Кіраўніцтва Фонду міжнароднай салідарнасці пракаментавала змяншэнне фінансавання «Хартыі'97»


Старшыня ўправы ФМС Мацей Фалькоўскі распавёў belsat.eu пра сітуацыю з падтрыманнем «Хартыі’97».

«Фонд міжнароднай салідарнасці заявіў пра сваю гатовасць надалей падтрымліваць «Хартыю’97» сёлета. Наталлі Радзінай запрапанавалі магчымыя формы падтрымання ў межах рэсурсаў фонду, а таксама дапамогу ў пошуку дадатковага фінансавання ад іншых донараў.

Гэта няпраўда, што сума магчымага фінансавання «Хартыі» ў 2019 годзе ў пяць разоў меншая ў параўнанні з мінулым годам. Выніковая сума падтрымання залежыць ад формы праекту, магчымасцяў ФМС і гатовасці да супрацы з боку «Хартыі», у тым ліку і дастасаванне да працэдураў, якія датычаць усіх партнёраў ФМС».

У фондзе адзначаюць, што шукаюць для супрацы найбольш эфектыўныя шляхі ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам.

«Я хацеў бы адзначыць, што апошняя сустрэча з Наталляю Радзінай, якая была зарганізаваная па ініцыятыве фонду, не мела на мэце паведаміць «Хартыі» пастановы пра фінансаванне і памеры, а пачаць дыялог у гэтым пытанні.

Наталля Радзіна дэ-факта спыніла перамовы, што, на жаль, ускладняе дачыненні. Але я хацеў бы падкрэсліць, што мы па-ранейшаму адкрытыя для абмеркавання супрацы ды падтрымання парталу ў 2019 годзе», – адзначае прэзідэнт фонду Мацей Фалькоўскі.

14 лютага Наталля Радзіна паведаміла, што Польшча скарачае фінансаванне «Хартыі’97».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў