На «Facebook’у» каманды будучага кіраўніка Украіны зʼявіўся афіцыйны каментар адносна рашэння Расеі спрасціць працэдуру выдачы пашпартоў жыхарам самаабвешчаных ЛНР і ДНР.
У апублікаванай заяве расейская ініцыятыва называецца «прызнаннем адказнасці» за акупацыю Данбасу.
«Указам аб выдачы расейскіх пашпартоў грамадзянам Украіны, якія знаходзяцца на часова непадкантрольных нашай краіне тэрыторыях, Расейская Федэрацыя прызнала сваю адказнасць у якасці дзяржавы-акупанта. Гэтыя дзеянні зʼяўляюцца яшчэ адным наглядным пацвярджэннем для сусветнай супольнасці сапраўднай ролі Расеі, як дзяржавы-агрэсара, якая вядзе супраць Украіны вайну», – гаворыцца ў заяве.
Указ аб спрашчэнні працэдуры выдачы расейскіх пашпартоў для жыхароў Данбасу 24 красавіка падпісаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.
Цяпер для атрымання грамадзянства Расеі жыхарам самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік дастаткова падаць копію актуальнага пашпарту і заяву ў тэрытарыяльныя органы расейскага МУС.
ЮВ belsat.eu