«Кантралюемы хаос» ксяндза Паўла з Гожы


Долары 1920-х гадоў, дазвол на працу святаром часоў СССР, каменная сякера, знойдзеная ў пуні, шкляная мухалоўка… Што яшчэ захоўваецца ў калекцыі ксяндза-краязнаўцы, які стварыў свой музей на беларуска-літоўскім памежжы?

Мястэчка Гожа на поўнач ад Горадні схавалася ў лесе непадалёк ад стромкага берагу Нёмна. Паркуем аўто побач са старым касцёлам ды ідзем праз луг да плябаніі – падворку ксяндза з сядзібай, па-над якой шэрай стужкай цягнецца дымок. «Праходзьце ўніз!» – ксёндз Павел Шанчук запрашае ў скляпенні будынку, дзе і месціцца ягоная калекцыя.

Ксёндз Павел Шанчук. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Звычайна кажуць, што нічога няма, але…»

«Яшчэ ў школе гісторыя была маім улюбёным прадметам, – распавядае ксёндз Павел, пробашч парафіі Св. Пятра і Паўла ў Гожы, – Увесь час нешта калекцыянаваў: манеты, маркі. Марыў пабываць у Грэцыі, дзе ўсё прапітана гісторыяй… Ну, а калі ўжо прыйшоў у Гожу, год 16 таму, пачаў тут збіраць калекцыю, якую зараз бачыце».

Малітоўнік з кароткай гісторыяй Гожы, з якога ўсё пачалося. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паводле ксёндза Паўла, калекцыя пачалася з невялічкага малітоўніка, выдадзенага ў Вільні ў 1931-м годзе. Уклаў яго Юзаф Лукашэвіч, гажанскі арганіст. На пачатку кніжачкі змешчаная кароткая гісторыя парафіі, чытай, гісторыя Гожы і ваколіцаў. Ну а далей ужо ідуць песні да Божай Маці ды малітвы. У нейкім сэнсе наш герой працягвае справу арганіста, бо гістарычны раздзел для сайту Гажанскай парафіі падрыхтаваў менавіта ён.

«Пасля ўжо я пачаў рэгулярна ездзіць па сваёй парафіі, заходзіць у хаты, – працягвае ксёндз Павел, – Звычайна кажуць, што нічога няма. Але калі кінуць вокам ці залезці на гарышча – колькі ўсяго знойдзецца! Недзе пад дахам, напрыклад, я неяк знайшоў будзільнік з маркіроўкай гарадзенскай крамы 1930-х гадоў. Адзін крыж мне так і не аддалі: ён быў зроблены з запалак нашымі землякамі, сасланымі ў Сібір…»

Будзільнікі, што прадаваліся ў Горадні ў 1930-х. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Падагналі танк, учапілі тросамі за вежы ды разбурылі»

Ксёндз Павел кажа, што звычайна не плоціць за рэчы: людзі аддаюць самі тое, што непатрэбна. Крыжыкі, медальёнчыкі, старыя дакументы, кнігі, званочкі, вагі… На пытанне пра самы каштоўны экспанат у святара ўжо гатовы адказ: калекцыя фотаздымкаў:

«У мяне багата здымкаў побыту жыхароў наваколля 1920-30-х гадоў. Вось, нехта калядуе, а тут – на чоўне плывуць праз Нёман. Маю ўнікальную калекцыю здымкаў з Пералому, гэта за 15 км адсюль. Там стаяў касцёл і кляштар манахаў-капуцынаў. У 1980-х храм знішчылі: падагналі танк, учапілі тросамі за вежы ды разбурылі… Зараз на тым месцы стаіць адно каплічка, у якой двойчы на год адбываецца імша».

Паляўнічы, здымак зроблены ў 1930-я. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Збіральнік паказвае адну за адной карткі памерам 9 на 12 см, 6 на 9 ці яшчэ драбнейшыя. На кожным здымку застыў мясцовы мікракосмас 80-90-гадовай даўніны: манах-капуцын са стрэльбай пасля палявання, унутраныя ўпрыгожванні касцёла Св. Юрыя ў Пераломе, барадатыя манахі разам з мясцовымі жыхарамі. Штодзённасць сусвету, які сышоў назаўсёды: «Гэтага не вернеш, гэта памяць у фотаздымках», – паціскае плячыма ксёндз Павел.

Дубовы човен, выдзеўбаны з цэльнага камля, хадзіў яшчэ ў 1990-я. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Каб зацягнуць човен, здымалі раму з вакна

На падлозе музейнага памяшкання ля сцяны ляжыць вялізны камель дрэва. Прыгледзішся – дык гэта ж човен! Сапраўдны, выдзяўблены з цэльнага дубовага камля. Таму і завуць яго – «дзяўбёнка». Цікава, што яшчэ ў 1990-х на гэтым чоўне людзі хадзілі па Нёмне, як распавядае наш гід:

«Човен ляжаў прытоплены ў раёне Прывалкі, ля самай літоўскай мяжы. На яго ўжо і вока паклалі літоўцы, але наш парафіянін сюды прыцягнуў. Гэта дуб, таму дрэва нават у вадзе выдатна захавалася! Цяжка дакладна сказаць, якога ён часу, але мадэль вельмі архаічная… Праз памеры мы яго праз дзверы зацягнуць не змаглі: давялося здымаць раму і праз вакно».

Нёман для мясцовых заўсёды быў галоўнай транспартнай артэрыяй. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Качагар, а «па сумяшчальніцтве – ксёндз»

На стэндзе з іржавым сярпом і драўляным молатам, які прысвечаны часам СССР, святар паказвае цікавы дакумент. Гэта – «Даведка аб рэгістрацыі служыцеля культу», выдадзеная ў 1960-м годзе. Паводле пячатак яе тэрмін дзеяння яшчэ падаўжалі некалькі разоў.

Іржавы серп і драўляны молат – сімвалы эпохі СССР. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Такую паперчыну павінен быў мець кожны ксёндз, а інакш – ён паза законам, – распавядае кс. Павел, – Цікава, што гэтая менавіта належала мясцоваму ксяндзу, але тут напісана, што ксяндзом той працуе «па сумяшчальніцтве». Чаму? Бо асноўная праца – качагар! Не мог чалавек толькі ксяндзом працаваць, разумееце?»

Долары, схаваныя мясцовымі жыхарамі за печкай і… забытыя. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Пра ўсе экспанаты музею распавесці наўпрост немагчыма. Гэта і долары ЗША 1920-х гадоў: спадчына кантрабандыстаў ці грошы, прывезеныя з заробкаў. І бутэлька 1918-га году, усярэдзіне якой нейкі ўмелец выбудаваў драўляную кампазіцыю з галгофскім крыжам. І шкляная мухалоўка, у якую налівалі сіроп ды заманьвалі паразітаў… «Гэта кантралюемы хаос, – усміхаецца ксёндз Павел, – без сістэмы. Мне акурат так падабаецца. Наведнікам, зазвычай, таксама!»

Кампазіцыя з галгофскім крыжам у бутэльцы, 1918-ы год. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў