Сталін, трыкалоры, «Слава Расеі». Як у Менску прайшла акцыя «Бессмертный полк». РЭПАРТАЖ


Акцыя "Бессмертный полк" у Менску, фота - Ірыны Арахоўскай/Белсат

Сёння, 9 траўня, у Менску адбылася самая шматлікая за ўсе гады акцыя «Бессмертный полк», арганізаваная прарасейскімі актывістамі. Спачатку гарадскія ўлады яе забаранилі, але ўчора раптоўна змянілі рашэнне і дазволілі. Па менскім праспекце незалежнасці калонай прайшлі каля 1000 чалавек.

Збор удзельнікаў прызначаны ад 9-й раніцы на плошчы Якуба Коласа. У 9.30 на пляцоўцы каля філармоніі іх ужо некалькі сотняў. Шмат мужчын сярэдняга веку ў камуфляжы, трапляюцца пажылыя з медалямі на парадных кіцелях, але бліскучыя, з сусальнага золата ўзнагароды, дачынення да Другой Сусветнай вайны не маюць – гэта падзякі ад дзяржавы за працоўны стаж, да юбілеяў Перамогі, з савецкага войска часоў Хрушчова.

Узнагароды савецкіх часоў аднаго з удзельнікаў акцыі “Бессмертный полк”, фота – Ірыны Арахоўскай/Белсат

Ёсць тут і сем’і з дзеткамі. Маладая маці вядзе старэйшага сына, апранутага ў гімнасцёрку і пілотку з чырвонай зоркай, а ў калысцы вязе маленькую дачку. На галаве ў немаўляці таксама ззяе чырвонае зорка, шапачка спаўзла на бок і закрыла ёй вочы. Час ад часу над натоўпам плыве вокліч «Ура!», а потым густа нафарбаваныя жанчыны заводзяць «Дзясяты наш дэсантны батальён».

Акцыя “Бессмертный полк” у Менску, фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Амаль усе прысутныя трымаюць плакаты з чорна-белымі партрэтамі савецкіх жаўнераў. Імаверна, сваякоў, што бралі ўдзел у вайне – у гэтым сэнс акцыі «Бессмертный полк. Першая падобная акцыя была праведзеная ў Томску ў 2011 годзе. З пачаткам анексіі Крыму і расейскай агрэсіі на Украіне яна набыла папулярнасць, і Крэмль выдаткаваў фінансаванне на «Бессмертный полк» ва ўсіх рэгіёнах Расеі і за мяжой. Як аказалася, у тым ліку і ў Беларусі. Сярод натоўпу ў Менску можна ўбачыць хлопцаў і дзяўчат у чырвоных цішотках з надпісам «Волонтёры победы». Менавіта рух з такой назвай адказны за фінансаванне акцыі. У сваю чаргу, «волонтёры» атрымліваюць грошы з федэральнага бюджэту Расеі праз «Роспатриотцентр» і «Росмолодежь».

З беларускага боку іх каардынуе грамадская арганізацыя «Русь молодая» пад кіраўніцтвам Сяргея Лушча. Інфармацыю пра акцыю распаўсюджвалі ў сацыяльных сетках, у прарасейскіх суполках. Сам Лушч на пытанне belsat.eu, хто спансіруе акцыю, адказаў: «Тут людзі ўсе шчырыя, а мы існуем за кошт унёскаў чальцоў». Паводле яго словаў, за гэтыя грошы дэманстрантам выдалі ўсю атрыбутыку. А атрыбутыкі сапраўды шмат.

Акцыя “Бессмертный полк” у Менску. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu
Акцыя “Бессмертный полк” у Менску. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Акрамя партрэтаў сваякоў, удзельнікі «Бессмертного полка» маюць банэр, сцягі, у кожнага на лацкан прышпілены тэматычны значак і георгіеўская стужка, а ў кагосьці нават напалову з расейскім трыкалорам. На прыступках філармоніі стаяць арганізатары. Афішы музычных вечароў на сценах кантрастуюць з кардонным плакатам. З плаката, падаецца, наўпрост нам у вочы, глядзіць Сталін.

«Мы звярталіся адразу туды, – паказвае пальцам угару былы дэпутат, камуніст і адзін з заяўнікаў акцыі Валеры Драко, – у Адміністрацыю прэзідэнта звярнуліся, бо хацелі, каб сёння наша шэсце ачоліў Лукашэнка. Калі нам адмовілі, то звярнуліся ў пракуратуру, потым у Менгарвыканкам, а ўчора нарэшце атрымалі дазвол асабіста ад Шораца».

Калона арганізавана пачынае рухацца па праспекце – ён перакрыты, за бяспекай сочаць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і АМАП. Цікава, што АМАПаўцы ў форме маюць святочныя бутаньеркі чырвона-зялёнага колеру, «афіцыйныя», а міліцыянты ў цывільным прымацавалі сабе на грудзі георгіеўскія стужкі.

Прысутнічае тут і кіраўнік «Казачага спасу» Пётр Шапко. Убачыўшы нашу здымачную групу, падыходзіць і выдае карэспандэнтцы:

«Між іншым, вось гэтыя савецкія людзі, – тыцкае Шапко ў фотаздымак жаўнера на плакаце, – ратавалі вашую нацыю, габрэяў!»

«І Польшчу вашую ***ную мы вызвалялі!» – умешваецца ягоны сусед.

Раптам чую як збоку хтосьці выпаліў «Слава России». Просім паўтарыць на камеру і патлумачыць, за што славіць Расею.

«Сёння мне хацелася падкрэсліць, што мы адзіныя з Расеяй, таму я прыйшоў з расейскай стужкай. Беларускай проста не знайшлося дома», – тлумачыць ён.

Чалавек з надпісам на майцы “Вежливые люди”. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu
Сяргей Ланавенка – прарасейскі актывіст, які прыйшоў на акцыю “Бессмертный полк” у майцы сімволікай “ДНР”. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Ужо вядомы па акцыях НОД актывіст Сяргей Ланавенка сёння таксама далучыўся да шэсця «Бессмертного полка». Партрэтам дзядулі ён спрабуе прыкрыць цішотку з сімволікай «ДНР».

Актывістка «Русі маладой», якая стаіць побач, на просьбу пагутарыць апускае вочы і адразае: «З фашыстамі не размаўляем». Дзе дзяўчына ўбачыла фашыстаў незразумела.

За яе спінай вырастае каранасты хлопец гадоў 25-ці.

«Вельмі прыемна, Андрэй. Прыходзьце да нас, як удзельніца! Хто фінансуе? Дык гэта ж не сакрэт, мы атрымліваем грошы ад пераважна расейскіх фондаў. Фонд «Русский мир», «Фонд Горчакова»… А што, наш кіраўнік не казаў вам?»

Трое дзяўчат з 20-й школы распавялі нам, як настаўнікі сказалі: трэба па 12 чалавек ад класу на акцыю. Прычым не толькі на афіцыйнае святкаванне, але і на «Бессмертный полк».

Акцыя “Бессмертный полк” у Менску. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

«Хто падыме рукі – той малайчына, а хто не – той не малайчына. Пазганялі, карацей…», – смяюцца падлеткі.

Раптам мы адчулі гук выбуху ў падземным пераходзе. Адтуль пайшоў дым, з’явіўся непрыемны пах. Аказалася, гэта ў хлопца ў заплечніку перагрэўся і выбухнуў акумулятар. Міліцыя з’явілася на месцы здарэння не адразу. А запыханы міліцыянт, які потым падбег, патлумачыў: яму «не дазволена сыходзіць са свайго месца».

***

Праз гадзіну ля імправізаванага КПП на Плошчы Перамогі збіраецца натоўп. Людзі праходзяць праз металашукальніка вельмі павольна, у цісканіне… Сонца моцна прыпякае, камусьці робіцца блага, да яго бягуць фельчары «хуткай». Паступова ўдзельнікі стамляюцца чакаць у чарзе і пачынаюць распаўзацца па цяністым дворыку. Мужчына з загарэлым простым тварам лаецца:

«Не, блін, ну што гэта за акцыя?! Вось у Маскве, памятаю, 70 тысяч чалавек чакалі прыезду Вовы. Во там выдатна было! І намёты, і каша, і тое-сёе. А калі чарга і стаяла – дык толькі ў туалет».

Кацярына Андрэева, фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары