Лукашэнка правёў інаўгурацыю, якую нідзе не анансавалі


Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Лукашэнка ўступіў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Цырымонія інаўгурацыі прайшла ў Палацы Незалежнасці, паведамляе БелТА. На цырымонію былі запрошаныя некалькі сотняў чалавек.

Раніцаю 23 верасня прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант не стала называць дату інаўгурацыі, але паабяцала зрабіць гэта «бліжэй да часу» цырымоніі, паведаміла РИА Новости.

Лукашэнка падчас інаўгурацыі, 23 верасня 2020 г.
Фота: ТК «Пул первого»

«Дзень уступлення на пасаду прэзідэнта – гэта дзень нашай з вамі перамогі, пераканаўчай і лёсавызначальнай. Мы не проста выбіралі прэзідэнта краіны – мы абаранялі нашыя каштоўнасці, мірнае жыццё, суверэнітэт і незалежнасць. І ў гэтым плане нам трэба будзе яшчэ нямала зрабіць», – прамовіў Лукашэнка.

Таемную інаўнурацыю пракаментаваў Павел Латушка.

«Сёння мы сталі сведкам беспрэцэдэнтнай сітуацыі. Адыходзячы прэзідэнт, які сцвярджае, што набраў больш за 80 адсоткаў галасоў на выбарах, правёў спецаперацыю па сваёй самаінаўгурацыі. Пад аховай АМАП, у абстаноўцы таямніцы і сакрэтнасці, у вузкім коле спешна звезеных чыноўнікаў. Дзе радасныя грамадзяне? Дзе дыпламатычны корпус? Шчыра кажучы, гэта больш нагадвае зладзейскую сходку для каранацыі чарговага злодзея ў законе. Відавочна, што Аляксандр Лукашэнка прэзідэнт выключна АМАПу і жменькі чыноўнікаў. У яго быў шанец сысці… Але ўсё ж сінія пальцы зрабілі сваю чорную справу«, – напісаў у сваім тэлеграм-канале чалец прэзідыуму Каардынацыйнай рады Павел Латушка.

Таемная інаўгурацыя

23 верасня ад самай раніцы зʼявіліся паведамленні пра магчымую інаўгурацыю Лукашэнкі.

Відавочцы паведамлялі пра дзясяткі машынаў спецтэхнікі каля Палацу незалежнасці. Таксама сёння ўвечары пройдзе шэсце ў падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі ад Палацу незалежнасці да плошчы Перамогі.

Відавочцы дзеляцца з «Белсатам» атмасферай ля Палацу Незалежнасці ў гэтыя хвіліны: «Усё перакрыта, нікога не пускаюць людзі ў цывільным».

Дакладнай інфармацыі, што там адбываецца няма. Але заўважаная вялізарная колькасць жаўнераў у святочнай форме і нейкія людзі ў касцюмах.

Міліцыянты перакрываюць увесь праспект Незалежнасці. Рух заблакаваны ад МКАД да вуліцы Свярдлова, перакрыты і праспект Пераможцаў, паведамляе тэлеграм-канал motolkohelp.

Картэж Лукашэнкі ў 11 гадзінаў раніцы праехаў па цэнтру горада.

Паводле тэлеграм-каналу NEXTA сярод магчымых датаў правядзення інаўгурацыі – 23, 27 і 28 верасня.

У сваю чаргу TUT.BY пісаў, што найхутчэй сёння толькі рэпетыцыя інаўгурацыі. Запрашэнне на інаўгурацыю не атрымлівалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і замежныя амбасадары.

Паводле Канстытуцыі інаўгурацыя прэзідэнта ў Беларусі мае прайсці не пазней двух месяцаў пасля правядзення выбараў. На цырымоніі маюць прысутнічаць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чальцы Савету Рэспублікі, суддзі Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага судоў.

Інаўгурацыя мае транслявацца онлайн па дзяржаўных тэлеканалах, але сёлета гэтага не было.

Суперніца Лукашэнкі на апошніх прэзідэнцкіх выбарах Святлана Ціханоўская раней заяўляла, што інаўгурацыя сёлета будзе незаконнай. «Мы разумеем, што, магчыма, будзе зроблена спроба незаконнай інаўгурацыі Лукашэнкі. І мне зноў хацелася б звярнуцца да сілавікоў. Вы ўжо зараз выконваеце незаконныя загады. Але пасля так званай інаўгурацыі, калі яна будзе, Лукашэнка стане нелегітымным. І вы павінны разумець, што яго загады не будуць мець увогуле ніякай сілы. Таму вы будзеце мае права не рэагаваць на іх », – сказала Ціханоўская.

Цырымонія інаўгурацыі стала для Лукашэнкі 6-ай па ліку.

belsat.eu

Стужка навінаў