«Калі мы здадзімся, то за што загінуў Тарайкоўскі?» Шматдзетная маці – пра рэпрэсіі супраць сваёй сям’і


35-гадовая бабруйка Кацярына Корзан – з ліку тых людзей, што з’явіліся ў палітычным жыцці Беларусі толькі сёлета. Але жанчына ўжо паспела пацярпець за свае погляды і спробы нешта змяніць: яе судзілі, аштрафавалі, змусілі звольніцца.

«Што нельга далей трываць, зразумела сёлета»

Кацярына Корзан стала вядомай у Бабруйску ў гэтым жніўні. Жанчына актыўна збірала подпісы: спачатку да старшыні гарвыканкаму і пракурора Бабруйску з патрабаваннем даць адказ пра зафіксаваныя выпадкі фальсіфікацыі выбараў і гвалт з боку сілавікоў супраць мірных бабруйцаў. Пасля – за адкліканне дэпутата Бабруйскай Ленінскай акругі Ірыны Рынейскай. Відаць, гэтым Кацярына моцна дапякла ўладам – яе жорстка затрымалі, прыніжалі падчас допыту ў УУС, потым судзілі, прызначылі штраф 20 базавых (Br 540). Адначасова жанчыне стварылі невыносныя ўмовы на працы і пад пагрозамі змусілі звольніцца.

Кацярына Корзан на судзе, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

Яшчэ на пачатку гэтага года Кацярына жыла звычайным жыццём беларускі – гадавала траіх хлопчыкаў (старэйшаму восем гадоў, малодшым блізнятам – па чатыры), вадзіла іх у садок і школу, працавала ветэрынарам на мясцовым мясакамбінаце.

«Раней я была даволі апалітычным чалавекам, хоць, канешне, бачыла і разумела, што адбываецца ў краіне, але актыўна ні ў чым не ўдзельнічала, – распавяла нам Кацярына. – Што нельга далей трываць, зразумела сёлета. Проста немагчыма стала зносіць паўсюдную хлусню і беззаконне. Вельмі паўплывала мая праца на мясакамбінаце і тое, што я там пабачыла за гэты год. Маё актыўнае грамадскае жыццё пачалося з роліка – звароту да Лукашэнкі з просьбай, каб ён сышоў, які я запісала ўвесну. Тады кампанія ішла – беларусы запісвалі такія ролікі, бо ён жа абяцаў сысці, калі яго папросяць. Чарговы раз схлусіў. Ну а выбары і тое, што адбывалася пасля, стала апошняй кропляй».

Кацярына кажа, што ёй вельмі хацелася зрабіць нешта, каб дапамагчы людзям і выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Так яна вырашыла збіраць подпісы. За што і пацярпела.

Кацярына Корзан на судзе, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

«Ніколі ў жыцці так не прыніжалі»

2 верасня жанчыну затрымалі каля прахадной мясакамбінату, на вачах у калегаў. Завезлі ў УУС Бабруйскага гарвыканкаму, дзе пратрымалі восем гадзін. Прымусілі прайсці праз прыніжальны асабісты дагляд – загадалі цалкам распрануцца, не дазволілі пакінуць нават хустку на галаве, хоць Кацярына тлумачыла, што яна заўсёды ходзіць з пакрытай галавой паводле рэлігійных перакананняў. Потым так, без вопраткі, змусілі прысесці некалькі разоў, павярнуўшыся да супрацоўніц міліцыі задам.

«Мяне ніколі ў жыцці так не прыніжалі», – узгадвае пра той дзень наша суразмоўца.

Падчас допыту на Кацярыну ціснулі псіхалагічна – казалі, што калі яе пасадзяць, то дзеці апынуцца ў прытулку. Праз некалькі дзён бабруйку чакаў суд, дзе нібыта за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах прызначылі штраф у памеры Br 540. Сама жанчына і адвакат прыводзілі на слуханні доказы, што яна не ўдзельнічала ў мітынгу, а збірала подпісы. Тым не менш, суддзя Алена Гормаш знайшла сведчанні міліцыянтаў больш пераканаўчымі.

Кацярына Корзан, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

Адначасова на Кацярыну пачаўся моцны ціск на працы. Паводле жанчыны, дырэктар бабруйскага мясакамбінату Дзмітрый Бонахаў, былы мэр Бабруйска, прымусіў яе напісаць заяву аб звальненні. Цяпер шматдзетная маці беспрацоўная. Зрэшты, як яна сама кажа, працаваць на мясакамбінаце і так было для яе нязносна.

«Як ветэрынар, я не магла спакойна глядзець на тое, што там адбывалася, – кажа Кацярына Корзан. – Усё ветэрынарнае заканадаўства проста выкінулі ў сметніцу. Парушэнні літаральна па кожным пункце былі, нават вельмі сур’ёзныя. Парушалася працоўнае заканадаўства – ветэрынары працавалі па 10-12 гадзін на дзень, і аплата за гэта [перапрацоўку. – Belsat.eu] была далёка не заўсёды. Я бясконца спрабавала нешта казаць, але ніхто не быў гатовы змагацца – мне адказвалі, што дырэктару няма сэнсу тлумачыць, што нічога не атрымаецца змяніць. Мне цяпер дырэктар закідаў, што ўсё гэта адбывалася з маёй маўклівай згоды. Але я ўвесь гэты час малілася і не ведала, што рабіць далей, як працаваць і на беззаконне вочы закрываць».

Паводле Кацярыны, небяспечнай на працы яе лічылі яшчэ і таму, што баяліся, што яна арганізуе страйк.

«Дырэктар ведаў, што калі забастоўка здарыцца, то людзі пойдуць за мной, бо сапраўды былі гатовыя выйсці, калі падымалася хваля страйкаў. Ён ніяк не мог гэтага дапусціць», – кажа Кацярына.

«Шматдзетным не патрэбныя ільготы – дайце магчымасць годна зарабіць»

Цяпер Кацярына шукае новую працу, што ў Бабруйску, паводле жанчыны, вельмі няпроста – паўсюль маленькія заробкі – не больш за Br 500. У Кацярыны – тры вышэйшыя адукацыі.

«Я скончыла механіка-тэхналагічны тэхнікум, потым – Віцебскую ветэрынарную акадэмію, атрымала дыплом доктара ветэрынарнай медыцыны, потым на базе першай вышэйшай адукацыі атрымала другую – кіраванне ў аграпрамысловым комплексе. Трэцяя адукацыя – ветэрынарна-санітарны эксперт ці доктар ветэрынарнага кантролю. Акрамя, маю пасведчанне кінолага», – распавяла Кацярына.

Кацярына Корзан разам з мужам. Бабруйск.
Фота: асабісты архіў

Падчас навучання бабруйка праходзіла практыку ў Нямеччыне. Кажа, што вярнулася тады ў Беларусь з моцным жаданнем рэалізаваць тут усё, што пабачыла.

«Думала, вось скончу Акадэмію, пайду ў нейкую гаспадарку старшынёй і ўсё гэта ўвасоблю ў жыццё. Але хутка зразумела, што гэта нікому не патрэбна, – кажа Кацярына. – У нас няма такой адказнасці і клопату за сельскую гаспадарку, як у Нямеччыне. Напрыклад, калі казаць пра асемяненне кароў – там цэлыя радаслоўныя ёсць на некалькі пакаленняў, як у нас на сабак і котак. Там імкнуцца атрымаць найлепшае патомства. У нас робяць як – якую-небудзь малочную карову пакрыюць мясным быком і атрымаюць невядома што. І такіх прыкладаў можна прыводзіць вельмі шмат – пра розніцу паміж намі. І корань усіх праблемаў тут у дзяржаўнай уласнасці. У нас цягнуць гаспадаркі-банкроты, абы нейкую карцінку паказаць. Але яно не працуе».

Кацярына кажа, што яны з мужам заўсёды марылі пра ўласную ферму. Але пасля апошніх падзей у сужонкаў з’явіліся думкі пра ад’езд за мяжу.

«Я не хачу з’язджаць. Гэта мая радзіма. Тут мае карані. Але я разумею, што мне могуць стварыць такое жыццё цяпер, што я пабягу на мяжу прасіць прытулку. Ды і для дзяцей я хачу іншага жыцця, чым як мы жывем. Хачу для іх большых перспектываў, узроўню жыцця», – кажа Кацярына.

Кацярына Корзан з дзецьмі. Бабруйск.
Фота: асабісты архіў

Годны ўзровень жыцця, на думку Кацярыны, у Беларусі магчымы, калі кваліфікаванаму спецыялісту будуць плаціць 1000 – 2000 рублёў. Пры гэтым жанчына зазначае, што ёй, як шматдзетнай маці, не патрэбная ніякая дапамога ад дзяржавы: ні ільготы, ні крэдыты – абы далі магчымасць годна зарабляць і ўтрымліваць сям’ю.

«Нам бясконца закідваюць цяпер, што нам дзяржава кватэру дала, – кажа Кацярына. – Але, па-першае, не дала, мы купілі яе, хоць і па ільготнаму крэдыту. Па-другое, гэта не Лукашэнка асабіста са сваёй кішэні нам заплаціў – усё субсідаванне ідзе з бюджэту, з падаткаў. А па-трэцяе, кватэра зусім без аддзелкі, туды яшчэ такую ж суму трэба ўкласці. Мы дагэтуль не змаглі цалкам рамонт зрабіць – не хапае заробкаў на ўсё».

«Калі ёсць падтрымка, жанчына зможа ўсё»

Кацярына Корзан кажа, што сама не зразумела, як атрымалася, што яна стала вядомай актывісткай на прадпрыемстве і ў горадзе. Але цяпер гатовая ісці далей, бо адчувае падтрымку людзей, а ў першую чаргу – мужа, з якім у шлюбе ўжо дзесяць гадоў.

«Сёлета ў нас «рэвалюцыя спадніц», – з усмешкай зазначае Кацярына. – Нашыя жанчыны вельмі смелыя, і нарэшце выйшлі з кухні. Мне пішуць цяпер у каментарах: куды ты лезеш, жанчына павінна быць дома, за плітой, з дзецьмі. Я з гэтым абсалютна не згодна. Хоць гэта і цяжка – сумяшчаць і актывізм, і дом. Тут важная падтрымка з боку сям’і. Мне пашчасціла, што ў мяне яна ёсць. Зноў жа, мне пішуць, што пакуль я хаджу подпісы збіраю, у мяне дзеці дома адны сядзяць. Не, яны не адны. Яны з татам. І чаму не? Я лічу, што калі муж падтрымлівае, то жанчына зможа ўсё – і дома той самы знакаміты ачаг стварыць, і працаваць на карысць грамадству».

Палітычную сітуацыю ў Беларусі сужонкі Корзан тлумачаць сваім дзецям.

Дзеці Кацярыны Корзан. Бабруйск.
Фота: асабісты архіў

«Нашаму старэйшаму восем, ён шмат што разумее пра сітуацыю ў краіне, пытаецца. Мы з ім пра гэта размаўляем, тлумачым», – кажа жанчына.

Ціску ні ў школе, ні ў садках сям’я Кацярыны пакуль не адчувала.

«На шчасце, ніякіх канфліктаў няма, нават наконт збораў грошай, – распавядае Кацярына. – Мы з мужам адразу сказалі, што будзем здаваць на штодзённыя патрэбы дзяцей – ваду, паперу і г. д. На новыя вокны, фарбу для падлогі, а асабліва падпіскі на газеты, мы адразу сказалі: да нас не звяртайцеся. На дзіва нашую пазіцыю спакойна прынялі. Нам насамрэч не шкада гэтых грошай, але гэта ўсё павінна аплачвацца з бюджэту. Чаму на сцяг ёсць некалькі тысяч долараў, а на патрэбы дзяцей няма?»

Кацярына кажа, што гатовая далей змагацца за перамены ў роднай краіне ў рамках закона, хоць і ёсць трывога за будучыню.

«Так, мне страшна. Бо я не ведаю, чаго чакаць ад уладаў, ад міліцыі, – кажа жанчына. – Я раней заўсёды паважала міліцыю. У мяне тата быў следчым. Я, калі бачыла міліцыю на вуліцы, адчувала сябе спакайней, бо разумела, што тут са мной нічога не здарыцца – міліцыя мяне абароніць. Але цяпер я больш не паважаю іх. І на вуліцах баюся не бандытаў, а міліцыю. Ды зрэшты, міліцыянты і сталі ў нас бандытамі, як у тых самых 90-ых, якімі нас пужаюць».

Кацярына Корзан. Бабруйск.
Фота: асабісты архіў

На думку Кацярыны, беларусы не павінны здавацца, нават калі здаецца, што перамога яшчэ вельмі далёка.

«Так, цяпер усе козыры ў руках дзяржавы, сілавікоў – на іх працуюць законы, суды, у іх зброя. Але я ўпэўнена, што гэта не будзе цягнуцца вечна, – мяркуе Кацярына. – Мы не мусім спыняцца. Бо як жа тыя, хто загінуў за гэтыя паўтары месяцы, якіх забілі за імкненне да свабоды? А як сябе будуць адчуваць палітзняволеныя? За што тады загінуў Тарайкоўскі і сядзіць Ціханоўскі? Атрымаецца, што яны змагаліся ні за што, калі мы спынімся».

НА Belsat.eu

Стужка навінаў