Першае паўгоддзе 2023: растуць заробкі і ВУП


Некаторыя працадаўцы неафіцыйна даплачваюць працаўнікам да заробкаў – наяўнымі. Сёлета цягам шасці месяцаў кантралёры выявілі Br 33 млн няўлічаных рублёў. Але не гэтыя грошы – прычына дэвальвавацыйных пагрозаў у Беларусі. Рэгулявалі кошты, штучна спыняючы інфляцыю. Уздымалі заробкі хутчэй, чым эканоміка «зарабіла» гэтыя грошы. Цяпер падводзяць вынікі першага паўгоддзя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кошт спажывецкага кошыку ў першым паўгоддзі не павінен быў заўважна змяніцца, калі верыць афіцыйнай статыстыцы. Інфляцыя амаль удвая адстала ад заробкаў насельніцтва. Сярэдні заробак у першым паўгоддзі вырас на Br 142 рублі да Br 1927. Агульны рост на 7,5 %, але ў чэрвені ён перавысіў 15 %.

«Ёсць галіны, дзе рост заработных платаў чэрвень да чэрвеня перавышае нават 20 % у рэальным выражэнні. То бок гэта і ў апрацоўчай прамысловасці ў цэлым, і ў транспартавай, і калі казаць пра медычную галіну, то гэта заробкі лекараў», – кажа старэйшая навуковая працаўніца «BEROC» Анастасія Лузгіна.

У апошніх заробкі выраслі больш чым на 30 %. Нават з улікам мінулагодняга спаду заробкаў гэты рост вельмі высокі ў параўнанні з вытворчасцю працы, кажа Анастасія Лузгіна. Адным словам, у аплату працы трапляюць незаробленыя насельніцтвам грошы.

«Гэта пагражае павышаным попытам, у тым ліку на імпарт, пагаршэннем сальда гандлёвага балансу – у выніку. Гэта ў сваю чаргу можа прывесці да разгортвання інфляцыйных працэсаў у будучыні. І да рызык дэвальвацыі», – канстатуе Лузгіна.

Бо менавіта курс рубля адгукаецца на дысбалансы ў эканоміцы і выроўнівае іх. Улетку курс нацыянальнай валюты ўжо паскорыў падзенне. Агулам эканоміка расце, падбадзёрыў Белстат. Пасля мінулагодняга абвалу на 4,7 % у першым паўгоддзі на 2 % вырас Валавы ўнутраны прадукт краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Гэта ўнутраныя інвестыцыі: танныя крэдыты, субсідыі з боку дзяржавы і хутчэй не рынкавы механізм, а такі адміністратыўны механізм у межах планавай эканомікі. Праз гэтыя захады адбыўся рост будаўнічых работ і прамысловай вытворчасці», – распавяла эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Абудзілася машынабудаванне, якое цяпер адаптаванае пад абслугоўванне вайсковых патрэбаў Расеі, а таму на ўздыме будзе часова. Сектар IT і грузаперавозак прасеў пасля некалькіх гадоў росту. Але быццам бы дае прыбытак санкцыйны калій, пераарыентаваны на расейскія парты.

Беларусь сёлета выйдзе на 8 млн тон продажу калійных угнаенняў, заявіў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў. У дасанкцыйныя гады краіна пастаўляла да 12 млн тон калію на год, а ў крызісным 2022-ім экспарт упаў да 4,5 млн тон.

«Калі летась за 6 месяцаў праз расейскія парты мы перавезлі 1,5 мільёны тон беларускіх грузаў, то сёлета абʼем склаў ужо практычна 6 мільёнаў тон», – справаздачыўся на нарадзе ў Лукашэнкі Мікалай Снапкоў.

У гэтым абʼёме калій займае толькі 2,7 млн тонаў. Застаецца экспартаваць 5,3 млн тон. Ці ўдасца гэта зрабіць – вялікае пытанне. Як і пытанне, ці ўдасца ў другой палове года дацягнуць росту ВУП да планавых 3,8 %.

«У нас абмежаваныя магчымасці пашырэння вытворчасці – у сувязі з адсутнасцю замежных інвестыцыяў. У сувязі з адсутнасцю магчымасцяў закупу нейкіх тэхналогіяў і зніжэнне занятасці людзей у эканоміцы», – адзначыла Аліса Рыжычэнка.

Згодна з прагнозам эканамісткі, рост ВУП па выніках году застанецца ля адзнакі 2,2 %. Імклівы рост эканомікі, які назіраўся ў другім квартале, запаволіцца, а інфляцыя будзе расці.

Юлія Цяльпук, «Белсат»