Кітай не вытрымаў чэргаў на беларуска-польскай мяжы – і злучыць чыгункай Эстонію і Фінляндыю


Кітай вырашыў інвеставаць у пабудову тунэлю, які звяжа чыгунку Фінляндыі з краінамі Балтыі.

Фінская газета «Helsingin Salomat» са спасылкай на будаўнічую кампанію «Finest Bay Area» падае, што праект па будаўніцтве найдаўжэйшага ў свеце чыгуначнага тунэлю знайшоў інвестара. З мэтай развіцця еўразійскай транспартнай інфраструктуры ў межах праекту «Адзін пояс – адзін шлях» кітайскі фонд «Touchstone Capital Partners» укладзе ў яго да € 15 млрд.

«Touchstonella» мае вялікі вопыт у фінансаванні падобных буйных прыватных інфраструктурных праектаў», – не хавае сваёй задаволенасці сузаснавальнік «Finest Bay Area» Густаў Валтанен.

Валтанен адзначыў, што Finest Bay Area не атрымае адразу ўсё € 15 млрд – грошы будуць прыцягвацца па меры неабходнасці.

Паводле праекту, Таллін і Хельсінкі будуць злучаныя двума тунэлямі – для грузавых і для пасажырскіх цягнікоў. Ілюстрацыя – Finest Bay Area

Праект тунэлю паміж сталіцамі Эстоніі і Фінляндыі знаходзіцца на этапе праектавання з 2000-х гадоў. У 2008 годзе Таллін і Хельсінкі падпісалі пагадненне аб намерах па праекце.

Да нядаўняга часу праект існаваў выключна за кошт сродкаў прыватных інвестараў – самага Валтанена і фінскага распрацоўніка мабільных гульняў Піцера Вестэрбака. Аднак у снежня 2018 года «Finest Bay Area» прыцягнула 100 млн еўраў ад кампаніі «ARJ Holding LLC» з Дубаю.

Фінская і эстонскія чыгункі выкарыстоўваюць чыгуначную каляіну 1524 і 1520 мм адпаведна. Аднак у тунэлі яе зробяць 1435 мм – стандартную для Еўропы. Менавіта такая каляіна прадугледжаная ў межах праекту «Балтыйская чыгунка», які ў будучыні злучыць Фінляндыю з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай.

Даўжыня тунэлю пад Фінскім залівам мае скласці ад 50 да 70 км, што зробіць яго найдаўжэйшым марскім тунэлем гэткага кшталту. Выява – Finest Bay Area / FIRA / ZOAN

Цягам апошніх гадоў Кітай імкліва павялічыў транзіт тавараў у Еўропу праз беларуска-польскую мяжу, але Польшча аказалася не гатовая да такога наплыву.

Згодна са звесткамі кітайскай чыгункі, колькасць чыгуначных рэйсаў з Кітаю ў Еўропу вырасла з 17-ці ў 2011-м годзе да 3 673 летась. Да 2020 года Кітай мае намер павялічыць гэтыя лічбы да 5 000.

На сёння абсалютная бальшыня транзіту кітайскіх тавараў у Еўразвяз ідзе праз Беларусь. 90 % усіх кітайскіх саставаў абслугоўвае пераход паміж Берасцем і польскімі Малашэвічамі – і там рэгулярна ўзнікаюць чэргі з цягнікоў.

Міністэрства інфраструктуры Польшчы нават заявіла, што ўрад разглядае магчымасць адкрыцця другога чыгуначнага пераходу на мяжы з Беларуссю.

«Адзін пояс – адзін шлях» – канцэпцыя, прэзентаваная Кітаем у 2013 годзе, – можа стацца адным з самых буйных праектаў за гісторыю чалавецтва. Найбольш у ім зацікаўлены сам Кітай – гэта дазволіць яму дамінаваць у сусветнай эканоміцы. Плануецца, што глабальная інфраструктурная сетка закране больш за шэсцьдзесят краінаў з агульным насельніцтвам амаль 4,5 мільярды чалавек.

«Helsingin Sanomat» вылічыла, што будаўніцтва пасажырскага тунэлю паміж Таллінам і Хельсінкі акупіцца цягам 17 гадоў – пры ўмове, што кошт паездкі ў абодва бакі будзе каля 100 еўраў.

ДД

Стужка навінаў