Казахстан запатрабуе кампенсацыю ад «Транснефть» за забруджаную нафту


Казахстан мае намер запатрабаваць ад расейскага трубаправоднага аператара «Транснефть» кампенсацыю за забруджаную пры транзіце праз Расею нафту, паведаміў віцэ-міністр энергетыкі Казахстана Асет Магаўаў, піша Reuters.

Нафта, што ідзе на экспарт, куды паступае ў тым ліку транзітная сыравіна з Казахстану, у канцы красавіка і пачатку траўня паступала з высокім утрыманнем арганічнага хлору, і пакупнікі адмаўляліся прымаць забруджаныя грузы ці патрабавалі дадатковых зніжак на партыі.

«З улікам таго, што мы здавалі кандыцыйную нафту, а атрымалі ад «Транснефть» некандыцыйныя нафту, дамоваю прадугледжана, што павінна быць кампенсацыя з боку «Транснефть», – сказаў Магаўаў.

Ён удакладніў, што цяпер перамовы пра кампенсацыю вядзе «Казтрансойл», але яе памер пакуль не вызначаны.

«Спачатку кампаніі, якія прадалі нафту, дамовяцца з пакупнікамі пра памер зніжак, і потым гэта ўсё будзе кансалідаванае, і «Казтрансойл» правядзе асобна перамовы з «Транснефть», – сказаў віцэ-міністр.

Ён адзначыў, што з Усць-Лугі было адгружана каля 600 000 тон забруджанай нафты ці шэсць танкераў, два танкеры з 200 000 тон казахстанскай сыравіны з 10 па 15 траўня сышлі з чыстай нафтай.

Трэйдары ацэньваюць зніжкі на забруджаную нафту ў дыяпазоне 10-20 долараў за барэль да адпаведных каціровак Urals у іншым балтыйскім порце Прыморск, дзе якасць гатунку захавалася.

Віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак паведаміў, што расейская нафтатранспартная дзяржкампанія «Траснефть» кампенсуе шкоду ад забруджанай нафты з РФ ўсім, хто дакажа рэальныя страты.

Пастаўкі нафты з Казахстана праз расейскі порт Усць-Луга ў 2018 годзе склалі каля 12 % ад агульнага абʼёму экспарту Казахстана, які склаў 72,5 мільёнаў тон.

Расея знайшла альтэрнатыву беларускаму нафтаправоду «Дружба»

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары