Каронавірус распаўзаецца па Беларусі. Адчуванні падвялі Лукашэнку

Да 1 486 вырасла ў Беларусі колькасць інфікаваных каронавірусам, памерла ўжо 16 чалавек. Такія афіцыйныя дадзеныя на раніцу 9 красавіка. За суткі пацверджана 420 новых выпадкаў заражэння (рост на 39,4%). Гэтая дынаміка абвяргае закалыхваючае разважанне афіцыйнага лідара.

«…Мы цяпер (гэта мае адчуванні, зыходзячы з лічбавага аналізу захворвання) знаходзімся на піку», – гэткі пасаж ад Аляксандра Лукашэнкі прагучаў 31 сакавіка. Тады было вядома пра 152 выпадках заражэння.

Як бачым, з тых часоў паказнік падскочыў амаль у дзесяць разоў. І гэта далёка не столь. Выступаючы 9 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што «на сённяшні момант захворванне развіваецца. Наша задача – каб яно развівалася не па экспаненце, а больш плаўна мы выходзілі на пік». Міністр спадзяецца, «што на пік захворвання мы выйдзем у канцы красавіка – пачатку траўня».

Hавiны
Міністр аховы здароўя распавёў, калі чакаць піка эпідэміі каронавіруса ў Беларусі
2020.04.09 13:01

Ілжывая дылема

Інакш кажучы, адчуванні моцна падвялі беларускага прэзідэнта. Ён трохі змяніў тон. Калі спачатку дазваляў сабе жартачкі ў духу, што трактар (то бок цяжкая праца) усіх вылечыць, грэбліва выказваўся пра памерлых (хтосьці дарма хадзіў па вуліцы, хтосьці шмат важыў, і наагул у іх быў і ўзрост, і букет хвароб – чаго вы хочаце?), то цяпер дэманструе элементы заклапочанасці. На пазаўчарашняй нарадзе падкрэсліў:

«Мы павінны змагацца за кожнага чалавека, асабліва калі гаворка ідзе пра старых».

Але ў цэлым Лукашэнка працягвае гнуць ранейшую лінію, называе сусветную заклапочанасць пандэміяй псіхозам, апраўдвае тактыку гарнавога ўздзеяння на вірус. Маўляў, татальны каранцін зладзіць – як раз плюнуць, заўтра магу на вуліцы вайскоўцаў і АМАП вывесці (чамусьці адразу на першым плане сілавое здушэнне), «але жэрці што будзем?» І як вы, маўляў, дыстанцыйна кароў падоіце?

Але калі беларускае кіраўніцтва паказвае справу так, быццам ёсць толькі два варыянты – мінімалістычны, кропкавы падыход да барацьбы з эпідэміяй і жорсткі, «шкодны» каранцін, які губіць вытворчасць, то яно, як адзначае дырэктар аналітычнага цэнтру EAST (Варшава) Андрэй Елісееў, малюе ілжывую дылему.

На самой справе ёсць шэраг варыянтаў, камплект мер, якія без вялікай шкоды для эканомікі дапамагаюць давесці да мінімуму кантакты паміж людзьмі. Елісееў заклікае прыняць меры хаця б па ўзоры Швецыі.

А парад і футбол – таксама эканоміка?

І трэба сказаць, што паступова беларускія ўлады ўводзяць тыя ці іншыя меры каранціннага характару. У выніку працягнулі на тыдзень школьныя канікулы. Хоць іх можна было і абвясціць крыху раней. Абмяжоўваецца праца грамадскага харчавання, кінатэатраў. Арганізацыям рэкамендуюць па меры магчымасці пераводзіць работнікаў на дыстанцыйную працу. Спыняюцца камандзіроўкі і т. д.

Але ўлады аддаюць такія загады з відавочным спазненнем і як бы шэптам, не афішуючы. Што і зразумела: бо кіраўнік дзяржавы працягвае падкрэсліваць, што небяспека COVID-19 наўмысна раздзімаецца нейкімі злымі сіламі. А сёння на сустрэчы з кіраўніком МНС Уладзімірам Вашчанкам падкрэсліваў, што не трэба ўпірацца ў адну праблему і што на пажарах людзей гіне ў разы больш, чым ад каронавіруса.

«Усё гэта сыдзе (яно ўжо сыходзіць, вы бачыце па Еўропе, што адбываецца). А эканоміка будзе заўсёды», – сказаў сёння Лукашэнка.

Так, але Беларусь, на думку шэрагу экспертаў, проста адстае ад Еўропы па тэмпах пандэміі на некалькі тыдняў. І Еўропа дорага плаціць, пры тым што там амаль усюды меры непараўнальна больш суровыя, чым у Беларусі.

Hавiны
Польшча праз каронавірус узмацняе захады бяспекі
2020.04.09 15:39

Выкажам здагадку, што прэзідэнт баіцца за эканоміку (хоць гэта савецкі падыход, калі здароўе і жыццё людзей – на другім плане). Але ж працягваецца падрыхтоўка да параду 9 траўня, хоць пры цеснаце на трыбунах шмат якія, у тым ліку пажылыя (менавіта яны – асаблівыя аматары такіх відовішчаў), могуць як двойчы два падхапіць заразу. Шырока распаўсюджанай прыпавесцю стаў футбольны чэмпіянат, які працягваецца.

Па-добраму даўно пара адмяніць усе масавыя імпрэзы. І хоць бы для прыкладу насельніцтву загадаць чыноўнікам хадзіць на нарады ў масках. А ў прынцыпе і наменклатуры старой закваскі не грэх сучасныя тэхналогіі дыстанцыйнай працы асвоіць.

Вылазяць заганы персаналісцкага рэжыму

У кантэксце рэагавання на пандэмію Лукашэнка падкрэслівае: ЗША могуць надрукаваць шмат долараў, а калі Расея сядзіць на каранціне, то нафта працягвае цячы па трубе і прыносіць валюту. Мараль: мы не такія багатыя.

Так, але ж і Літва, і Украіна, дзе ўведзеныя больш жорсткія меры, таксама не ахці як багатыя. Дарэчы, ва Украіне пры ў чатыры разы большым насельніцтве колькасць заражаных параўнальна з беларускім, але там кіраўніцтва не лічыць гэта дробяззю. Значыць, справа ў філасофіі, маральных прынцыпах кіраўнічых элітаў.

Цалкам верагодна, што і ў Беларускай дзяржаўнай сістэме далёка не ўсе падзяляюць своеасаблівы падыход Лукашэнкі да праблемы COVID-19. На нарадзе па каронавірусе 7 красавіка прэзідэнт, дарэчы, прызнаўся, што Міністэрства аховы здароўя прапаноўвала больш рашучыя меры:

«Скажу шчыра, міністр аховы здароўя часам мне казаў: давайце фронтам. Але фронту не атрымаецца, таму што мы ў іншай сітуацыі і рэсурсы ў нас іншыя».

Зараз сумная дынаміка эпідэміі такая, што, цалкам верагодна, і Лукашэнка ў выніку дасць адмашку на тыя прапановы спецыялістаў, якім варта было даць ход значна раней. Аднак прамаруджванне можа дорага абысціся.

Пандэмія выразна высвяціла слабыя месцы пабудаванага ў Беларусі жорсткага персаналісцкага рэжыму. Уся сістэма залежыць ад меркавання аднаго чалавека. А ён, як бачым, арыентуецца на свае адчуванні. Але калі яны яго падводзяць, то ўся нацыя можа заплаціць высокую цану.

Аляксандр Класкоўскі/НЯ, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы «Меркаванні»

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў