Наземная аперацыя Ізраілю ў сектары Газа можа пачацца неўзабаве


Беларусь не можа эвакуяваць з Ізраілю суайчыннікаў, а віною ўсяму – санкцыі ЗША. Гэтак заявіў міністр замежных справаў Сяргей Алейнік. Але ці праўда гэта?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы чулі заявы ад лукашэнкаўскага амбасадара пра тое, што ўсё добра і не трэба нікога эвакуяваць. Потым заявы Алейніка. Гэта ўсё сведчыць пра тое, што ім усё роўна на жыцці людзей. І ў выніку ратаваннем беларусаў займаецца беларуская дыяспара, народныя амбасады, якія скідваюцца грашыма, купляюць квіткі, каб вывезці такім чынам людзей, беларусаў з Ізраілю», – заявіў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Сяргей Алейнік падкрэсліў, што «Белавія» атрымала ад уладаў Ізраілю дазвол на гуманітарны рэйс. Але здзейсніць яго немагчыма, бо паветраны флот нацыянальнага авіяперавозніка налічвае толькі самалёты амерыканскай і бразільскай вытворчасці: боінгі ды эмбраэры. І менавіта на іх распаўсюджваюцца санкцыі. Але ж вядома, што ў нашай краіны ёсць і вайскова-транспартавыя самалёты яшчэ савецкай распрацоўкі.

«Мне здаецца, няма ніякіх лагістычных і арганізацыйных праблемаў арганізаваць пералёт беларусаў адтуль з Газы, з Ізраілю ў Беларусь. І спасылацца на амерыканскія санкцыі – гэта выглядае ў прынцыпе даволі смешна і лішні раз паказвае ідэалагічную скіраванасць нават такога ведамства, як Міністэрства замежных справаў», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія вайскоўцы.
Фота: idf.il

Што ж да вайны, ні Лукашэнка, ні ягоны МЗС дасюль не выказаліся, на чыім яны баку. Напрыклад, іранскае інфармацыйнае агенцтва ІРНА раскрыла падрабязнасці візіту ў Менск віцэ-прэзідэнта Ірану Магамада Махбэра. З паведамлення вынікае, што на гэтай сустрэчы іранскі бок прасіў Лукашэнку выступіць «супраць прыгнёту народу Палестыны, каб дапамагчы пакласці канец гэтым злачынствам». Але самаабвешчаны прэзідэнт гэтага не зрабіў. І нават ягоныя медыі пра гэта не згадалі.

«Ізраіль, нагадаем, – ці не адзіная дэмакратычная дзяржава, паслы якой уручаюць Лукашэнку даверчыя граматы. Якая не далучаецца да санкцыяў. І якая мае вось такую асаблівую пазіцыю да беларускага дыктатара. І гэта адпаведна афіцыйны Менск, дыктатар цэніць і не можа цалкам адкінуць Ізраілю вось з гэтых прычынаў», – кажа Віталь Цыганкоў.

Тым часам Ізраіль рыхтуецца правесці ў сектары Газа наземную аперацыю. Сёння з вайскоўцамі Цагалю сустрэўся міністр абароны Ёаў Галянт:

«Я кіраваў ваярамі ў баях апошнія 45 гадоў. Я адказваю за сістэму бяспекі і адказваў за яе апошнія пару тыдняў падчас гэтых складаных падзеяў, я нясу адказнасць за поспех гэтай бітвы. Бітва будзе маштабнай і цяжкай, і мы будзем дакладнымі, вострымі і смертаноснымі. Але за гэта будзе цана, і нам давядзецца заплаціць яе, але мы будзем працягваць да таго часу, пакуль не завершым гэтай аперацыі ў поўнай меры».

Паводле вайсковага гісторыка і выкладчыка Тэль-Авіўскага ўніверсітэту Якава Фалькова, для наземнай аперацыі Ізраілю ўсё падрыхтавана. Вайскоўцы чакаюць загаду:

«Найперш ваенныя дзеянні ў бліжэйшыя, магчыма нават гадзіны, чакаюцца ў нас на поўдні. І менавіта ў паўночнай частцы сектару Газа, куды чакаецца ўвод наземных ізраільскіх войск. А на поўначы краіны пакуль, калі не будзе наўмыснай эскалацыі з боку “Хезбулы” і яе іранскіх патронаў, то там, відавочна, сітуацыя застанецца такой жа, якой яна ёсць зараз».

Акрамя ізраільскіх вайскоўцаў, у наземнай аперацыі ў сектары Газа могуць узяць удзел элітныя падраздзяленні ЗША і Нямеччыны.

«Іх могуць сапраўды, відавочна, прымяняць у нейкіх кропкавых сітуацыях, калі гаворка ідзе пра вызваленне закладнікаў. Прычым у густанаселеных, густазабудаваных раёнах сектару Газа. Там, дзе сапраўды ў іх могуць быць нейкія спецыфічныя якасці і абсталяванне, якія дазволяць ім вызваляць, прычым, менавіта іх закладнікаў. Яны жадаюць быць адказныя за лёс сваіх закладнікаў», – кажа Якаў Фалькоў.

Прыспела ў Ізраіль і вайсковая дапамога. Сёння Тэль-Авіў атрымаў першую партыю браняванай тэхнікі з ЗША, прызначаную для замены пашкоджанай у баях.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»