Што змянілася ў Беларусі з 1 студзеня?


Навагодняя ноч – гэта не толькі змена адной даты на іншую, але і шэраг новаўвядзенняў і змяненняў, якія ўступілі ў Беларусі ў моц з 1 студзеня 2020 года. Карэспандэнты belsat.eu паглядзелі, што змянілася ў нашай краіне за ноч.

Пенсійны ўзрост павялічыўся на паўгода

Пенсійны век беларусаў з 1 студзеня склаў 62 гады для мужчын і 57 гадоў для жанчын. Таксама змяніўся страхавы стаж (мінімальная колькасць гадоў, за якія трэба плаціць унёскі ў ФСАН) – ён вырас да 17,5 гадоў.

Аб’ектыў
Новае ў працы беларусаў: рост пенсійнага ўзросту і мужчынскі дэкрэтны
2019.12.31 21:33

Пры гэтым уводзяцца штомесячныя даплаты да пенсіяў непрацуючых грамадзянаў, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага веку. На дадатковыя выплаты змогуць разлічваць тыя, хто мае адначасова навуковую ступень доктара навук і вучонае званне прафесара. Памер даплаты складзе 370 рублёў.

Вырас мінімальны заробак

З 1 студзеня памер мінімальнай заработнай платы павялічыўся адразу на 13,6% – да 375 рублёў. Калі праца работніка пры поўным працоўным дні будзе аплачвацца ніжэй за гэтую суму, наймальнік здзейсніць парушэнне працоўнага заканадаўства. Памер мінімальнага заробку зраўнаваны з памерам мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Павялічылася базавая велічыня

Hавiны
Больш за 2,5 мільёны беларусаў жывуць меней, чым на мінімальны спажывецкі бюджэт
2019.09.30 12:07

З 1 студзеня вырас і памер базавай велічыні – з 25,5 да 27 рублёў. Адпаведна, вырастуць і памеры штрафаў, збораў і мытаў, якія прывязаныя да памеру базавай велічыні. Але таксама зменяцца дапамогі па беспрацоўі і студэнцкія стыпендыі.

Павелічэнне кошту паслуг ЖКГ

Кошт жыллёва-камунальных паслугаў з 1 студзеня павышаны на $ 3,5. Гэта датычыць тарыфаў на паслугі газа-, электра- і водазабеспячэння, а таксама водаадвядзення, па капітальным рамонце, абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі, санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дому, памеры кампенсацыі выдаткаў на электраэнергію.

Павялічыліся і кошты на прыродны і звадкаваны газ.

Hавiны
Лукашэнка падпісаў указ пра рост камунальных тарыфаў
2019.12.30 17:54

Новыя Жыллёвы і Працоўны кодэксы

Таксама пачынае працаваць абноўлены Жыллёвы кодэкс, які прадугледжвае кампенсацыю за непрыдатнае для пражывання жыллё і стварэнне адмысловых рахункаў, на якіх будуць акумулявацца сродкі для капітальнага рамонту. Такія рахункі стануць дадатковай гарантыяй захаванасці сродкаў жыхароў, бо з іх нельга ў бясспрэчным парадку спісваць сродкі або арыштоўваць іх. Спросціцца і парадак кіравання сумеснай маёмасцю.

Новаўвядзеннямі Працоўнага кодэксу стануць павелічэнне выхадной дапамогі пры звальненні праз няпоўны працоўны час, магчымасць падчас адпачынку працаваць па сумяшчальніцтве поўны працоўны дзень або змену.

Бацькі пры нараджэнні дзіцяці змогуць браць да 14 дзён водпуску. З добрасумленнымі работнікамі абавяжуць заключаць доўгатэрміновыя кантракты.

Hавiны
Улады анансуюць рост заробкаў бюджэтнікам
2019.12.30 06:30

Новая сістэма аплаты працы бюджэтнікаў

Адбудзецца і рэформа аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацыяў. Цяпер іх заробкі будуць фармавацца на падставе абноўленай тарыфнай сеткі, якая складаецца з 18 разрадаў, а не 27, як раней. Разрыў у аплаце паміж разрадамі складзе 6 %, каб стымуляваць работнікаў прасоўвацца ўверх па сетцы.

На змену тарыфнай стаўцы першага разраду прыйдзе базавая стаўка, якая істотна яе перавысіць.

Заробак цяпер будзе складацца з акладу, стымулюючых выплат (напрыклад, надбаўкі за працоўны стаж або навуковую ступень, прэміі), а таксама кампенсавальных выплат (даплат за перапрацоўкі, працу ў выходныя). Гэтая мусіць дазволіць кіраўніцтву ўлічваць спецыфіку і індывідуальныя заслугі кожнага працаўніка.

З 1 студзеня могуць з’явіцца адмысловыя цэнтры, у якія перавядуць некаторых бюджэтнікаў, напрыклад, бухгалтараў, фінансістаў, кіроўцаў, спецыялістаў па рамонце. Стварэнне такіх арганізацыяў ускладзена на выканкамы. З тымі, хто адмовіцца пераходзіць у новыя цэнтры, будуць скасоўваць кантракты.

Падаражэюць цыгарэты

Вырастуць з 1 студзеня і цэны на тытунёвую прадукцыю – ад 4 да 35 капеек у залежнасці ад маркі. З’явяцца і некаторыя новыя цыгарэты.

Hавiны
З 1 студзеня 2020 года зменяцца правілы ўвозу тавараў у Беларусь
2019.12.05 08:49

Знізяцца лімітаў на тавары з-за мяжы

З 1 студзеня скарачаюцца ліміты бязмытнага ўвозу тавараў – да € 200 і 31 кг у месяц. Таксама мыта за лішнюю вагу скароціцца з 30 % да 15 % ад сумы перавышэння вартаснай і вагавой нормы.

Калі дагэтуль за кожны кілаграм лішняй вагі бандэролі беларус плаціў не менш € 4, то цяпер гэты паказнік скароціцца да € 2.

Абноўленая праграма сямейнага капіталу

Істотна змянілася праграма сямейнага капіталу. Цяпер пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга (або наступнага) дзіцяці сем’і будуць атрымліваць Br 22,5 тыс. рублёў субсідыі (раней яна выплачвалася ў доларах). Выкарыстоўваць гэтыя сродкі цяпер можна будзе датэрмінова, не чакаючы паўналецця дзіцяці, але толькі на адпаведную нагоду – напрыклад, лекаванне, неабходнасць аплаты адукацыі або паляпшэння жыллёвых умоў, і распараджэнне ад мясцовага выканаўчага органа ўлады.

Таксама пачне працаваць база дадзеных шматдзетных сем’яў. На сёння туды ўнесена асабістая інфармацыя аб 106 тыс. шматдзетных сем’яў (пакуль толькі прозвішча, імя, грамадзянства і месца пражывання). З новага года база пачне папаўняцца звесткамі аб выдачы пасведчання шматдзетнай сям’і, узнагароджанні ордэнам Маці, дапамогі ды сямейны капітал.

Недамінаваныя рублі можна абмяняць толькі ў Нацбанку

Беларускія рублі ўзору 2000 года з 1 студзеня можна абмяняць на актуальную валюту толькі ў Нацыянальным банку. Абмен будзе праводзіцца без збірання камісіі аж да 31 снежня 2021 года.

Hавiны
10 рублёў за легендарнага «зайчыка». Менская крама выпусціла лімітаваную серыю пінаў
2019.06.28 11:58

Пошта пачне браць камісію за АРІП

З 1 студзеня «Белпошта» будзе браць камісію за правядзенне кожнага плацяжу праз АРІП – 60 капеек. Плацяжы наяўнымі або карткай праз плацежна-даведачныя тэрміналы падлягаць камісіі не будуць.

Яе таксама не будуць браць за плацяжы ў бюджэт, на дабрачынныя рахункі, на карысць пастаўшчыкоў асноўных і дадатковых камунальных паслуг. Акрамя таго, без камісіі будуць праходзіць плацяжы ў карысць «Белтэлекама» за тэлефон і тэлефонны сэрвіс інтэлектуальнай сеткі (ТСІС), а таксама на карысць самой «Белпошты». Удзельнікі ВАВ вызваляюцца ад камісіі.

Сельскія крамы могуць стаць «банкаматамі»

З 1 студзеня ў касах некаторых сельскіх крамаў можна будзе зняць наяўныя з банкаўскіх картак – да 10 базавых велічынь (Br 270) зараз. Для гэтага чалавеку неабходна хоць бы адзін раз разлічыцца за тавар сваёй карткай. Наступнай аперацыяй яму змогуць правесці зняцце наяўных з гэтай жа або іншай карткі.

Пакуль гэта пілотны праект, ва ўсёй краіне новаўвядзенне будзе дзейнічаць праз 2 гады.

Запрацуюць безнаяўныя разлікі па QR-кодзе

Юрыдычныя асобы і ІП змогуць разлічваць пакупнікоў не толькі па банкаўскіх картах, але і з выкарыстаннем QR-кодаў і мабільных дадаткаў. Такім чынам, купіць тавар можна будзе нават не маючы з сабой банкаўскай карткі. Давядзецца толькі ўсталяваць на смартфон адмысловы дадатак.

Беларусь на чале ЕАЭС і АДКБ

Hавiны
Станіслава Зася зацвердзілі генсакратаром АДКБ
2019.11.28 11:50

Беларусь з 1 студзеня пачынае старшынстваваць у органах Еўразійскага эканамічнага саюзу – Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась з 1 студзеня заступае на пасаду генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Мыты на нафту зніжаюцца

Беларусь з 1 студзеня зніжае экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы ЕАЭС. Стаўка экспартнага мыта на сырую нафту складзе $ 77,2 за 1 т (раней – $ 90,5). Мыта прамагонны бензін зніжана з $ 49,7 да $ 42,4 за 1 т, на таварныя бензіны, лёгкія і сярэднія дыстыляты, дызельнае паліва, бензол, талуол, ксілолы, змазачныя і іншыя алівы – з $ 27,1 да $ 23,1 за 1 т.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў