«Калісьці бажніца праваслаўная, цяпер пераўтвораная ў прыбіральню» – расейскія ўспаміны пра гарадзенскую Каложу


Адна з самых старажытных дзейных бажніцаў у Беларусі аніяк не можа трапіць у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Каложскую царкву збудавалі ў другой палове ХІІ стагоддзя, за сваю гісторыю не адзін раз была пашкоджаная, але за апошнія 120 гадоў так і не дачакалася грунтоўнай рэканструкцыі. Журналіст «Белсату» прасачыў у архівах гісторыю разбурэнняў ды знайшоў сведчанні пра тое, як «злосны і падступны Нёман у саюзе з рускай бестурботнасцю, зрабіў тое, чаго не маглі зрабіць найзлейшыя ворагі святой Русі».

Крытычным для мураванай царквы стала ХІХ стагоддзе. Актыўнае разбурэнне пачалося са змены берагавой лініі ракі Нёман. Гісторыкі зафіксавалі, што ў 1840 годзе над галоўным уваходам пачала з’яўляцца расколіна. З часам яна павялічвалася, а бераг, на якім знаходзіцца бажніца, усё больш асядаў ды абваліўся з боку паўднёвага фасаду ў 1845 годзе.

Пачаў руйнаваць Нёман, а не «ворагі Святой Русі»

Каложа да разбурэння (1852 г.)
Каложа да разбурэння (1852 г.)

«1 красавіка 1853 года, калі Заходне–рускі край вольны быў ужо ад польскай няволі і зноў па-братэрску далучыўся да рускай сямʼі, злосны і падступны Нёман у саюзе з нашай рускай бестурботнасцю, да сораму праваслаўных рускіх людзей, зрабіў тое, чаго не маглі зрабіць на працягу многіх гадоў найзлейшыя ворагі святой Русі! Падмыты з дзвюх бакоў (паўднёвага ды заходняга) бераг паваліўся, які захапіў за сабой частку старажытнарускага правослаўнага храма…»– менавіта так апісаў пратаірэй І. Карчынскі той дзень, калі бацька-Нёман «забраў» частку бажніцы.

«Калісьці бажніца праваслаўная, цяпер пераўтвораная ў прыбіральню»

1852 год, бачная фатальная расколіна
1852 год, бачная фатальная расколіна

Другі этап распаду царквы адбыўся ў 1864 годзе ўвесну, калі ў раку спаўзла частка сцяны фасаду з захаду. У гэты час у Горадні знаходзіўся расейскі доктар І. Мітрапольскі, які прыбыў сюды, каб канстатаваць смерць «палітычных злачынцаў» (расстраляных ці павешаных удзельнікаў паўстання 1863 году) пасля экзекуцыяў.

Доктар адзначаў: «Блукаючы неяк па беразе Нёмну, я наткнуўся на каменнае збудаванне да паловы разбуранае, але якое нагадвала сваймі рэшткамі бажніцу.

Калі я ўвайшоў у гэты будынак, у мяне ўжо не заставалася ніякіх сумненняў, што гэта сапраўды была калісьці бажніца праваслаўная, цяпер пераўтвораны ў прыбіральню.

Каложа (1890 г.)
Каложа (1890 г.)

Глыбокай павагай стаўленне да святога будынку, знамянальна званае Рускім народам царквой, было засвоена мною з дзяцінства і прыкладам, і выхаваннем. Цяпер яно было глыбока ўзрушана такім станам праваслаўнай святыні, якое я ўбачыў. Мне было не да архітэктуры размяшчэння частак бажніцы, не да збаноў у сценах, не да фрэсак, наагул не да археалогіі, у якой я быў не знаўцам, ні аматарам. Насупраць, я выскачыў з руінаў ледзь не з жахам ад убачанай гідоты запусцення на святым месцы, сеў на трапіўшы абрубак дрэва і… не саромеюся гэтых слёз, заплакаў.

Адчувалася пякучай крыўдай. Хто ж нанёс яе? Ня Палякі і ня Габрэі: не ад іх патрабаваць павагі да таго, чаго мы самі не паважаем. Пасля ўспомнілася аб гэтых руінах, але зрабілі што або ў іх, даведацца мне не ўдалося».

За 120 год дабудавалі толькі частку з дрэва

Каложская царква ў 1897 годзе. Выгляд з боку Старога замка
Каложская царква ў 1897 годзе. Выгляд з боку Старога замка

Пасля было яшчэ два абвалы – у 1884 ды 1889 гадох. І толькі ў 1896-1897 гадах імперскія ўлады пачалі клапаціцца аб захаванні таго, што некалі было мураваным Барысаглебскаю Каложскаю бажніцаю. Але далей за дабудову адсутных элементаў з дрэва ды ўмацаванне берагу справа не дайшла.

Фактычна цяпер старажытная царква так і не можа патрапіць у спіс ЮНЭСКА праз тое, што знаходзіцца ў такім жа стане, як і 120 год таму.

Сучасны выгляд
Сучасны выгляд

30 верасня адбудзецца чарговая навукова-практычная канферэнцыя «Свята-Барыса-Глебская Каложская царква (ХII.): Пошук шляхоў захавання«, дзе прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА, Беларускага фонду культуры, Беларускага камітэту па памятных месцах і помніках ІКАМОС, прадстаўнікі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, БНТУ, адмыслоўцы з Польшчы, Расеі, Літвы, Нямеччыны. Але ці зменіць гэтая канферэнцыя стан царквы ХІІ стагоддзя?

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Успаміны ўзятыя з часопісу перыяду Расейскай Імперыі «Рускі архіў».

Стужка навінаў