У Літве – чарговыя вайсковыя вучэнні з удзелам чатырох тысяч жаўнераў NATO. Мы з’ездзілі на базу ў Пабрадзе, каб паразмаўляць з імі, а таксама запыталі экспертаў, якім будзе адказ беларускага кіраўніцтва, якое яшчэ нядаўна нервова рэагавала на палову тысячы амерыканцаў каля нашай мяжы.
Прадстаўнікі адзінаццаці краінаў Альянсу, падзеленыя на гэтак званых чырвоных і сініх, будуць два тыдні за 15 кіламетраў ад Беларусі вучыцца нападаць і абараняцца на палігоне ў Пабрадзе.
Кажа камандзір батальёну 1-й дывізіі кавалерыі Арміі ЗША ў Літве падпалкоўнік Стывэн Джонсан:
«Мы тут, каб супрацоўнічаць з літоўцамі. Гэта місія адпужвання і частка аперацыі «Атлантычная рашучасць». Яе мэта – наладзіць гатовасць паміж намі, спраўдзіць здольнасці літоўскага войска ды яго партнёраў».
Назва вучэнняў – «Жалезны воўк» – цалкам супадае з назваю матарызаванай пяхотнай брыгады, якая базуецца пад Руклай, і складзе касцяк літоўскіх удзельнікаў манеўраў.
Каментуе Аляксандр Алесін, вайсковы аглядальнік, Менск:
«Жалезны воўк» – гэта, можна сказаць, брыгада спецназу, калі казаць па-нашаму. Яны надзвычай добра падрыхтаваныя, натрэнаваныя на індывідуальную працу. Вядуць дыверсійна-выведную дзейнасць. І што яны там адпрацоўваюць, яны да канца не скажуць».
Галоўны партнёр літоўскіх вайскоўцаў у вучэннях – шматнацыянальны батальён NATO ў Літве. У той жа час у нашых паўночных суседзяў перад манеўрамі дыслакавалі другі замежны батальён NATO – амерыканскі. Афіцыйная версія вучэнняў – паляпшэнне ўзаемадзеяння паміж сіламі чальцоў Альянсу. Простымі словамі – даць жаўнерам з адной часткі свету прывыкнуць да незвычайнага для іх надвор’я і краявідаў, акцэнту англійскай мовы.
Гаворыць Мэт’ю Нубэль, сяржант з 1-й дывізіі кавалерыі Арміі ЗША:
«З мясцовымі я размаўляў адзін або два разы. Камунікацыя крыху складаная, але нам дапамагае мова жэстаў».
Логіка вучэнняў – адпрацаваць да аўтаматызму вайсковую лагістыку, навучыцца хутка перакідваць жаўнераў туды, дзе яны патрэбныя ў тую ці іншую хвіліну.
Каментуе Александрас Матоніс, вайсковы аглядальнік, Літоўскае тэлебачанне LRT:
«Ратацыйныя сілы ЗША, якія прысутнічалі тут у складзе адной роты, перакідваліся цягам дзвюх гадзінаў з Італіі, дзе дыслакаваная 173-яя брыгада ПДВ. Яны сядалі ў самалёт і пераляталі некалькі краінаў ды сядалі тут парашутным чынам».
Літоўскія эксперты кажуць, што падобную сістэму цяпер актыўна ўжывае ў сваіх вучэннях Расея.
Працягвае Александрас Матоніс:
«Пастаянна ладзіцца перакідванне войскаў на вельмі далёкія адлегласці, у вялікім складзе. Пастаянна ладзіцца праверка на боегатовасць. Вайсковыя службоўцы з сібірскіх акругаў самалётамі і цягнікамі перакідваюцца ў еўрапейскую частку [краіны]. І наадварот».
І хаця «жалезныя ваўкі» ладзяць аднайменныя вучэнні два разы ў год, той факт, што сёлета яны трэнуюцца амаль каля самой беларускай мяжы з такою колькасцю жаўнераў з такой колькасці краінаў, выклікае ў кіраўніцтва Беларусі непакой.
Уздоўж беларуска-літоўскай мяжы ўжо актыўна працуе беларуская выведка, суседнія з Літвою вайсковыя часткі пераведзеныя ў стан баявой гатовасці, а вайсковае камандаванне хутчэй за ўсё рыхтуе вучэнні ў адказ налета.
Аляксандр Алесін:
«Яны могуць насіць не назву «Захад», але дзесьці на бліжэйшых палігонах – вучэнні сілаў спецыяльных аперацыяў, стрэльбы ракетна-артылерыйскіх частак і гэтак далей».
Падчас запісу рэпартажу натаўскія вайскоўцы зладзілі інтэграцыйную сустрэчу для жыхароў гораду Анікшчаі на поўначы Літвы. Мясцовыя жыхары маглі як паразмаўляць з жаўнерам, гэтак і дакрануцца да зброі.
Жыхары гораду Анікшчаі каментуюць міжнародныя вучэнні ў Літве:
«Мы цешымся. Столькі гадоў мы былі акупаваныя – і вось цяпер мы ў такім саюзе, які, напэўна, будзе гарантаваць нам мірнае жыццё».
«Я мала ведаю пра імавернасць расейскай агрэсіі, але калі гэта здарыцца – мы абароненыя NATO».
«Гэта вельмі добрая справа! Кожны жыхар павінен ведаць, як ён будзе абаронены, і як нам абараняцца ад гэтага, скажам, ворага, які можа зʼявіцца. Як казаў Гарбачоў, небяспека пагражае – і гэта адчуваецца. Адчуваецца, што можа ўзнікнуць сусветная катастрофа. Дай Бог, каб гэтага не было».
Натаўскія стратэгі прагназуюць, што калі катастрофа (з іхнага пункту гледзішча – агрэсія Расеі) і здарыцца, гэта адбудзецца на мяжы Польшчы ды Літвы, вузкай палосцы сушы, якая ляжыць паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю. Менавіта ў Калінінградзе Расея імкліва нарошчвае цяпер сваю вайсковую прысутнасць.
Аляксандр Алесін:
«Мы адзначаем рэзкае павелічэнне колькасці расейскага кантынгенту ў Калінінградскай вобласці. Туды перакідваюцца ракетныя часткі, узброеныя брыгадамі «Іскандэр». Туды перакідваюцца С-400, танкавыя падраздзяленні. Павялічваецца групоўка флоту. Мы бачым, што Калінінградская вобласць насычаецца войскамі».
Суседзі гэта бачаць і ўсё часцей запрашаюць да сябе саюзнікаў з NATO. У адказ на гэта Расея дасылае ў раён Балтыкі яшчэ больш зброі ды войска. Сітуацыя нагадвае снежны ком, дасягнуць крытычнага памеру якому не дасць адсутнасць грошай.
Падсумоўвае Александрас Матоніс:
«Нават арганізацыя асобнага гарадка для батальёну з 500 чалавек – гэта немаленькае прадпрыемства. Каб прысутнічалі яшчэ некалькі тысячаў амерыканскіх вайскоўцаў – гэта вельмі дорага».
Базу ў Пабрадзе для амерыканцаў літоўцы пабудавалі ды ўтрымліваюць з уласнай кішэні, і каб будаваць новую, палітыкам давядзецца пераканаць сваіх грамадзянаў.
Генералаў у вайсковую гонку ўцягнулі палітыкі, а выцягнуць – эканамісты.
Дзяніс Дзюба, belsat.eu
Іншыя тэмы праграмы: