Лаянка, свіст і збіццё: як гарадзенцы маскалёў ганялі


Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1794 годзе і акупацыі беларускіх земляў Расейскай Імперыяй мясцовае насельніцтва пастаянна канфліктавала з акупантамі. Часцей за ўсё супрацьстаянне праяўлялася ў буйных гарадах і мястэчках. Пасля паразы двух паўстанняў 1794 і 1830 гадоў на некаторы час яно сціхае. Каб выбухнуць з новай сілаю на знак салідарнасці з расстралянымі маніфестацыямі ў акупаванай Варшаве ў 1861 годзе.

Асноўнымі формамі супраціву ў гэты час становіцца спяванне патрыятычных і рэлігійных песняў (гімнаў), паўсюднае выкарыстанне адмысловай патрыятычная сімволікі: вопраткі, медальёнаў ды іншых аксесуараў. Частымі былі выпадкі, калі патрыёты аблівалі чарнілам прысланых расейскіх чыноўнікаў, або выбівалі шыбы ў дамах найбольш адыёзных прадстаўнікоў Імператарскага трону на беларускіх землях.

Актыўна распаўсюджвалася нелегальная патрыятычная літаратура. Масавымі сталі акцыі салідарнасці са звольненымі або пакаранымі ўдзельнікамі грамадзянскіх пратэстаў. Былі і выпадкі збіцця некаторых прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Частымі сталі скаргі ў Сенат і іншыя дзяржаўныя органы імперыі. Мясцовыя губернатары не давалі рады з грамадскімі пратэстамі, таму хутка страчвалі свае пасады.

Помста гарадзенцаў

 

У Горадні адбываліся масавыя зборы каля палаца расейскага губернатара, асвістванне ягонай карэты, «кашачыя» канцэрты гімназістаў на занятках (навучэнцы мяўкалі, вылі і шумелі, перашкаджаючы настаўнікам). 21 кастрычніка гарадзенскія гімназісты выгналі з класа новага прарасейскага інспектара гімназіі Рахманіна. Быў выпадак, калі мясцовыя жыхары асвісталі і закідалі каменнем карэту гарадзенскага грамадзянскага губернатара.

З канца чэрвеня 1861 году пачынаюцца патрыятычныя спяванні ў касцёлах і збор сродкаў на помнік расстраляных у Варшаве. Станіслаў Сільвястровіч – гаспадар маёнтку Гожа, сабраў каля 80 рублёў і перадаў іх сябру гарадзенскай патаемнай арганізацыі, а гарадзенскі доктар Цэлясцін Цеханоўскі быў заўважаны ў Дамініканскім касцёле за зборам сродкаў на помнік загінулым патрыётам. 23 чэрвеня патрыятычныя песні загучалі ў Фарным рыма-каталіцкім касцёле, на наступны дзень тую ж акцыю паўтарылі ў бернардынскім касцёле. А 5 і 6 жніўня 1861 году, пасля шматлюднай маніфэстацыі за горадам, патрыёты прыходзілі на гарадзенскія могілкі і спявалі там патрыятычныя песні.

Патрыятычныя гімны загучалі з усіх касцёлаў Гарадзенскай губерні. Такім чынам касцёлы становяцца месцам канцэнтрацыі патрыятычна-настроеных гараджанаў.

У снежні 1862 года расейцы адзін аднаму пачынаюць скардзіцца ў лістах: «…поют что-то в костёлах; панны и паненки понапяливали жалобу (траур)…». Гаворка ідзе пра жалобную вопратку чорнага колеру і чорную біжутэрыю: пярсцёнкі, завушніцы ды амулеты з патрыятычнай сімволікай.

На знак жалобы жанчыны апраналі пышныя чорныя сукенкі. Мужчыны апраналіся ў паліто і шапку-канфедэратку, або шапку-гарыбальдзійку. Менавіта так выглядаў пасіўны грамадзянскі пратэст, таксама гэткім чынам можна было адрознівацца ад прыезджых акупантаў. Цікавы факт – жанчыны-патрыёткі маглі абліць сернай кіслатой «…платья дам, не носящих траура…», як пісаў у сваім рапарце расейскі службоўца Прасолаў.



Пазней быў прыняты закон, які забараняў нашэнне жалобнай вопраткі і чорнай біжутэрыі. За непадпарадкаванне дадзенай забароне – штраф або арышт.

Пратэсты вачыма расейцаў

Спяванне патрыятычных песень і гімнаў у касцёлах падтрымлівалі дух жыхароў акупаваных земляў. У Горадні да пачатку паўстання 1863 году падобныя дзеянні раздражнялі і злавалі расейскую адміністрацыю. Пасіўныя акцыі грамадзянскага пратэсту прыезджыя называлі «бесчинаствами», якія сустракаліся на кожным кроку.



Пакалаціць маскаля было справай гонару для амаль для кожнага мужчыны-патрыёта Паўночна-Заходняга краю. Акурат з гэтай праблемай сутыкнуўся толькі пераведзены ў Горадню медык Мітрапольскі І., які па сваёй недасведчанасці трапіў у падобную сітуацыю. «Цялітнік» – так расейскі доктар называе месца шпацыру ў цэнтры Горадні, куды расейцам уваход быў дэ-факта забаронены:

«Если на телятник ходил один русский в военной форме, то поляки вышучивали и выгоняли его таким образом. Троя или четверо, взявшись за руки, шли на него прямо, не давая дороги. Русский, конечно сторонился; но шутники делали поворот к нему на встречу, так что куда бы он не вертелся, всё встречал стену из дураков, пока не выругавшись не уходил с телятника, сопровождаемый бранью и смехом».

Расейскі доктар таксама аднойчы праходзіў там і трое маладзёнаў адразу ж пачалі рабіць вышэйапісаную акцыю. Але доктар аказаўся не з палахлівых і, як ён гэта сам апісвае, падрыхтаваўся да бойкі: «Господа, говорю, оставьте свою глупую проделку; не то, хоть вас и трое, а я один, но, слово гонору, я больно поколочу вас». Пасля гэтых словаў гарадзенцы адмовіліся ад здзеклівай ідэі.

Плюнуць на расейца – справа гонару

Жанчыны і дзяўчыны ні ў якім разе не хацелі мець нават мінімальных дачыненняў з расейцамі. Калі вайсковец спрабаваў пачаць размову з гарадзенкай, дык дзяўчына адварочвалася ў іншы бок, ці адказвала па-польску «ніц не розумем». А больш смелыя кабеты Горадні маглі абкласці лаянкай расейскага службоўцу ці нават плюнуць на ягоны мундыр або паліто.

Той жа доктар Мітрапольскі ва ўспамінах распавядае, як аплёўвалі яго і апісвае сітуацыі, дзе іншых расейцаў штодзённа спасцігала такая ж кара: «Тоже было и с другими русскими, и все несли своё обплевание безропотно во славу отечества».

Больш за ўсё даставалася тым, хто меў неасцярожнасць наведаць каталіцкую бажніцу. З’яўленне маскаля, асабліва чалавека ў вайсковай форме, у касцёле падчас набажэнства лічылася святатацтвам. Святар адразу спыняў набажэнства, а выправаджванне расейца з бажніцы суправаджалася традыцыйным аплёўваннем і элементамі, як беларускай, так і польскай лаянкі.

Замовіць каву па-расейску было немагчыма

Сітуацыя ў Горадні і ўвогуле па ўсяму Паўночна-Заходняму краю настолькі абвастрылася, што расеец нават не мог спакойна замовіць сабе абед ці кубачак кавы ў звычайнай гарадзенскай кавярні:

« …можно было просидеть целый день и недопроситься по-русски чашки кофе, пока не скажешь: «филижанка кавы, прошу пана», и тогда филижанка являлась немедленно».

Расейскім службоўцам было небяспечна з’яўляцца на вуліцы ноччу, асабліва, калі гэта быў падпіты расейскі салдат. Гарадзенцы адсочвалі такіх адзінокіх прадстаўнікоў Імператара Расеі і білі.



Праблемнай для расейца ў Горадні была нават дастаўка пошты, альбо расейскіх газет. Лісты службоўцы атрымоўвалі з вялікімі затрымкамі і, нават, ужо ў адкрытых канвертах.

Расейскія вайсковыя самі правакавалі на канфлікты

Бывалі сітуацыі, калі расейскія вайскоўцы, звычайна ў падпітым стане, паказвалі сваю непавагу і нянавісць да гарадзенцаў, правакавалі да бойкі. Часам чынілі п’яныя дэбошы ў пітных дамах.

Англічанін Андэрсан расказвае, як аднойчы наведаў рэстарацыю ў кампаніі мясцовых шляхцічаў, а адзін з кампаніі падпітых расейскіх афіцэраў працягнуў руку праз увесь стол і сцягнуў кавалак хлеба. Былі выпадкі і калі расейцы збівалі мясцовых патрыётаў. Але справы супарць расейскіх «хуліганаў» не заводзілі, заўсёды, па выніках следства, былі вінаватыя мясцовыя жыхары. Напрошваецца выснова, што такія дзеянні з боку расейцаў у дачыненні да жыхароў заходніх тэрыторый беларускіх зямель былі выгоднымі для расейскага кіраўніцтва.

Нянавісць да акупантаў паўставала не на пустым месцы. Расейцы вельмі жорстка абыходзіліся з жыхарамі беларускіх зямель, чым і заслугоўвалі такога непрыязнага стаўлення з боку не толькі гарадзенцаў, але і жыхароў усіх зямель былой Рэчы Паспалітай.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў