Чаму заробак у студзені такі маленькі? Тлумачым


Шмат хто ў Беларусі заўважыў, што ў студзені атрымлівае значна меншы заробак, чым у папярэднія месяцы. Адкуль узяўся гэты разрыў пры тым?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, розніца паміж сярэднім намінальным налічаным заробкам у снежні 2019 і студзені 2020 дасягае 120 рублёў. Калі напрыканцы 2019-га ён складаў 1238 рублёў, то ў першы месяц года беларусы ў сярэднім атрымалі ўсяго 1118, што на 9,7 % меней.

У параўнанні з 2018-м годам сітуацыя мала змянілася: тады ў снежні сярэдні заробак дасягнуў 1115 рублёў, а ў студзені ўпаў да 981. Нягледзячы на рост сярэдняга заробку ў цэлым, падобная сітуацыя ў зімнія месяцы захоўваецца з году ў год.

Hавiны
Белстат: сярэдні заробак беларусаў знізіўся
2020.02.25 09:06

Сёлета пачынае дзейнічаць Указ №27, паводле якога павялічыцца фіксаваны аклад працаўнікоў бюджэтнай сферы. Фіксаваная частка сярэдняга заробку цяпер будзе складаць 50-60 %, усё астатняе – надбаўкі, прэміі і розныя даплаты (за стаж, за працу ў шкодных умовах і ў выходныя і г. д.)

«У бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2020 год закладзены сродкі, якія дазваляюць забяспечыць рост сярэднямесячнай заработнай платы працаўнікоў бюджэтнай сферы ў адносінах да яе памераў у 2019 годзе не менш як на 10 %», – сцвярджаў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.

Аднак чаму менавіта ў студзені людзі «не далічыліся» больш за 100 рублёў?

Па-першае, у снежні традыцыйна заробкі больш высокія за кошт выплаты квартальных і гадавых прэміяў. Па-другое, шэраг экспертаў сыходзяцца ў меркаванні, што снежаньскія заробкі паднімаюць штучна, адміністратыўным метадам, каб у выніку атрымаць больш высокую сярэднюю лічбу за год.

Скрыншот «Белсат»

«Па намінальных заробках – гэта той паказнік, які ў Беларусі імкнуцца перавыканаць: рэальныя заробкі выраслі амаль на 7 %, а намінальныя – на 13 %. Гэта сведчыць, што «праядалі» тое, што было, нягледзячы на рэальную фінансавую сітуацыю. А калі надыходзіць студзень трэба скарэктаваць паказнікі і паабяцаць, што потым будзе лепш. Далей ідзе павышэнне, але, зноў жа, у рэжыме ручнога кіравання прыбыткамі. Гэта нездаровая сітуацыя, да якой прывяло выкананне дзяржплану і адсутнасць фундаменту рынкавай эканомікі», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Мара «па пяцьсот» збылася?

Аляксандр Лукашэнка ўпершыню паабяцаў дасягнуць сярэдняга заробку ў 500 долараў па краіне яшчэ ў далёкім 2004 годзе. Аднак паводле звестак Белстату, толькі ў 2019-м лічба стала рэальнай, дасягнуўшы 1128 рублёў у мінулым ліпені.

«Інвестыцыйных, фінансавых, тэхналагічных падставаў, каб лічыць, што Беларусь ужо назаўжды выйшла з зоны «не ніжэй за пяцьсот», няма. І таму заробкі скачуць. А тым часам эканоміка адной нагой у рэцэсіі: у студзені прамысловая вытворчасць скарацілася амаль на 6 %, аптовы гандаль – на 17 %, ВУП амаль на 2 %», – кажа Раманчук.

Раней прэм’ер-міністр Сяргей Румас папярэджваў насельніцтва, што ВУП скароціцца ў студзені: гэта звязана з праблемамі з экспартам нафтапрадуктаў пасля спынення паставак расейскай сыравіны.

На думку эканаміста, у сітуацыі, калі «эканоміка працуе ў мінус», у бліжэйшым часе не даводзіцца чакаць росту заробкаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў