«Каб зямля твае косткі выкінула». Шакуючыя фота з беларускай вёскі


Раскіданыя чалавечыя косці і занядбаная каталіцкая святыня ў вёсцы Беніца ля Маладзечна. Карэспандэнты «Белсату» высвятляюць, як гэткае магло адбыцца.

У савецкі час камуністычныя ўлады масава знішчалі святыні Беларусі, большасць з якіх аднавіць не ўдасца ўжо ніколі. Шмат бажніцаў адбудавалі вернікі. Але шмат руінаў дагэтуль бязлітасна разбурае вецер, дождж і час. Аднак убачыць нікому не патрэбныя чалавечыя косткі пасярод закінутай бажніцы было шокам.

Косткі

Чалавечы косткі, знойдзеныя ў закінутым касцёле ў в. Беніца
Чалавечы косткі, знойдзеныя ў закінутым касцёле ў в. Беніца
Чалавечы косткі, знойдзеныя ў закінутым касцёле ў в. Беніца
Гісторык Алесь Смалянчук збірае чалавечыя косці, знойдзеныя ў закінутым касцёле ў в. Беніца
Чалавечы косткі, знойдзеныя ў закінутым касцёле ў в. Беніца
Чалавечы косткі, знойдзеныя ў закінутым касцёле ў в. Беніца
Гісторык Алесь Смалянчук збірае чалавечыя косці, знойдзеныя ў закінутым касцёле ў в. Беніца

– Ведаеш, які самы страшны праклён ёсць у Беларусаў? – пытаецца гісторык Алесь Смалянчук, выязджаючы з Беніцы. – «Каб зямля твае косткі выкінула».

Дзесяць хвілін перад гэтымі словамі спадар Алесь закопваў чалавечыя косткі проста пад будынкам былога барочнага касцёла. Ён катэгарычна адмовіўся пакідаць іх у будынку сярод смецця і птушыных экскрэментаў.

Смецце, графіці на сценах. На скляпеннях гняздуюцца ластаўкі, а купал акупавалі шэрыя галубы. Таблічка з адзнакай гістарычнай каштоўнасці праз 4 км ад вёскі Заскавічы ў Маладзечынскім раёне абяцала больш прыемныя ўражанні.

Уваход у закінуты касцёл у вёсцы Беніца

На тэрыторыю былога касцёла мы сустрэлі рабочага, які прыйшоў касіць траву.

– А ці ёсць у вёсцы каталікі?

– Ёсць. Але от, нехта замок узламаў. Мяне сюды ад Лебядзёўскага сельсавета прыслалі. Кашу.

– То перадайце тады камусьці, дзе косткі пахаваныя.

Кукіш у абарону крыжоў

Брама каля закінутага касцёла
Ўнутры закінутага касцёла, вёска Беніца
Ўнутры закінутага касцёла, вёска Беніца
Ўнутры закінутага касцёла, вёска Беніца

Як распавёў жыхар суседняй вёскі Заскавічы, былы старшыня калгасу яшчэ ў савецкія часы спрабаваў адрамантаваць будынак. Пры гэтым пад відам аднаўлення святыні для музею паспеў паставіць толькі крыжы на вежах.

Паколькі калгас быў перадавы, высвятляць, што робіцца прыехалі з ЦК кампартыі БССР, аднак на абвінавачванне ў «веры», былы старшыня адказаў… паказаўшы правяральнікам кукіш. Але ніякіх наступстваў для яго гэта не мела, бо ў краіне ўжо распачыналася Перабудова і змены. Але касцёл гэтак і застаўся нікому не патрэбны.

Парэшткі Коцелаў

Закінуты касцёл, в. Беніца
Закінуты касцёл, в. Беніца
Закінуты касцёл, в. Беніца

Вясковай святыні – 317 гадоў. Пабудаваў касцёл і кляштар віцебскі кашталян Міхал Казімір Коцел для манахаў бернардзінцаў. Паводле легенды, на гэтым месцы коні зваряцелі і панеслі панскую брычку разам з дачкою. Шляхціч паспеў толькі папрасіць цуду ў Бога, каб выратаваць дзіця. Пасля малітвы коні раптам спыніліся і дачка ўратавалася. Коцел паабяцаў пабудаваць у якасці падзякі касцёл і кляштар, што і зрабіў праз год.

У 1939 Беніца сталася часткаю БССР, а ў 1948-м годзе савецкія ўлады зачынілі касцёл, зрабіўшы з яго склад.

Сямейны склеп Коцелаў быў разрабаваны яшчэ тады, невядомыя панішчылі труны і надмагільныя пліты, а косці былых гаспадароў Беніцы проста звалілі ў кучу. Можа, менавіта іх парэшткі «выкінула зямля» ў святыні, якая пустуе ўжо амаль 70 гадоў.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў