Па стане на раніцу 29 сакавіка ў свеце больш за 665 тысяч інфікаваных каронавірусам і больш за 30 тысяч памерлых ад гэтай хваробы. Пра гэта сведчаць дадзеныя ўніверсітэту Джонза Гопкінза.
На момант напісання тэксту ў свеце было зарэгістравана 665 616 выпадкаў заражэння COVID-19. 30 857 з іх памерлі.
На першым месце па колькасці інфікаваных знаходзяцца ЗША – у гэтай краіне пацверджаны 124 686 выпадкаў захворвання. Другое месца займае Італія (захварэлі 92 472 чалавекі), трэцяе – Кітай (82 061 інфікаваны). У Італіі самы высокі ўзровень смяротнасці ў свеце: ад каронавірусу загінулі 10 023 чалавекі (выздаравелі 12 384).
Чацвертае месца ў свеце па колькасці інфікаваных займае Іспанія (73 235 хворых і 5 982 памерлых), пятае – Германія (57 695 хворых і 433 памерлых).
Паводле Міністэрства аховы здароўя, па стане на 27 сакавіка ў Беларусі былі інфікаваныя на каронавірус 94 чалавекі: 32 чалавекі ўжо выздаравелі, яшчэ 62 працягваюць лячэнне. Ніводнага афіцыйна пацверджанага выпадку смерці ад COVID-19 не зарэгістравана.
КА belsat.eu