Гэта загад: МЗС настойвае на скарачэнні дыпламатаў у амбасадах Польшчы і Літвы


Прапановы, агучаныя напярэдадні МЗС Беларусі, па скарачэнні дыпламатаў у амбасадах Польшчы і Літвы абавязковыя да выканання. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз у каментары БелТА.

«Не ведаю, можа, з-за таго, што Лінас Лінкявічус (міністр замежных спраў Літвы) ужо даўно з галавой сышоў у палітыку, некаторыя дыпламатычныя абароты і тэрміны ўжо крыху забыліся. Растлумачыць іх значэнне нам зусім не складана. Зробленыя намі прапановы знаходзяцца выключна ў плоскасці суверэнных правоў Беларусі і ніхто іх не абавязаны, ды і, уласна, не збіраўся абмяркоўваць з літоўскім бокам. Калі адысці ад дыпламатычнай казуістыку, то гэта значыць, што такія прапановы абавязковыя для выканання літоўскім МЗС», – заявіў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.

Паводле Анатоля Глаза адпаведны загад скараціць колькасць дыпламатаў датычыцца і польскай амбасады ў Беларусі.

Каля амбасады Беларусі ў Варшаве. Польшча. 11 жніўня 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Belsat.eu

2 кастрычніка было абвешчана, што афіцыйны Менск адклікае для кансультацыяў сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве і прапаноўвае амбасадарам гэтых краінаў зрабіць тое ж самае. Афіцыйныя Варшава і Вільня абвесцілі, што не збіраюцца адклікаць сваіх амбасадараў або скарачаць дыпламатычныя прадстаўніцтвы.

Беларускі бок настойвае, каб Літва скараціла колькасць дыпламатаў у Беларусі з 25 да 14, а Польшча – з 50 да 18 асобаў. МЗС Беларусі называе палітыку Варшавы і Вільні «дэструктыўнай у бягучай сітуацыі».

Людзі працягваюць стаяць пад амбасадай Беларусі ў Варашаве. Польшча. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Яна Пракопчик / Belsat.eu

Міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва ўспрымае заявы беларускага боку аб адкліканні амбасадара са шкадаваннем і расчараваннем.

«Вось такая атака на дыпламатычныя службы Літвы і Польшчы, такая прапанова ў пятніцу ўвечары, (…) мы будзем чакаць наступных крокаў. Рашэнне аб адкліканні амбасадараў для кансультацый прымае Міністэрства замежных спраў Літвы. У нас няма такіх намераў», – цытуе міністра Delfi.

Міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў адказаў на прапанову МЗС Беларусі ў сваім Тўітэры: «на дадзеным этапе мы не збіраемся адклікаць нашых амбасадараў для кансультацыяў».​

Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы назвала рашэнне беларускіх уладаў ганебным. Гэты крок толькі ўзмацніць ізаляцыю Беларусі ад усяго свету.

«Рэзкае скарачэнне колькасці супрацоўнікаў амбасады Польшчы ў Беларусі – гэта ўдар уладаў Беларусі не столькі па Польшчы, колькі ў першую чаргу па беларусах, якія чакаюць візаў», – адзначыла яна.

AA belsat.eu

Стужка навінаў