Колькасць ахвяраў у Магнітагорску ўзрасла да 38 асобаў. Галоўнае


Ратавальнікі МНС Расеі паведамляюць, што дасталі з-пад завалаў пад’езду жылога дому, які абрынуўся ў Магнітагорску, 38 целаў загінулых. 22 з іх ужо апазнаныя.

Лёс 10 чалавек дагэтуль застаецца невядомым. МНС паведамляе пра 6 выратаваных.

Прыклада а 12-й гадзіне дня 2 студзеня ратавальнікі дасталі з-пад завалаў цела дзіцяці. Паводле МНС, гэта была дзяўчынка ва ўзросце прыкладна трох гадоў.

Ноччу разбор завалаў прыпынялі, каб прыбраць канструкцыю, якая навісала над месцам абрушэння. Сёння разбор і пошук целаў аднавілі. Адзначаецца таксама, што нават пасля таго, як навісаючыя элементы канструкцыі дэмантавалі, застаецца пагроза жыццю ратавальнікаў, якія шукаюць людзей пад заваламі.

ВІДЭА
Пад заваламі дому ў Магнітагорску знайшлі 11-месячнае немаўля. Дзіцё жывое
2019.01.01 14:05

1 студзеня ў Магнітагорску яшчэ тры чалавекі загінулі ў выніку загарання маршрутнага мікрааўтобусу «Газэль», паведаміла ў аўторак прэс-служба губернатара Чалябінскай вобласці. Паводле гэтых дадзеных, інцыдэнт адбыўся на скрыжаванні праспекту Карла Маркса і вуліцы Праўды. У «Газэлі» былі тры чалавекі, дзяцей сярод іх не было. Следчыя і ФСБ высвятляюць усе абставіны здарэння. Паводле МУС Расеі, прычынай сталася «няспраўнасць газавага абсталявання».

Раніцай 31 снежня ў Магнітагорску абваліліся перакрыцці ў адным з падʼездаў дзесяціпавярховага жылога дому. Следчы камітэт РФ разглядае выбух бытавога газу ў якасці прыярытэтнай версіі здарэння, але прапрацоўваюць і іншыя.

Рэгіянальны сайт 74.ru без ўказання крыніцы напісаў, што маршрутка нібыта загарэлася пры «спецаперацыі па затрыманні тэрарыстаў». Znak.com са спасылкай на крыніцу паведаміў тое ж самае, дадаўшы, што выбух у доме ў Магнітагорску 31 снежня быў тэрактам. Раніцай у сераду ў СК Расеі заявілі, што слядоў выбуховых рэчываў на месцы трагедыі не выяўлена.

У горадзе, а пазней на ўсёй тэрыторыі Чэлябінскай вобласці быў уведзены рэжым надзвычайнага становішча. 2 студзеня там абвешчанае днём жалобы.

КА, belsat.eu, паводле tass.ru

Стужка навінаў