«Ихтамнет» – пачатак, або Гарбачоў «праспаў» літоўскі прарыў

Аляксандр
Падрабінэк
Расейскі журналіст, савецкі дэсідэнт
Вільня, 1991 год. Фота з архіву Сяргея Дубаўца

У ноч на 13 студзеня 1991 года ў Вільні пралілася кроў. Паміраючая савецкая ўлада з апошніх сілаў спрабавала ўтрымаць у сваёй імперыі непакорлівыя тэрыторыі. Камуністычная вярхушка на чале з генеральным сакратаром Міхаілам Гарбачовым выдатна разумела, што прыклад свабоды, які падала адна з рэспублік, у рэшце рэшт пазбавіць іх улады і ў Маскве.

Гісторыя апошняга рыўка Літвы да свабоды і незалежнасці пачалася годам раней. У ноч на 11 сакавіка 1990 года Вярхоўны Савет Літоўскай ССР на чале з Вітаўтасам Ландсбергісам абвясціў незалежнасць Літвы. На тэрыторыі рэспублікі спынілі дзеянне Канстытуцыі СССР і аднавілі дзеянне літоўскай канстытуцыі 1938 гады.

Ніхто не прызнаў тады незалежнасць Літвы – ні заходнія дэмакратыі, ні тым больш Масква. Але хіба для таго, каб быць свабодным, трэба чыёсьці прызнанне?

Праз 11 дзён, 22 сакавіка 1990 года, прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў выдаў указ «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні правоў савецкіх грамадзянаў, ахове суверэнітэту Саюза ССР на тэрыторыі Літоўскай ССР», які прадпісваў выняць у Літве зброю ў насельніцтва і арганізацыяў. Гарбачоў рыхтаваўся ўжываць сілу і баяўся супраціву. У той жа дзень савецкія дэсантнікі захапілі будынак гаркама КПСС у Вільні. 24 сакавіка яны занялі Вышэйшую партыйную школу, а раніцай – дом Палітпрасвету. 18 красавіка пачалася частковая энергетычная блакада Літвы.

Літва ўзгадвае ахвяраў барацьбы за незалежнасць у 1991 годзе

27 красавіка каля будынку Вярхоўнага Савету Літвы прайшоў мітынг пратэсту супраць акупацыі Літвы Савецкім Саюзам, на якім 500 юнакоў спалілі свае ваенныя білеты ў знак адмовы ад службы ў акупацыйнай арміі.

Танныя прадукты наўзамен волі

Супрацьстаянне непакорлівай Літвы і імперскай Масквы працягвалася амаль год. Дзесяць месяцаў Гарбачоў спрабаваў шантажом, абяцаннямі і пагрозамі дамагчыся ад Літвы пакоры. Дзесяць месяцаў Літва жыла на мяжы ваенных сутыкненняў з савецкай арміяй.

8 студзеня 1991 года літоўская прасавецкая камуністычная арганізацыя «Адзінства» арганізавала ў Вільні мітынг каля будынку Вярхоўнага Савету. Камуністы скарысталіся абвешчаным напярэдадні павышэннем коштаў на прадукты харчавання ды запатрабавалі адстаўкі літоўскага ўрада і нават зрабілі спробу ўварвацца ў будынак Вярхоўнага Савету.

Выхаваныя ў марксісцкіх традыцыях абаронцы савецкай улады меркавалі, што танныя прадукты для ўсіх людзей будуць каштоўней, чым свабода. Але яны судзілі па сабе, а такіх у Літве была ўжо меншасць.

Да таго ж часы былі ўжо зусім не дысідэнцкія, калі гвалту было прынята супраціўляцца толькі мірнымі сродкамі. Старшыня Вярхоўнага Савета Вітаўтас Ландсбергіс выступіў па радыё і тэлебачанні ды заклікаў прыхільнікаў незалежнасці не дапусціць захопу парламента, урадавых будынкаў і важнейшых аб’ектаў інфраструктуры.

Вільня, 1991 год. Фота з архіву Сяргея Дубаўца

7-9 студзеня ў Літву былі перакінутыя супрацоўнікі спецпадраздзялення КДБ «Альфа», а таксама вайскоўцы Пскоўскай дывізіі ПДВ і іншых частак. 10 студзеня прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў запатрабаваў адмены ў Літве «антыканстытуцыйных актаў і аднаўлення дзеяння саюзнай Канстытуцыі». 11 студзеня савецкія вайскоўцы занялі Дом друку ў Вільні, рэтрансляцыйны тэлевізійны вузел у Няменчыне, іншыя грамадскія будынкі ў Вільні, Алітусе, Шаўляі.

Кіраўніцтва Вярхоўнага Савету Літоўскай Рэспублікі заклікала людзей выйсці на вуліцы і прыняць удзел у ахове будынкаў Вярхоўнага Савету, радыёцэнтра, тэлевежы, тэлефонных станцый. У той жа дзень на прэс-канферэнцыі ў ЦК Кампартыі Літвы яе сакратар па ідэалогіі Юозас Ермалавічус абвясціў аб стварэнні Камітэту нацыянальнага выратавання Літоўскай ССР – адзінага, як ён заявіў, легітымнага органа ўлады ў Літве.

Годны прыклад супраціву – цаной жыцця

Але што могуць зрабіць камуністы без ваеннага гвалту? А восьмай вечара перапынілі чыгуначныя зносіны з Вільняй, а гадзіне ночы 12 студзеня гурт узброеных жаўнераў захапіў штаб-кватэру Дэпартамента аховы краю на вуліцы Касцюшкі, а дэсантнікі ўзялі пад свой кантроль тэлефонны вузел Вільні. У ноч з 12 на 13 студзеня дзве калоны савецкай бранятэхнікі пры падтрымцы групы «Альфа» накіраваліся з месца сваёй пастаяннай дыслакацыі ў цэнтр Вільні. Адна накіроўвалася да акружанага шматтысячным натоўпам парламенту, іншая – да тэлевізійнай вежы, дзе таксама сабралася шмат прыхільнікаў незалежнасці.

У гэтую ноч пры штурме тэлевізійнай вежы савецкімі войскамі загінулі 13 чалавек і не менш за 140 былі параненыя.

У Вільні запалілі вогнішчы ў памяць пра абаронцаў свабоды

Атака на будынак Вярхоўнага Савету Літвы гэтак і не адбылася. Відавочна, савецкае ваеннае камандаванне і Міхаіл Гарбачоў разумелі, што тут ахвяраў можа быць значна больш. Імаверна, яны прадчувалі магчымае падзенне савецкай улады і баяліся адказнасці за свае злачынствы.

Літоўцы выстаялі ў той сутычцы, адстаялі сваю незалежнасць і паказалі іншым савецкім рэспублікам годны прыклад супраціву. На жаль, коштам жыцця і здароўя самых смелых сваіх суграмадзянаў: у тыя дні ў Літве 15 чалавек загінулі і каля 900 былі параненыя.

Зараджэнне расейскай тактыкі «ихтамнет»

А што ж вінаваты ў кровапраліцці? Ці перамагла справядлівасць?

У 1999 годзе на невялікія тэрміны пазбаўлення волі былі асуджаныя шэсць высокапастаўленых літоўскіх камуністаў, пазней – яшчэ два савецкіх афіцэры. Дзясяткі падазраваных былі абвешчаныя ў вышук, у тым ліку ў міжнародны, але іх ніхто не спяшаецца выдаваць – ні заходнееўрапейскія краіны, ні тым больш Расея. Паводле абвінавачвання ў ваенных злачынствах знаходзіцца ў вышуку былы міністр абароны СССР, сябра ГКЧП маршал Дзмітрый Язаў, які пражывае цяпер у Расеі.

Дзень абаронцаў свабоды ў 20-ю гадавіну абароны будынкаў парламента і тэлецэнтра ў Вільні 13 студзеня 2011 года, Літва. Фота – Ints Kalnins / Reuters / Forum

Неаднаразовыя спробы літоўскай юстыцыі дапытаць у якасці сведкі галоўнага арганізатара савецкіх злачынстваў у Літве Міхаіла Гарбачова таксама не мелі поспеху.

Хітры камуністычны партапаратчык даўно заявіў, што проста нічога не ведаў пра падзеі ў Вільні ў ноч на 13 студзеня. Ён спаў у тую ноч і ні пра што не ведаў. І яго ніхто не разбудзіў. Пазней падобныя апраўдання ўвасобіліся ў агульнавядомую расейскую тактыку «ихтамнет».

Цяперашняя пуцінская Расея цалкам успадкоўвае гэтыя савецкія традыцыі. Так, не абапіраючыся ні на якія довады, акрамя ваеннай сілы, утрымліваюцца паўднёвакурыльскія выспы, якія належаць Японіі. Так не змігнуўшы вокам у 2014 годзе адмаўлялі ўдзел расейскага войска ў анексіі Крыму, а цяпер апраўдваюць гістарычнай неабходнасцю і правам сілы.

Справядлівасць перамагае, на жаль, не заўсёды. І ўсё ж 29 гадоў таму Літва даказала, што пры гарачым жаданні сваю свабоду можна адстаяць нават у сутычцы з шматкроць мацнейшым па сіле праціўнікам.

https://belsat.eu/news/yak-belarusy-nezalezhnasts-litvy-baranili/

Аляксандр Падрабінэк для belsat.eu

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы «Меркаванні»

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў