Эксперт распавёў, калі беларусы будуць плаціць 100% за камуналку


Жыхары Беларусі ў 2019 годзе з улікам павышэння тарыфаў з 1 студзеня будуць кампенсаваць прыблізна 80,5 % выдаткаў за жыллёва-камунальныя паслугі. Пра гэта распавёў 21 сакавіка намеснік начальніка ўпраўлення паліўна-энергетычнага комплексу, нафтахіміі ды ЖКГ Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Дзмітрый Бурдзюгоў, перадае БелТА.

У тым ліку беларусы будуць аплачваць 100 % выдаткаў электраэнергіі. У газазабеспячэнні стоадсоткавае пакрыццё выдаткаў запэўняць толькі ўладальнікі газавых плітаў. Да 20 % выдаткаў энергіі на ацяпленне кампенсуюць грамадзяне, паведаміў чыноўнік.

Аб’ектыў
Заробак выдаюць прадуктамі, але за няплату камунальных – адключаюць святло і газ
2019.03.21 21:10

Адзначым, што па выніках 2018 года беларусы мусілі ўзяць на сябе 76,3 % выдаткаў жыллёва-камунальных службаў. Сёння беларусы, перадусім жыхары Менску, пакрываюць 100 % выдаткаў на каналізацыю, вываз смецця, асвятленне пад’езду, электрычнасць для працы ліфта і прыбіранне пад’езду.

Што цікава, раней беларусы ўжо аплачвалі цалкам і электраэнергію (нават пераплачвалі), і практычна цалкам ацяпленне, але пасля сітуацыя змянілася. Гэтак, у далёкім 2003-ім грамадзяне краіны пакрывалі 107 % выдаткаў на электраэнергію і 98 % за ацяпленне.

Hавiны
Беларусы не будуць цалкам аплочваць камунальныя паслугі, бо дзяржаве гэта нявыгадна?
2018.11.16 17:58

У каментары belsat.eu Генадзь Калёнаў, выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці, адзначыў, што рэшту 19,5 %, якія не аплачваюць беларусы, пакрывае субсідаванне цеплаэнергіі.

«Тут якраз вельмі вялікі перакос, бо насельніцтва аплачвае менш за 20 % кошту цеплаэнергіі. Усе астатнія пазіцыі практычна выйшлі на стоадсоткавую акупнасць. Але варта разумець, што ідзецца пра сярэднестатыстычную лічбу», – сказаў ён.

Напрыклад, тэхнічнае абслугоўванне ў сярэднім па краіне аплачваецца на 100 %, але пры гэтым жыхары панэльных пяціпавярховікаў з мінімумам інжынерных сістэмаў трошкі пераплачваюць адносна сабекошту, а жыхары шматпавярховікаў, дзе шмат розных сістэмаў, наадварот, недаплачваюць. Аднак у сярэднім атрымаецца лічба 100 %.

«Таму, калі мы кажам пра выхад на 100 %, мы кажам пра сярэднюю лічбу, бо асобныя хатнія гаспадаркі пераплачваюць, а асобныя недаплачваюць», – заявіў эксперт.

ВІДЭА
«Гэта будзе бомба!» Жыхар Віцебску выявіў «найгрубейшыя памылкі» пры аплаце за ваду
2019.03.07 10:40

Ён падкрэсліў, што сярэднестатыстычныя лічбы не ёсць рынкавымі. «Яны проста сярэднія. Але на 100 % [у шмат якіх пазіцыях. – Заўв. belsat.eu] сапраўды сёння выйшлі за кошт зніжэння выдаткаў, за кошт таго, што з гэтай сферы прыбралі нямэтавыя затраты, больш-менш навялі парадак», – падкрэсліў Генадзь Калёнаў.

Але, заявіў ён, каб выйсці на сабекошт у аплаце цеплаэнергіі, неабходна адначасна павялічыць яе кошт для грамадзян.

«Як вы цудоўна разумееце, ніхто гэтага рабіць не будзе. І калі гэта адбудзецца – пытанне не эканомікі, а палітыкі. Калі будзе прынятая такая пастанова, тады гэта і адбудзецца», – мяркуе суразмоўца.

Што датычыць магчымасці далейшага зніжэння выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі, дык, на думку чыноўніка, бясконца зніжаць выдаткі немагчыма. Пасля пэўнай мяжы гэта можна зрабіць толькі за кошт зніжэння якасці, але тады ўзнікае пытанне, ці варта гэта рабіць, падкрэсліў Генадзь Калёнаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў