Хворая на «невядома што»: лекарка на прыёме ў паліклініцы дрыжэла ад страху


У 41-гадовай рэчычанкі Таццяны Ласіцы ў больніцы не пацвердзілі дыягназу «прыкарнявая пнеўманія», тэст на каронавірус паказаў адмоўны вынік, але самаадчуванне не паляпшаецца. Жанчыне, якая баялася вяртацца дамоў, давялося пазмагацца за тое, каб застацца ў больніцы.

Таццяна Ласіца 10 сакавіка вярнулася з Літвы, дзе правяла адзін дзень. Па вяртанні на працягу 8 дзён абмяжоўвала кантакты. 18 сакавіка грамадскім транспартам суправаджала матулю ў Гомельскі анкалагічны дыспансер.

Таццяна Ласіца

 

«Самаізаляцыя мая была адноснаю, – кажа Таццяна. – Я жыву з бацькамі. Мама потым яшчэ раз ездзіла на «хімію» у анкадыспансер, а да бацькі, які вярнуўся са шпіталя, прыходзілі сябры. Потым бацька на рыбалку ездзіў».

На пачатку красавіка ў Таццяны паднялася тэмпература да 37,2, пачаўся кашаль, было цяжка дыхаць. Курс антыбіётыкаў не ўратаваў і 6 красавіка жанчына паехала да лекара ў паліклініку. У рэчыцкай паліклініцы адмыслова для хворых з прыкметамі ВРВІ вылучылі два кабінеты на другім паверсе, дзе ажыццяўляюць без запісу першасны прыём.

«Калі даведаліся, што была ў Літве, напружыліся і занерваваліся. Запыталіся, з кім я пражываю, накіравалі на флюараграфію і аналізы, – узгадвае Таццяна. – Пакуль я чакала вынікаў, побач прайшло багата людзей. Яшчэ 14 чалавек сядзелі пад кабінетамі. Ва ўсіх кашаль і соўганне насамі».

Фота прадставіла Таццяна Ласіца

Па выніках флюараграфіі Таццяне паставілі дыягназ прыкарнявая пнеўманія, бо здымак паказаў пацямненне ўнізе лёгкіх. Яе адвезлі ў інфекцыйнае аддзяленне мясцовага шпіталя. Паклалі ў бокс на трох чалавек, дзе яна знаходзілася адна. Харчаванне, туалет і ванна ў тамбуры, выходзіць з боксу нельга.

«Яны самі нічога не ведаюць і самі не гатовыя, – абураецца сп. Ласіца. – Лекарка ў паліклініцы дакарала мяне чаму я кашляю, прасіла адвярнуцца, раптам у мяне каронавірус. Яна сама дрыжала ад страху. Таму і такое стаўленне, тыпу лячыся дома, не кашляй тут. У шпіталі ўзялі мазок з носу і горла на вірус, а на які не сказалі».

Загадчыца аддзялення сказала, што тэст на каронавірус адмоўны, таму можна перавесціся на амбулаторнае лекаванне.

Фота прадставіла Таццяна Ласіца

«Мне кепска, цяжка дыхаць, насмарк і кашаль. Чым лекуюць – не кажуць. Калі няма ніякай інфармацыі, ты не разумееш што з табой адбываецца, трывожышся, нервуешся, што яшчэ больш пагаршае фізічны стан. А раптам у мяне ўсё ж ёсць той каронавірус і па вяртанні я заражу бацькоў».

Лекарка хуткай дапамогі з Гомля Алена Давыдава раіць быць пільнымі нават пры адмоўным выніку аналізу на каронавірус.

«Усё залежыць ад чуллівасці тэстаў на гэты вірус. Калі чуллівасць невялікая, а вірусная нагрузка малая, тэст можа не паказаць вірус. Таму варта рабіць некалькі тэстаў праз нейкі час, каб атрымаць дакладны вынік», – раіць лекарка.

Фота прадставіла Таццяна Ласіца

Спадарыня Таццяна засталася ў шпіталі, дзе яе перавялі з інфекцыйнага ў агульнае аддзяленне. Ад ідэі накіраваць жанчыну дамоў – адмовіліся. У яе нізкі гемаглабін і дрэнныя паказчыкі крыві. Ці паўтораць ёй тэст – цвёрдага адказу не далі.

Ганна Кавальчук Belsat.eu

Стужка навінаў