На польска-беларускай мяжы – чыгуначны бум


Кітайскія кантэйнеры ў тэрмінале «Еўрапорт» у польскіх Малашэвічах. 24 траўня 2018 года. Фота – Kacper Pempel/Reuters

Цягам апошніх гадоў Кітай імкліва павялічыў транзіт тавараў у Еўропу праз беларуска-польскую мяжу, але Польшча аказалася не гатовая да такога наплыву. Кітай шукае новыя шляхі – праз балтыйскія краіны і Фінляндыю.

Калі дзесяць гадоў таму з Кітаю ў Еўропу прыбываў адзін цягнік у месяц, то пасля імклівага развіцця транспартнага калідору ў межах ініцыятывы кітайскага ўраду «Адзін пояс і адзін шлях» колькасць саставаў вырасла да двухсот.

Чыгуначны транспарт дазваляе даставіць тавары на 20 дзён хутчэй, чымся морам, і ён больш танны, чымся паветраны.

Сухапутны і марскі транспартныя калідоры кітайскага Шоўкавага шляху

Згодна са звесткамі кітайскай чыгункі, колькасць чыгуначных рэйсаў з Кітаю ў Еўропу вырасла з 17-ці ў 2011-м годзе да 3 673 летась. Да 2020 года Кітай мае намер павялічыць гэтыя лічбы да 5 000.

Абсалютная бальшыня транзіту кітайскіх тавараў у Еўразвяз ідзе праз нашую краіну. 90 % усіх кітайскіх саставаў абслугоўвае пераход паміж Берасцем і польскімі Малашэвічамі. Летась праз яго прайшло 74 тысячы кантэйнераў – у чатыры разы болей, чымся ў 2015-м.

Дзяржаўны чыгуначны перавознік Польшчы PKP Cargo сцвярджае, аднак, што дзейная інфраструктура не дазволіць рэалізаваць планы кітайскага ўраду. Напрыканцы 2017 года на беларуска-польскай мяжы ў чарзе аказалася 100 цягнікоў.

На сёння чэргаў з лакаматываў няма – каб скараціць час разгрузкі кантэйнераў, польскі бок распачаў супрацу з прыватнымі аператарамі. Міністэрства інфраструктуры Польшчы ўжо заявіла, што ўрад разглядае магчымасць адкрыцця другога чыгуначнага пераходу на мяжы з Беларуссю.

«Гэта велізарны выклік і велізарны шанец», – заяўляў кіраўнік PKP Cargo Чэслаў Варсэвіч у сакавіку.

Кітайскія адправіцелі грузаў непакояцца аднак, што змены не наступяць хутка.

Тэрмінал «Еўрапорт» у траўні 2018 года. Фота – Kacper Pempel/Reuters

Занепакоены таксама і мэр польскага Тэрэспалю Кшыштаф Іванюк, які ў размове з Reuters кажа, што план мадэрнізацыі польскай чыгункі не адпавядае сённяшнім задачам, і горад рызыкуе страціць транзіт кітайскіх грузаў.

«Калі мы не выкарыстаем гэтыя пяць хвілінаў, якія нам дае гісторыя, яны скончацца», – сцвярджае Іванюк.

Чыгуначныя пробкі на польскай мяжы прымушаюць кітайскіх лагістаў задумвацца аб перанакіраванні тавараў праз фінскую, літоўскую або эстонскую чыгункі.

Пакуль іх спыняе тое, што альтэрнатыўныя шляхі падоўжаць час транспарту, а таксама неабазнанасць рэаліяў на мяжы Расеі і краінаў ЕЗ і неабходнасць займацца мноствам новай папяровай працы.

ДД

Стужка навінаў