Крэмль спрасціў атрыманне расейскіх пашпартоў для жыхароў ЛНР і ДНР


Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Ён апублікаваны на сайце Крамля.

Для атрымання грамадзянства жыхарам самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік трэба падаць копію актуальнага пашпарту і заяву ў тэрытарыяльныя органы расейскага МУС. Разгляд дакументаў аб выдачы расейскага пашпарту павінен заняць не больш за тры месяцы.

«Гэта доўг Расеі перад тымі, хто гаворыць і думае па-расейску і тымі, хто цяпер апынуўся ў вельмі цяжкай сітуацыі праз рэпрэсіўныя дзеянні кіеўскага рэжыму», – цытуе Уладзіслава Суркова, памочніка прэзідэнта Расеі расейскае агенцтва ТАСС.

У 2017 годзе Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызнанні дакументаў, выдадзеных грамадзянам Украіны і асобам без грамадзянства, якія пражываюць на тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны.

Акрамя пашпартоў Расея прызнае дакументы аб адукацыі, пасведчанні аб нараджэнні і смерці, заключэнні і скасаванні шлюбу, а таксама рэгістрацыйныя знакі аўтамабіляў ЛНР і ДНР.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў