«Гэта прыкмета здаровага грамадства». Як чаты суседзяў мяняюць жыццё гораду


Гуртаванне суседзяў праз дваровыя і раённыя чаты – тое, чаго раней не было. Суседзі па раёне збіраюцца, абмяркоўваюць навіны, не толькі Беларусі, але і двара, плануюць, чым заняцца і як дапамагчы адзін аднаму. Што гэта значыць і чым карысна з’ява для гораду ў цэлым, «Белсату» распавёў Андрэй Вазьянаў, даследчык Менскай урбаністычнай платформы.

Што вырашаюць суседскія супольнасці

Ёсць самыя розныя поспехі. Напрыклад, арганізацыя вольнага часу, калі суполкі запрашаюць лектараў, музыкаў, спецыялістаў па гісторыі, музейнай справе і гэтак далей.

Людзі такім чынам не проста разам спажываюць напоі і ядуць, яны знаёмяцца адзін з адным, з горадам, са спецыялістамі. Такая масавая самаадукацыя. Людзі будуць лепш ведаць пра тое, якія яны маюць правы ў здаровым грамадстве, як уладкаваны горад, як можна эфектыўна арганізаваць супольнае пражыванне ў гэтай прасторы.

Hавiны
Дваровыя і раённыя чаты запрашаюць чыноўнікаў. Замест – прыходзяць сілавікі
2020.10.23 18:30

Ёсць таксама пытанні добраўпарадкавання тэрыторыі. Мы бачым, што людзі робяць талаку, камусьці дапамагаюць, нешта фарбуюць, ладзяць спартыўныя мерапрыемствы.

Разам яны могуць эфектыўна абмеркаваць, як ім зрабіць іх двор лепшым і зручнейшым для ўсіх. І яны не абмяжоўваюцца тыповымі сцэнарамі. Там няма гэтай капіпасты, калі ЖКГ вымушана прыменяць тыповыя схемы проста таму, што ў іх няма рэсурсаў на індывідуальны падыход. Тут гэты індывідуальны падыход сам сабою атрымліваецца.

Якое гэта мае значэнне

З пункту гледжання ўрбаністыкі, сацыялогіі і грамадзянскай супольнасці, гэта прыкмета здаровага грамадства. Таму што людзі, якія фізічна жывуць побач, відавочна, маюць шмат супольных інтарэсаў і шмат пытанняў, якія закранаюць іх усіх.

Як раз калі людзі гадамі жывуць, падзеленыя толькі сценкай, але пры гэтым ніяк не камунікуюць, гэта дзіўна і не спрыяе вырашэнню бытавых пытанняў, нізавых, на мікраўзроўні.

Акрамя таго, мы бачым, што развіваюцца мясцовыя ідэнтычнасці. Людзі больш сябруюць на месцы, яны аб’яднаныя ня толькі фізічнай нейкай прасторай, але з’явілася ў іх нейкая сацыяльная злучнасць. Менш абыякавасці да праблемаў суседзяў, больш гатоўнасці прыйсці на дапамогу.

Які інтарэс уладзе

Эфектыўнай уладзе, якая імкнецца падвысіць якасць асяроддзя, узровень жыцця гараджанаў, хоча зрабіць іх больш шчаслівымі, такой уладзе выгадна заахвочваць гэтыя нізавыя, дваравыя, мікрараённыя актыўнасці.

Чым больш людзі прымаюць рашэнняў пра сваё месца пражывання, тым менш яны будуць незадаволенымі, менш будуць скардзіцца. Яны зробяць горад больш разнастайным, паколькі змогуць там, дзе жывуць, рэалізаваць свае задумы.

Эфектыўная ўлада як мінімум мусіць не перашкаджаць такім актыўнасцям. А пры дэмакратычным падыходзе можна толькі спрыяць таму, што людзі бяруць у свае рукі лёс бліжэйшага асяроддзя.

Спатканне жыхароў аднаго з мікрараёнаў у Менску. Фота ад чытачоў Belsat.eu

Як дваравыя актыўнасці мяняюць жыццё

Дваравыя актыўнасці мяняюць гарадскі ландшафт. Яны яго дэцэнтралізуюць. І гэта абсалютна здаровая штука для гораду ў цэлым.

Гэта таксама інклюзіўна, бо людзі з абмежаванай мабільнасцю могуць у блізкай даступнасці атрымаць тое, што ім патрэбна, у тым ліку задаволіць нейкія свае культурныя патрэбы.

Да асяроддзя, якое любяць, людзі ставяцца адказна: мы не вандалім у ім, мы нічога не крадзем з яго.

Але пакуль у нас іншая сітуацыя. Людзі адчуваюць, што яны нічога абсалютна не кантралююць нават у сваёй кватэры. А тым больш за яе парогам. Калі яны адчуваюць, што ад іх нешта залежыць, яны ставяцца куды больш адказна, гатовы ўкласці ў гэта свой час, выселкі і потым жыць больш шчасліва ў сваім раёне. Гэта не значыць, што цэнтр страціць сваю значнасць. Гэта проста значыць, што цэнтр стане адным з раёнаў гораду.

ІК Belsat.eu

Стужка навінаў