У Касцюковічах міліцыя высветліла асобу навучэнца мясцовага ліцэю, які здзекаваўся з жывёлаў.
Відэа інцыдэнту, на якім бачна, як малады чалавек падымае ката і пасля з усёй моцы кідае яго аб зямлю, апублікаваў тэлеграм-канал «отчислено». Падчас здзеку людзі навокал смяяліся.
Паводле звестак тэлеграм-каналу, рабілі гэта навучэнцы касцюковіцкага ліцэю № 8.
Увагу на здарэнне звярнулі міліцыянты. Як паведаміла ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава, па гэтым факце ладзіцца праверка.
«Асоба маладога чалавека выяўленая – ён з’яўляецца навучэнцам адной з навучальных устаноў райцэнтра. Яго дзеянням будзе дадзеная прававая ацэнка», – адзначыла яна.
Намесніца дырэктара ліцэю Ірына Баброва паведаміла TUT.by, што на навучэнца ўжо склалі пратакол за жорсткае абыходжанне з жывёламі. З хлопцамі працуюць псіхолаг і адмысловая камісія.
Кот, паводле Бабровай, здаровы, не кульгае.
МГ belsat.eu