«Хакей пойдзе ўверх». Захараў зноў узначаліў беларускую зборную


Міхаіл Захараў.
Фота: ФХРБ

57-гадовы настаўнік менскага «Юнацтва» Міхаіл Захараў 20 жніўня быў прызначаны галоўным трэнерам зборнай Беларусі па хакеі. Пра гэта паведамілі ў хакейнай федэрацыі.

Кантракт заключаны на два гады і разлічаны да чэмпіянату свету 2021 года, які пройдзе ў Менску. Пры гэтым Міхаіл Захараў працягне кіраваць і «Юнацтвам», каб не з’явілася «расслабленасць».

Hавiны
Міхаіл Захараў: У Беларусі павінна быць удвая больш лядовых палацаў
2017.05.15 11:04

«У бліжэйшыя два – тры гады хакей пойдзе ўверх. У нас ужо ёсць напрацоўкі, усе трэнеры гатовыя дапамагчы», – адзначыў спецыяліст на прэс-канферэнцыі па выніках свайго прызначэння.

Пры гэтым ён прызнаў, што зараз беларускі хакей «забуксаваў», у ім няма выбітных гульцоў.

Развіваць беларускі хакей плануецца за кошт дзіцячых школаў, прычым не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах. Таксама не выключаецца на пачатковым этапе і натуралізацыя замежных хакеістаў.

«Больш за ўсё хвалюе пазіцыя брамніка. Няма першага нумара – усё астатняе я прыкладна бачу. Не будзе брамніка – будзе вельмі дрэнна. Лепшыя брамнікі ў гісторыі зборнай Беларусі – не беларусы», – заявіў трэнер.

Міхаіл Захараў у 1979-1991 гадах абараняў колеры менскага «Дынама». Затым выступаў за шэраг амерыканскіх клубаў. Кар’еру гульца завяршыў у сезоне-1995/96.

З 1998 года – практычна нязменны галоўны трэнер ХК «Юнацтва-Менск», які пры ім здабыў 8 тытулаў чэмпіёна Беларусі, 6 Кубкаў Беларусі, 3 Кантынентальныя кубкі.

У 1997-2003 гадах быў асістэнтам галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі. Галоўны трэнер – у 2003-2005 гадах, а таксама на Алімпійскіх гульнях-2010.

У 2000-2003 гадах галоўны трэнер юніёрскай (U18) зборнай, якая пад яго кіраўніцтвам дабілася найвышэйшага дасягнення – 5-га месца. Узначальваў моладзевую (U20) зборную Беларусі – у сезонах-1998/99 2003/04, 2004/05.

Пэўны час таксама займаў пасаду галоўнага трэнера зборнай Украіны і быў асістэнтам галоўнага трэнера ўкраінскай каманды. У той жа ролі працаваў у штабе беларускай зборнай на ЧС-2018.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў