Працаўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС падчас ператрусу ў адвакаткі галоўнага інжынера МЗКЦ Андрэя Галавача знайшлі пісталет «Walter» mod. 1938 (Р.38) і патроны да яго. Паводле экспертызы, агнястрэльная зброя з’яўляецца прыдатнай для стральбы, паведаміла прэс-служба МУС Беларусі.
Супраць адвакаткі распачалі крымінальная справа па ч. 2 арт. 295 КК Рэспублікі Беларусь (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).
Імя адвакаткі ў паведамленні не называецца. Аднак МУС адзначае, што гаворка ідзе пра абаронцу Андрэя Галавача, намесніцу старшыні Менскай гарадской калегіі адвакатаў. Імаверна, што маецца на ўвазе Вера Арэшка, што больш за 20 гадоў працуе ў адвакатуры.
Раней СМІ паведамілі, што ў дачыненні да адвакаткі распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 407 (наўмыснае разгалошванне звестак папярэдняга следства асобай, папярэджаным ва ўстаноўленым законам парадку аб недапушчальнасці іх раскрыцця) Крымінальнага кодэксу. Цяпер гэтыя звесткі пацвердзілі ў МУС.
«Злачынствы адвакаткі былі задакументаваныя ў той час, калі яна прадстаўляла інтарэсы падследнага Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынера ААТ «МЗКЦ». У прыватнасці, абаронца распаўсюдзіла трэцім асобам звесткі па крымінальнай справе, у сувязі з чым сама стала падазраванай», – адзначылі ў ГУБАЗіК.
ІІ belsat.eu