«Хто паспее першым, таму нешта дастанецца». Што рабіць, калі твой працадаўца збанкрутаваў?


Прадпрыемствы-банкруты ў Беларусі не выплацілі працаўнікам заробкаў на агульную суму 20 мільёнаў рублёў. У інтэрв’ю belsat.eu юрыст прафсаюзу РЭП, праваабаронца Леанід Судаленка тлумачыць, што рабіць, калі твой працадаўца збанкрутаваў, і чым пагражае нявыплата ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН).

Старшыня Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Арда паведаміў, што агульная запазычанасць прадпрыемстваў-банкрутаў перад працаўнікамі складае каля 20 млн рублёў. Толькі арганізацыі, ліквідаваныя ў 2019 годзе, засталіся вінныя працаўнікам каля Br 9 млн заробку і ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Механізмаў вяртання або кампенсацыі гэтых грошаў не існуе.

«Мы разумеем, што гэтыя сумленна заробленыя грошы людзі не атрымаюць, бо пры ліквідацыі прадпрыемства даўгі прызнаюцца згашанымі», – заявіў Арда.

Hавiны
Чаму заробак у студзені такі маленькі? Тлумачым
2020.02.25 15:49

Чаму склалася такая сітуацыя? З гэтым пытаннем belsat.eu звярнуўся да юрыста прафсаюзу РЭП Леаніда Судаленкі.

– Ці сапраўды немагчыма атрымаць запазычанасць па заробку, калі твой працадаўца збанкрутаваў?

– Калі прадпрыемства банкрут, то з яго ўжо нічога не возьмеш. Тут Арда мае рацыю: пасля таго, як прадпрыемства прызнанае банкрутам, гэтыя грошы ўжо не вярнуць.

Але застаецца пытанне: калі прадпрыемства было віннае людзям, то чаму яшчэ ў працэсе банкруцтва на карысць працаўнікоў не апісвалася маёмасць і не выстаўлялася на таргі, каб кампенсаваць запазычанасць? Чаму гэтая працэдура не спрацавала? Бо налічаныя, але не выплачаныя заробкі – гэта плацяжы першай чаргі, – кажа Судаленка.

Hавiны
Бабруйская «Белшына» стаіць. Працаўнікі прыбіраюць заводы
2020.02.17 13:12

– Адна справа прыватнае прадпрыемства: бізнесовец бачыць, што фірма ў даўгах і пачынае перапісваць маёмасць на іншыя фірмы або на сваякоў, а потым у яго проста нічога не застаецца. Але ж на дзяржаўных прадпрыемствах, якія банкруцяцца, такога, напэўна, быць не можа. З таго моманту, як прадпрыемства абвясціла сябе банкрутам, і да таго моманту, як суд прызнаў яго банкрутам, праходзіць вельмі шмат часу. Там прызначаецца часовы кіраўнік, які мусіць рабіць усё, каб задаволіць патрабаванні крэдытораў, у тым ліку выплаціць заробкі. Але калі прадпрыемства ўжо суд прызнаў банкрутам, то з яго нічога не возьмеш, – кажа Судаленка.

– Што варта рабіць чалавеку, працадаўца якога не выплаціў яму заробак і распачаў працэдуру банкруцтва?

– Я магу параіць людзям толькі адно: не сядзець і не чакаць, калі іх запросяць забраць грошы. Маёмасць жа не бязмерная: частка патрабаванняў крэдытораў задавальняецца, але на ўсіх грошай не хопіць. Той, хто паспее першым, таму нешта дастанецца. А хто будзе проста чакаць, той нічога не атрымае. Трэба кожны дзень тэлефанаваць судовым выканаўцам і патрабаваць выканання рашэнняў. Можна ж нават без суду спаганяць грошы. Проста ідзеш да натарыуса з дакументамі, паводле якіх ты маеш налічаны, але не выплачаны заробак, натарыус робіць надпіс і гэты надпіс з’яўляецца выканаўчым дакументам – з ім можна ісці да судовых прыставаў. Умоўна кажучы, каб яны пачалі апісваць факс ды скураное крэсла дырэктара прадпрыемства.

– Запазычанасць прадпрыемстваў-банкрутаў таксама тычацца выплатаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Атрымліваецца, што працаўнікі будуць мець праз гэта праблемы з пенсіяй?

– Натуральна. Калі наймальнікі не плаціць за працаўнікоў унёскі ў ФСАН, то гэты час проста не будзе залічаны ў працоўны стаж. А сёння трэба мець мінімум 20 гадоў працоўнага стажу, каб пенсія была залічаная. Калі ты дасягнуў пенсійнага ўзросту, але, напрыклад, трох гадоў стажу не хапае, то табе скажуць дапрацоўваць яшчэ тры гады – то бок чалавек выйдзе на пенсію не ў 62, а ў 65 гадоў. Тым больш, як анансаваў Лукашэнка, пенсія ў нас цяпер будзе накапляльная. То бок ёсць 10 рублёў адлічэння ў ФСАН – з іх і будзе налічвацца пенсія.

– Ці магчыма гэта неяк аспрэчыць?

– Ну як гэта можна аспрэчыць? Аднаго ўзросту для пенсіі мала. Патрэбныя 20 гадоў працоўнага стажу, а працоўны стаж – гэта калі на твой асабісты рахунак ФСАН працадаўца (або ты сам, калі ты прадпрымальнік) выплачвае ўнёскі.

Як, напрыклад, дзяржава знаходзіла «дармаедаў»? Глядзела базу ФСАН. І калі ўнёскі на рахунак не паступаюць, то значыць такі чалавек не працуе. Хаця такі чалавек можа працаваць за мяжой увесь гэты час. Усё эканамічна актыўнае насельніцтва знаходзіцца ў гэтай базе. Калі, напрыклад, шэсць месяцаў выплаты ў ФСАН адсутнічаюць, то гэты час у працоўны стаж не залічваецца – на пенсію прыйдзецца ісці на паўгода пазней.

– А калі працадаўца не робіць выплаты ў ФСАН?

– З кожнага рубля заробку працаўніка наймальнік абавязаны 35 капеек (то бок 35 %) заплаціць у ФСАН. Калі ён не плаціць гэтыя 35 капеек з рубля, то гэта ўжо грубае парушэнне, махінацыя. Тады працаўнік мусіць звяртацца ў падатковую.

Чытайце па тэме:

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў