Лукашэнка «прадае» Пуціну амерыканскія танкі на мяжы Беларусі


Натаўскія вучэнні «Defender Europe – 2020» з удзелам 37 тыс. вайскоўцаў пачынаюцца ў 2019-м – амерыканскім дэсантам практычна на самай мяжы з Беларуссю. Пасля Крыму для нашых суседзяў гэткія манеўры становяцца амаль руцінай – і гэтак жа руцінна гучаць заявы Лукашэнкі пра тое, што мы павінныя даць адказ NATO. Чаму сёлетнія заявы на гэты конт гучаць яшчэ моцней?

500 амерыканскіх жаўнераў на гэтым тыдні размясціліся каля беларускай мяжы – і прабудуць тут наступныя паўгода. 30 адзінак баявой тэхнікі ўжо прыбылі ў літоўскае мястэчка Пабрадзе, яшчэ некалькі дзясяткаў прыедуць неўзабаве.

Як распавялі беларускія сілавікі, Аляксандр Лукашэнка загадаў ім «прадумаць рэагаванне» на гэты дэсант.

Гаворыць Станіслаў Зась, дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі:

«Гэта адзін з самых буйных ваенных палігонаў на тэрыторыі Літвы. Дагэтуль амерыканскіх падраздзяленняў у гэтай краіне не было. Цяпер яны там з’яўляюцца. Перш за ўсё прыбылі танкавыя падраздзяленні».

Ёсць дзве прычыны, чаму амерыканцы з’явіліся менавіта побач з беларускаю мяжою. І абедзве звязаныя з Расеяй.

Каментуе Юльюш Сабак, эксперт у пытаннях бяспекі з польскага парталу «Defence24»:

«Палігоны ў розных краінах не змянілі свайго месца з часу, калі Польшча, Літва, Беларусь і Расея былі чальцамі Варшаўскай дамовы. Усе краіны нашага рэгіёну карыстаюцца з палігонаў, якія паўсталі 50, 70 або 100 гадоў таму».

Другой прычыне – пяць гадоў. Пасля падзеяў ва Украіне ў 2014-м усе суседзі Беларусі на захад запрасілі да сябе міжнародныя батальёны NATO і рэгулярна ладзяць супольныя вучэнні як у межах Альянсу, гэтак і асобна з ЗША. На Захадзе ўпэўненыя, што імаверны ваенны канфлікт здарыцца не ў Аўстрыі або Грэцыі.

Гаворыць Лаўрынас Каcчунас з камітэту бяспекі і абароны ў Сейме Літвы:

«Гэта нашая палітыка – умацоўваць нашую незалежнасць і даць зразумець некаторым суседзям (я кажу не пра Беларусь, а пра іншых суседзяў), што гэта NATO, гэта Захад, і гэта іншыя правілы гульні».

У межах рыхтавання да манеўраў «Defender Europe», якія пройдуць увесну, амерыканцы спраўджваюць, наколькі хутка яны могуць перакінуць у Еўропу людзей і тэхніку. Загрузіць карабель дзясяткамі танкаў, пераплыць акіян і выгрузіцца – складаная аперацыя не толькі з лагістычнага, але і з культурнага боку.

Працягвае польскі эксперт у пытаннях бяспекі Юльюш Сабак:

«Для амерыканскага войска найважнейшым ёсць тое, што жаўнеры, якіх сюды могуць перакінуць, трэнуюцца ў тых самых мовах, у якіх ім давядзецца дзеяць. Яны знаёмяцца з новай культурай, з новай мовай, з тым, як, напрыклад, літоўцы, чэхі або палякі размаўляюць па-ангельску, каб потым не мець праблемаў з разуменнем іх».

Праблемы з разуменнем з’явіліся, падаецца, у Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што «гэта незразумелыя вучэнні».

Лукашэнка капіюе рыторыку расейскага Генштабу, хаця сам добра ведае, чым насамрэч ёсць NATO.

Каментуе Марус Лаўрынавічус, старэйшы аналітык Віленскага інстытуту палітычнага аналізу:

«Баланс сілаў у рэгіёне – на баку Расеі, і казаць пра нейкую пагрозу проста не мае сэнсу».

Гаворыць Лаўрынас Касчунас, камітэт бяспекі і абароны ў Сейме Літвы:

«NATO ні на каго нападаць не будзе – ні на Беларусь, ні на Расею. Мы толькі думаем, як абараняцца. Вось і ўся ідэя».

Лінас Лінкявічус, міністр замежных справаў Літвы:

«Гэта не параўноўваецца з вучэннямі «Захад», напрыклад. Мы заўсёды нацэленыя толькі на абарону».

Беларусь рэгулярна ладзіць вучэнні з Расеяй – нават на гэтым тыдні расейскія дэсантнікі трэнуюцца з беларускімі ў Берасці.

Аднак, у адрозненне ад Літвы і Польшчы, Беларусь не размяшчае ў сябе чужыя – у гэтым выпадку расейскія – батальёны. На думку экспертаў, Лукашэнка баіцца іх не менш за нашых заходніх суседзяў. І больш за ўсё Лукашэнка не хацеў бы, каб у Беларусі была прычына іх тут размясціць.

Каментуе Ігар Тышкевіч, беларускі аналітык Украінскага інстытуту будучыні ў Кіеве:

«Лукашэнка панічна баіцца такой рэчы, як мілітарызацыя рэгіёну, якая можа стаць прычынай у тым ліку прымусу або педалявання Расейскай Федэрацыяй пытанняў паглыблення вайскова-тэхнічнай супрацы ці наагул размяшчэння пэўных расейскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі».

Таму кіраўнік Беларусі грае на апярэджанне.

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Напэўна, нам з прэзідэнтам Расеі давядзецца падумаць аб тым, як забяспечыць сябе ў гэты перыяд».

«Гэты перыяд» для Лукашэнкі – не столькі вучэнні абароннага саюзу, колькі рыхтаванне да ўласнага пераабрання налета ды размовы з Масквой пра глыбокую інтэграцыю ў снежні. Яму трэба, каб Масква цяпер менш шантажавала яго эканамічна і палітычна. А ён аддзячыць і дапільнуе, каб «вораг не прайшоў».

Працягвае Ігар Тышкевіч:

«Аляксандр Лукашэнка, дэманструючы быццам бы нервовую рэакцыю, як і багата разоў дагэтуль, будзе выкарыстоўваць [сітуацыю] як палітычны чыннік, як пэўны палітычны аргумент у дыялогу з Масквой пра тое, што яму патрэбная пэўная кампенсацыя за функцыю Беларусі як буфера або пэўнага абаронцы інтарэсаў Расейскай Федэрацыі ў рэгіёне».

Літоўцы прызналіся «Белсату», што амерыканцы на шэсць месяцаў – гэта «нядоўга».

Падсумоўвае Лаўрынас Касчунас, камітэт бяспекі і абароны ў Сейме Літвы:

«Мы б хацелі, каб яны былі заўсёды. – А могуць? – Паглядзім».

Каментуе Раман Якаўлеўскі, палітычны аглядальнік, Менск:

«Прысутнасць Штатаў у рэгіёне будзе ўзмацняцца. Як [гэта будзе адбывацца, я яшчэ раз падкрэслю] – будзе залежыць гэта ад Масквы, не ад Менску».

Пры такім раскладзе беларускім падаткаплатнікам услед за 12 расейскімі самалётамі давядзецца набыць яшчэ некалькі дзясяткаў расейскіх танкаў. Тых 1317, якія мы маем, можа быць замала ў перамовах з Пуціным.

Пуцін да сёння не пракаментаваў заявы Лукашэнкі. А што адкажа – стане вядома 8 снежня, у дваццатыя ўгодкі падпісання дамовы аб Саюзнай дзяржаве.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 25.10.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў