Спякота на распаўсюд каронавірусу не паўплывае, а таму расслабляцца беларусам не варта. Пра гэта 8 чэрвеня ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» распавяла намесніца галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская.
«Чакаць, што такое надвор’е прывядзе да рэзкага зніжэння захворвання сама па сабе, не даводзіцца. Усё залежыць ад таго, на колькі мы самі, кожны чалавек, будуць выконваць меры, рэкамендаваныя раней», – адзначыла спецыяліст.
Яна заклікала насіць маскі і акуляры ў грамадскім транспарце, у крамах і іншых месцах масавага збору людзей.
Нагадаем, што за апошні дзень медыкі выявілі ў Беларусі 823 новыя выпадкі заражэння каронавірусам.
МГ belsat.eu