Год пратэстаў супраць акумулятарнага заводу: берасцейцы зноў сабраліся на галоўнай плошчы гораду


Гэтым разам на традыцыйнае кармленне галубоў прыйшлі больш за 150 удзельнікаў. Людзі сабраліся на галоўнай плошчы гораду, а потым прайшлі калонаю па цэнтральных вуліцах Берасця.

Шэсце праціўнікаў акумулятарнага заводу

Першы раз на плошчы Леніна берасцейцы сабраліся 25 лютага мінулага году. З таго часу мінуў год, людзі выходзяць на плошчу кожную нядзелю, пішуць скаргі і звароты, сабралі 40 тысяч подпісаў, а ўлады робяць выгляд, што нічога не адбываецца.

Пратэстоўцы на пешаходнай вуліцы Савецкая

Акумулятарны завод пад Берасцем ужо фактычна пабудаваны, на мінулым тыдні на яго запрасілі журналістаў, але толькі тых, хто быў у спісах «АйПаўэр». Пасля гэтай сустрэчы стала вядома, што запуск заводу плануюць ужо ў сакавіку, у наступным месяцы запланавана зрабіць першы акумулятар.

Людзі прыходзяць пратэставаць сем’ямі

– Нават калі завод пачне працаваць, мне не спынім наш пратэст, мы працягнем дзейнічаць, і зробім усё, каб закрыць гэту шкодную вытворчасць, – кажа «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

Апошнія тры разы кармленне галубоў перарастае ў шэсце па цэнтральных вуліцах Берасця

Гэтым разам перад самым пачаткам «кармлення галубоў» быў затрыманы АМАПам актывіст Аляксандр Кабанаў, пазней яго адпусцілі без складання пратаколу. Адзначым, што 24 лютага знізілася колькасць удзельнікаў пратэсту, калі ў мінулыя разы на плошчы збіралася каля 240 чалавек, дык гэтым разам па розных ацэнках на акцыю прыйшло 150-180 удзельнікаў. Абмеркаваўшы сітуацыю, людзі ўжо ў трэці раз прайшліся па цэнтральных вуліцах Берасця.

Берасцейцы ўжо год збіраюцца на плошчы ды кормяць галубоў

Нагадаем, жыхары Берасця і Берасцейскага раёну пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу недалёка ад гораду. За год пратэсту было забаронена 57 мітынгаў, 8 дэманстрацыяў і 12 пікетаў, а таксама мясцовы рэферэндум. Таму людзі збіраюцца на цэнтральнай плошчы Берасця і кормяць галубоў, але і пры такім фармаце ўлады ўжываюць рэпрэсіі. Шмат каго з удзельнікаў кармленняў галубоў затрымлівала міліцыя, людзей штрафавалі ды трымалі ў ізалятары. Кожнае з’яўленне журналістаў «Белсату» на плошчы караецца вялікімі штрафамі.

СА, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў