Камфортна ды нядорага. Эксперт раскрыў логіку падаражэння камунальных паслугаў


Сярод зменаў, якія прыйшлі з новым годам, важнае месца займае рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Журналісты «Белсату» разам з экспертамі паспрабавалі зразумець, наколькі падаражэнне апраўданае.

Што падаражэла і як

З 1 студзеня сумарна на $ 3,5 выраслі тарыфы на газ, электрычнасць, халодную ваду, каналізацыю, капітальны рамонт, вываз смецця, утрыманне пад’езду ды ліфту. Важны нюанс: такі рост разлічаны для тыпавой двухпакаёвай кватэры з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні паслугаў. Калі памеры кватэры большыя, або там пражывае больш людзей, або спажыванне паслугаў перавышае норму, то і квітанцыя пацяжэе больш, чым на $ 3,5.

Hавiны
Што змянілася ў Беларусі з 1 студзеня?
2020.01.01 12:40

Тарыф на электрычнасць для тых, у каго ёсць газавыя пліты, павялічыўся на Br 0,0155 да Br 0,1901 за кВт*г, у каго электрычныя – на Br 0,0132 да Br 0,1616 за кВт*г.

Поўны тарыф на тэхабслугоўванне ў Менску вырас да Br 0,1274 за квадратны метр (было Br 0,1216). Тарыф на тэхабслугоўванне ліфту складзе Br 1,49 на аднаго чалавека, на водазабеспячэнне – Br 0,8851 (было Br 0,8338) за 1 кубаметр, на каналізацыю – Br 0,5651 (было Br 0,5518). Што датычыць газу, то пры наяўнасці лічыльнікаў тарыф вырас да Br 0,1205 за кубаметр (было Br 0,1143), пры іх адсутнасці – да Br 0,4213 (было Br 0,4114).

На 4 капейкі вырас ільготны тарыф на тэхабслугоўванне ліфта – да Br 1,44. Ільготны тарыф на капітальны рамонт жылога дому павялічыўся да Br 0,13 за 1 квадратны метр (было Br 0,1001), на водазабеспячэнне – Br 0,8851 за 1 кубаметр (было Br 0,8338), а на водаадвядзенне (каналізацыю) – да Br 0,7749 (было Br 0,5518). Ільготныя тарыфы на тэхабслугоўванне засталіся ранейшымі – Br 0,1187 за квадратны метр.

Да 100 % яшчэ далёка

Чарговае змяненне тарыфаў чакае беларусаў з 1 чэрвеня. Тады сумарна на $ 1,5 падаражэюць ацяпленне і гарачая вада, а таксама зноў зменяцца тарыфы на газ.

Разам з тым, калі верыць уладам, нават з гэтымі падаражэннямі да поўнай аплаты камунальных паслугаў Беларусь наблізіцца яшчэ не хутка. Па выніках 2019 года грамадзяне краіны мусілі пакрываць 80,5 % тарыфаў на «камуналку». Аплата ж 100 % запланаваная толькі на 2026 год. Пры гэтым ацяпленне ў выніку мусіць падаражэць у 5 разоў – з Br 18,4831 рубля за 1 Гкал да Br 88,99.

Hавiны
Эксперт распавёў, калі беларусы будуць плаціць 100% за камуналку
2019.03.22 13:19

Сёння беларусы, перадусім менчукі, ужо пакрываюць 100 % выдаткаў на каналізацыю, вываз смецця, асвятленне пад’езду, электрычнасць для працы ліфта і прыбіранне пад’езду. У 2019 годзе планавалася выйсці на 100 % платы за электрычнасць, але ці атрымалася – пакуль невядома.

Спачатку – мадэрнізацыя, потым – тарыфы

Выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці ў Беларусі Генадзь Калёнаў у каментары belsat.eu назваў тактыку беларускіх уладаў па паступовым павышэнні тарыфаў на ЖКГ цалкам лагічнай. Пры гэтым ён падкрэсліў, што прыклады субсідавання камунальны паслугаў можна знайсці нават у гісторыі ЗША.

Паводле эксперта, праверыць сярэднія тарыфы па краіне нерэальна, бо выдаткі розныя ў кожным горадзе ды раёне. Але і сам кошт пакету камунальных паслугаў сёння дастаткова нізкі ў параўнанні з краінамі падобнага ўзроўню даходаў.

З 8 снежня 2019 года ўступіў у моц указ кіраўніка дзяржавы № 327, які дазваляе ўласнікам кватэраў у старым жылым фондзе прымаць рашэнні пра эфектыўную мадэрнізацыю сваіх дамоў.

«Зноў тут умовы самыя лепшыя, калі параўноўваць з краінамі Балтыі ды краінамі СНД. Усё, што трэба ўласнікам кватэраў – гэта прагаласаваць, прыняць рашэнне за пачатак такіх працаў, абраць варыянт, які будзе ім прапанаваны, і далей усё робяць мясцовыя ўлады. І пасля таго, як усе працы будуць прынятыя, на другі месяц беларусы пачнуць пагашаць крэдыт, які даецца на 10 і 15 гадоў у залежнасці ад даходаў, беспрацэнтны, у беларускіх рублях, без якіх-небудзь закладаў. І такія ўмовы на сённяшні дзень самыя лепшыя», – падкрэсліў Генадзь Калёнаў.

Паводле яго, сёння беларусы «знаходзяцца ў вельмі камфортным юрыдычным полі, і гэта зусім нядорага каштуе».

Аб’ектыў
Бягучы рамонт гэтага дому запісалі як капітальны – і вось што было далей
2019.12.29 21:54

Адразу падвысіць тарыфы да 100 % – гэта балюча

Эксперт мяркуе, што аднаразова не трэба павышаць камунальныя тарыфы да 100-адсоткавага ўзроўню.

«Логіка ў тым, што спачатку нашы грамадзяне змогуць паўдзельнічаць у праграме энергаэфектыўнай мадэрнізацыі жылля. І да таго моманту, калі спажыванне энергіі ў дамах з дапамогай гэтай праграмы можа быць зніжанае ў два разы, тады падвышаюцца тарыфы на электраэнергію. Такім чынам, гэта цалкам у інтарэсах грамадзянаў», – адзначыў суразмоўца.

На яго думку, аднаразовае павелічэнне тарыфаў было б «вельмі балючым», а правядзенне такой меры пасля энергаэфектыўнай мадэрнізацыі дамоў дазволіць прасцей сустрэць поўныя тарыфы ў 2026 годзе.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў