«Хацелася б поўнай яснасці». Лукашэнка сустракаецца з Сечыным


Аляксандр Лукашэнка сёння ў Менску праводзіць перамовы з Ігарам Сечыным – кіраўніком «Раснафты» і адной з самых уплывовых асобаў у расейскай уладзе. Пра гэта піша БелТА.

«Дзякуй, што прыехалі. Хаваць няма чаго – хацеў бы абмеркаваць з кіраўніком найбуйнейшай нафтаздабываючай публічнай кампаніі сітуацыю, якая складваецца ў нас ва ўзаемаадносінах, можна сказаць, Беларусі і Расеі па нафце. Ведаю, што вы ў курсе справы, але было б няправільна нават не параіцца па асобных пытаннях, як дзейнічаць далей і як працаваць, у тым ліку і з «Раснафтай». Таму што па мінулым годзе вы ў Беларусь паставілі ні многа, ні мала – палову нафты, якую мы куплялі ў Расеі», – сказаў Лукашэнка.

«Хацелася б поўнай яснасці. Думаю, карыстаючыся тым, што мы даўно ведаем адзін аднаго, вы і падкажыце нешта, і мы зможам дамовіцца аб далейшай нашай супрацы», – дадаў Лукашэнка.

У сваю чаргу Ігар Сечын заявіў, што настроены на канструктыўныя перамовы.

Мяркуючы па ўсім, сустрэча з Сечыным – незапланаваная і была прызначаная ў апошні момант. Раніцай прэс-служба кіраўніка дзяржавы паведаміла, што Лукашэнка 19-20 лютага будзе знаходзіцца ў Егіпце з афіцыйным візітам, пра іншыя планы нічога не паведамлялася. Тэлеграм-канал «Пул Первого», які, імаверна, звязаны з прэс-службай Лукашэнкі, у 10:54 выклаў здымкі з Егіпту – атрымліваецца, прэзідэнцкі пул журналістаў ужо прыляцеў у Каір. Толькі пасля гэтага зʼявілася інфармацыя пра сустрэчу Лукашэнкі з Сечыным у Палацы Незалежнасці.

Хто такі Сечын

Ігар Сечын. Крыніца: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

Ігар Сечын – кіраўнік дзяржаўнай кампаніі «Раснафта», якая традыцыйна была адным з асноўных пастаўшчыкоў нафты ў Беларусь. Больш за 42 % акцыяў Мазырскага НПЗ належаць расейскай кампаніі «Славнефть», якая з’ўляецца сумесным прадпрыемствам «Газпрамнафты» і «Раснафты».

Сечын – сябар і паплечнік Уладзіміра Пуціна яшчэ з піцерскіх часоў, адзін з самых уплывовых людзей Расеі (паводле ацэнак некаторых СМІ, ён другі чалавек у краіне пасля Пуціна). Раней займаў пасады намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі (1999–2008), памочніка прэзідэнта (2004-2008) і віцэ-прэмʼера (2008–2012).

Лічыцца, што менавіта Сечын быў галоўным ініцыятарам крымінальнага пераследу кіраўніка кампаніі ЮКОС Міхаіла Хадаркоўскага (актывы ЮКОСа потым перайшлі «Раснафце»).

У красавіку 2014 года ЗША ўвялі супраць Сечына санкцыі ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны.

  • Масква і Менск у канцы мінулага года не змаглі заключыць кантракты на пастаўкі нафты. Раней кошт нафты для Беларусі разлічваўся па формуле «рынкавы кошт + прэмія пастаўшчыкам». Аднак з улікам рэалізацыі Расеяй чарговага этапу падатковага манеўру кошт расейскай нафты для Беларусі вырас (паводле ацэнак «Белнафтахіму», цяпер цана складае каля 83% ад сусветнай). У гэтых умовах Менск палічыў старую нафтавую формулу несправядлівай і плаціць прэмію адмовіўся. Крэмль на саступкі Лукашэнку не пайшоў і з 1 студзеня 2020 года Расея спыніла падачу нафты на беларускія НПЗ, што прывяло да зніжэння загрузкі вытворчых магутнасцяў.
  • 4 студзеня нафту на беларускія НПЗ пачалі пастаўляць кампаніі алігарха Міхаіла Гуцырыева, які сябруе з Лукашэнкам. Аднак Менск дагэтуль не дасягнуў дамоўленасцяў з асноўнымі расейскімі кампаніямі-пастаўшчыкамі («Роснефть», «Сургутнефтегаз», «Газпромнефть»), а кампаніі Гуцырыева, на думку экспертаў, здольныя паставіць Беларусі ў 2020 годзе толькі каля 3 мільёнаў тон нафты (пры тым, што беларускі бок планаваў закупіць 24 млн).
  • У студзені ў Беларусь было пастаўлена толькі 500 тысяч тон расейскай нафты – адна чвэрць з таго, што планавалася.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў