«Кажуць, з цэху «Аміяк-3» і без забастоўкі звольняць усіх ненадзейных». Былы азотавец распавёў, як жыве пасля звальнення


28-гадовы гарадзенец Сяргей Шэлест, аператар 4-га разраду з цэху «Аміяк-3», які найбольш актыўна баставаў, напісаў заяву пра далучэнне да страйку пасля таго, як 26 кастрычніка «АМАП дручкамі і лаянкаю заганяў працаўнікоў на завод». У той жа дзень мужчыну звольнілі. Цяпер ён развівае незалежны прафсаюз, у які ўступаюць усё больш азотаўцаў.

Марыў працаваць на багатым «Азоце», але ўбачыў бардак

На «Азоце» Сяргей Шэлест адпрацаваў крыху больш за год. Да гэтага быў аператарам на гарадзенскім мясакамбінаце, потым нейкі час таксаваў у Горадні і Менску. На «Азот» хацеў трапіць даўно і чакаў з’яўлення адпаведнай вакансіі.

Сяргей Шэлест, былы рабочы «Горадня Азоту».
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Я хацеў працаваць там, і менавіта аператарам – сядзець за камп’ютарам ды кіраваць усёю сістэмай у цэху, – кажа гарадзенец. – Гэта не так проста. Трэба ўжо на працоўным месцы вучыцца ад двух да пяці месяцаў. Потым здаць тры іспыты, і толькі пасля трэцяга цябе дапускаюць да працы».

Сяргей заўсёды думаў, што «Азот» – гэта вялікае і багатае прадпрыемства. Рэчаіснасць расчаравала.

Загад аб звальненні з прадпрыемства. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Пабачыў там такі самы бардак, як на мясакамбінаце, – зазначае мужчына. – Колькі працаваў, столькі імкнуўся зразумець, куды сыходзяць грошы з заводу, чаму не мяняюць старога абсталявання. Цэх «Аміяк-3» будавалі японцы яшчэ ў 1970-ыя. Пенсіянеры апавядалі, што пару гадоў таму прыехала японская дэлегацыя, і яе ўдзельнікі не паверылі сваім вачам, пыталі, ці сапраўды мы ўжо больш за 30 гадоў працуем на гэтым абсталяванні».

Больш не мог трываць карупцыі ды хлусні

Да сёлетняй выбарчай кампаніі Сяргей Шэлест быў апалітычны. «Вядома, глядзеў і чытаў навіны, бачыў, што адбываецца, але не лез нікуды, бо быў перакананы: так, усё дрэнна, але мы нічога не можам змяніць, – адзначае мужчына. – Тым не менш, настолькі абрыдла гэтае балота, што я хадзіў на ўсе сустрэчы з кандыдатамі на прэзідэнта, хацеў галасаваць за Віктара Бабарыку, але, паколькі зарэгістравалі толькі Святлану Ціханоўскую, аддаў свой голас за яе».

Сяргей кажа, што найбольш яму надакучыла карупцыя, якой ён «наглядзеўся падчас працы на гарадзенскім мясакамбінаце».

«У мяне там было тое самае пытанне, што і на «Азоце»: куды сыходзяць грошы з прадпрыемства і за чый кошт бясконцыя банкеты кіраўніцтва ў Каробчыцах (забаўляльны комплекс каля Горадні. – Заўвага рэд.), – кажа Сяргей. – Акрамя таго, у мяне шмат пытанняў да таго, як у нас прызначаюць дэпутатаў, бо зразумела, што мы іх не выбіраем, яны ўжо загадзя прызначаныя. Таму я і не хадзіў раней на выбары».

Сяргей на былой працы. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Хочаш жыць – разварочвайся і сыходзь»

Трываць хлусню стала немагчыма, таму маладзён пачаў выходзіць на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У жніўні Сяргею пашчасціла застацца на волі, але ён бачыў, як сілавікі збівалі людзей. «Невядомыя ў чорных майках і балаклавах» пагражалі і яму.

«Праганялі з вуліцы ды казалі: калі хочаш жыць – разварочвайся і сыходзь, не – дык будзем размаўляць інакш», – прыгадвае азотавец падзеі жніўня. Адразу ж пасля выбараў «Азот» упершыню паспрабаваў спыніць вытворчасць. Паводле Сяргея, праз пару дзён разгубленасці, а часам і падтрымання з боку кіраўніцтва, за справу ўзяўся КДБ, пачаліся пагрозы.

«Горадня Азот».
Фота: Сяргей Шэлест

«Нас пужалі крымінальнай адказнасцю, маўляў, «Азот» – гэта стратэгічнае хімічнае прадпрыемства, і мы не маем права яго спыніць», – кажа Сяргей.

Паводле гарадзенца, найбольш жорсткія затрыманні, пагрозы і рэпрэсіі пачаліся, калі кіраўніком Гарадзенскай вобласці стаў Уладзімір Каранік.

«Будзем вас п…ць, і нам за гэта нічога не будзе»

Пасля чарговай спробы страйку на «Азоце» 26 кастрычніка Сяргея Шэлеста звольнілі.

«У тую раніцу нас на працу заганяў АМАП дручкамі і лаянкай, – згадвае гарадзенец. – Казалі, што мы ўсё роўна будзем на іх працаваць: «Мы вас будзем п…ць, і нам за гэта нічога не будзе».

Сяргей у той панядзелак прыйшоў да прахадной каля 7:00. Да яго адразу падышоў амапавец і загадаў ісці на працу.

«Я кажу яму ў адказ, што мая змена пачынаецца а 8:00, а цяпер толькі 7:15, – апавядае Сяргей. – А ён усё роўна : «Так, хутка на працу». Я пытаю, што гэта значыць, хто ён такі, каб загадваць мне ісці на працу. Тады мяне двое ўзялі пад рукі, трэці дручком у спіну штурхае, і так яны сталі гнаць мяне ў бок прахадной. Але потым перадумалі. Нейкі начальнік крыкнуў ім: «Куды вы яго цягнеце? Ён праз 5 хвілінаў выйдзе назад, тут яшчэ месца ё ў аўтазаку, давай сюды».

Сяргей Шэлест, былы рабочы «Горадня Азоту».
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Праз тры гадзіны Сяргея адпусцілі. Ён вярнуўся на завод і напісаў заяву пра далучэнне да страйку. У той жа дзень быў звольнены за нібыта прагулы з 1 да 7 кастрычніка. Гарадзенца сапраўды ў гэтыя дні не было на працы, але ён не гуляў, а быў у ІЧУ, куды трапіў пасля затрымання на адной з гарадзенскіх вуліцаў.

Звольнілі таксама ўсіх, хто 26 кастрычніка далучыўся да страйку.

Усё больш азотаўцаў далучаюцца да незалежнага прафсаюзу

Сяргей кажа, што цяпер у цэху «Аміяк-3» змены працуюць не ў поўным складзе. На замену дасведчаным працаўнікам паставілі стажораў і студэнтаў, якія яшчэ не здалі ўсіх патрэбных допускаў да працы. З васьмі аператараў на цэнтральным пульце кіравання цяпер працуюць 4-5, кажа Сяргей. Ім прапанавалі падвойную аплату – яны і пагадзіліся.

«Мы ім казалі: хлопцы, мы столькі гадоў прапрацавалі плячо да пляча, разам, вы ж таксама казалі, што вы за нас, а цяпер вось так нас падстаўляеце – нас арыштоўваюць, звальняюць, а вы працуеце, – пераказвае Сяргей. – Яны галовы паапускалі: «А што мы можам зрабіць? У нас дзеці, крэдыты, сямʼю карміць». І гэта зразумела. Але як вы далей будзеце жыць? Няўжо месяц ці два нельга патрываць дзеля нашай агульнай перамогі?»

Сяргей Шэлест, былы рабочы «Горадня Азоту».
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Некалькі чалавек з тых, каго звольнілі, з’ехалі за мяжу, кажа Сяргей Шэлест. Яшчэ адзін пайшоў працаваць у таксі. Звольненым дапамагаюць, напрыклад, валанцёры дасылаюць харчы. Сяргей пакуль нідзе не працуе, развівае незалежны прафзвяз, які працаўнікі «Аміяку-3» стварылі адразу пасля выбараў ды ўсім цэхам выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу.

«Падняўся шум: «Ды што вас не задавальняе? Вы ж і падарункі атрымлівалі да Новага года, і ў санаторыі ездзілі», – кажа Сяргей. – Але ў якія санаторыі? Я не ездзіў. А падарункі – навошта яны нам патрэбныя? Тым больш, каб за гэта штомесяц з заробку вылічвалі даволі значную суму на карысць дзяржавы».

Паводле Сяргея, усё больш азотаўцаў далучаюцца да незалежнага прафсаюзу.

Як можна ўсё кінуць і сядзець удома?

Сяргей кажа, што цяпер разам з былымі калегамі ды аднадумцамі спрабуе данесці да работнікаў інфармацыю, што забастоўка ў сённяшніх умовах – адзіны эфектыўны спосаб паўплываць на сітуацыю, пераконвае, што не трэба баяцца сыходзіць у страйк – заўсёды будзе дапамога. Пагатоў, паводле тых, хто яшчэ працуе, ёсць інфармацыя, што «Аміяк-3» і без забастоўкі «пачысцяць» ад ненадзейных працаўнікоў.

Hавiны
«АМАП крычаў: вы будзеце працаваць на нас». Азотаўцы – пра страйк і звальненні
2020.10.30 10:50

«Спыненне «Азоту» нават на два тыдні прымусіла б улады сурʼёзна задумацца, – адзначае гарадзенец. – Натуральна, важна выказваць свой пратэст на вуліцах, але цяпер, калі так жорстка збіваюць, пагражаюць крымінальнымі справамі, я разумею тых, хто баіцца выходзіць. Гэта я малады, халасты, мне няма за каго баяцца, акрамя сябе. І тое, мама за мяне вельмі перажывае. Але як можна гэта ўсё кінуць і сядзець удома?»

Сяргей не сядзіць – і трапляе на содні. Гарадзенца затрымалі 1 лістапада, асудзілі на пяць дзён арышту. Цягам трох содняў ягоным блізкім не давалі ніякай інфармацыі. Толькі пасля таго, як медыі пачалі пісаць пра знікненне Сяргея, ягонай маці сказалі, што ён на соднях. Гэтым разам, кажа Сяргей, у ІЧУ ён перажыў сапраўднае катаванне: усе тры дні яго выклікалі на допыт а 12:00 і ў камеру вярталі а 15:00, такім чынам пакідаючы мужчыну без абеду.

  • Пратэсты на «Горадня Азоце» пачаліся ад раніцы 26 кастрычніка. Яны сталі адказам на заклік Святланы Ціханоўскай далучыцца да Народнага Страйку і патрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

НА belsat.eu

Стужка навінаў