Карупцыя дабралася да Адміністрацыі прэзідэнта. Пра гэта распавяла Наталля Качанава


Наталля Качанава

Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава прызнала, што ў ейным ведамстве адбыўся карупцыйны скандал.

Чыноўніца канстатавала, што ў Беларусі да гэтага часу сустракаюцца абуральныя выпадкі карупцыйных злачынстваў.

«Так, у бягучым годзе раскрытая злачынная дзейнасць службовых асобаў у сістэме Мінтранса, Мінэнерга, Міністэрства аховы здароўя, Менгарвыканкаме. На жаль, і ў адміністрацыі прэзідэнта быў выяўлены такі факт – спынена злоўжыванне службовым становішчам з боку начальніка аддзелу», – цытуе Качанаву БелТА.

Праўда, імя начальніка аддзелу яна не назвала. Таксама Качанава не ўдакладніла, пра якія злоўжыванні ідзе размова.

Заява Качанавай зроблена на фоне гучнай карупцыйнай справы медычных функцыянераў. Як 25 чэрвеня распавёў старшыня КДБ Валеры Вакульчык, праваахоўныя органы затрымалі больш за 50 чалавек. Карупцыйная схема была звязаная з пастаўкамі медычнага абсталявання, на хабары сыходзілі мільёны долараў, кажуць у КДБ.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары