Гібель расейскага генерала Асапава ў Сірыі выдала таямніцу місіі на Данбасе, – Reuters


Расейскі генерал патаемна кіраваў узброенымі сіламі так званай ДНР, а пасля загінуў у Сірыі. Падрабязнасці місіі генерала Асапава на Данбасе раскрывае агенства Reuters.

Восенню 2015 года прарасейскія баевікі на ўсходзе Украіны былі прадстаўлены свайму новаму камандзіру, пажылому мужчыну з вусамі, які, як і тыя, хто займаў гэты пост да яго, выкарыстаў пазыўны «Туман». Як і яго папярэднікі, ён, падобна, быў з Расеі. Дакументы ён падпісваў як генерал Прымакоў.

Калі, праз два гады, ён загінуў падчас камандзіроўкі ў Сірыю, высветлілася, што яго імя таксама было несапраўдным. Гэта была хітрасць, неабходная для таго, каб схаваць ключавую ролю Расеі ў канфлікце, які Масква і прарасейскія сепаратысты прадстаўляюць як стыхійнае паўстанне мясцовых жыхароў.

Справа ў тым, што Валеры Асапаў быў расейскім генералам, які працаваў пад прыкрыццём.

Пры гэтым, як вядома, Крэмль неаднаразова адмаўляў, што дае ваенную дапамогу сепаратыстам.

Пяцёра баевікоў незалежна адзін ад аднаго сказалі журналістам Reuters, што Асапаў быў камандзірам узброеных сілаў у самаабвешчанай ДНР. Як удакладнілі двое суразмоўцаў, Асапаў камандаваў яе ключавым падраздзяленнем – Першым армейскім корпусам.

Малодшы брат Асапава Вячаслаў таксама пацвердзіў, што яго брат быў ва Украіне.

«Быў ён там. Цэлы год. Як да гэтага ставіўся? Нармальна, як вайсковец », – сказаў ён неўзабаве пасля пахавання брата.

У адказ на просьбу журналістаў пракаментаваць гісторыю Асапава, Мінабароны Расеі адмовіла.

Трое баевікоў-сепаратыстаў сказалі, што Асапаў быў не першым генералам, якога прыслалі камандаваць войскамі і што ратацыя расейскіх камандуючых сепаратысцкай арміяй працягваецца дагэтуль.

Адказваючы на ​​пытанне, ці адыгрывае нейкую ваенную ролю міністэрства абароны ДНР, высокапастаўлены афіцэр сепаратыстаў сказаў Reuters:

«Не, мінабароны займаецца палітычнай і гуманітарнай дзейнасцю».

«Нам сказалі, што да нас прыбыў камандуючы. Мы ўсталі і прадставіліся », – згадаў яшчэ адзін з афіцэраў сепаратысцкіх войскаў.

Сярод сепаратыстаў многія афіцэры ведалі, што Асапаў быў расейскім генералам, сказаў ён.

«Гэта і так зразумела было… Калі Расея накіроўвае сюды дапамогу, снарады, то трэба глядзець, каб гэта не раскрадалі».

Афіцэр бачыў, што Асапаў падпісваў дакументы прозвішчам Прымакоў, яго сапраўднае імя ён даведаўся, толькі калі пабачыў паведамленні аб яго смерці з фотаздымкамі.

Намеснік камандуючага сіласі сепаратыстаў і адначасова іх прэс-сакратар Эдуард Басурын заявіў журналістам, што на Данбасе не было Асапава і яны пазнаёміліся ў 2015 годзе ў Маскве. Аднак на пахаванні Асапава 27 верасня мінулага году Басурын прысутнічаў.

***

Імя Асапава, якога ўкраінская ваенная выведка называе ваенным злачынцам за яго кіруючы пост у сепаратысцкіх сілах, зʼявілася ў санкцыйным спісе ўладаў Украіны ў 2016 годзе.

Падчас камандзіроўкі ва Украіну Асапаў фармальна служыў у Растове-на-Доне, у 60 кіламетрах ад украінскай мяжы. Прыкладна ў той час, калі Асапаў сканчваў сваё заданне на Украіне летам 2016 года, Пуцін прысвоіў яму ранг генерал-лейтэнанта, сказана ў апублікаваным Крамлём указе. На Данбасе Асапаў насіў форму без апазнавальных знакаў.

Гісторыя Асапова ў чарговы раз паказвае больш рашучае ўмяшанне Масквы ў канфлікты на Украіне і ў Сірыі, чым Масква гатовая прызнаць. Яна таксама дэманструе ўнутраныя механізмы стратэгіі «гібрыднай вайны», якая дазваляе Расеі заваёўваць уладу, ставячы сваіх людзей на чале мясцовых нерэгулярных войскаў і не беручы на ​​сябе рызыкі, да якіх бы прывяла афіцыйная наземная аперацыя з вялікай колькасцю вайскоўцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў