уладзімір Пуцін прызначыў выконваючым абавязкі кіраўніка ўраду асобным указам у назве якога няма слова «часовы». Выконваючым абавязкі прэм’ера Міхаіл Мішусцін прапанаваў прызначыць Андрэя Белавусава.
Крыніца з Адміністрацыі прэзідэнта Расеі, мяркуе, што Мішусціна прызначылі, каб ён узяў пад кантроль грошы, якія ідуць на нацыянальныя праекты. Каронавірус і змены коштаў нафты істотна паўплываюць на бюджэты нацпраектаў і, паводле крыніцы meduza.io, «Мішусцін зусім не пра гэта».
ЮВ belsat.eu