«Гэта Дзяржынскі, мы яму кветкі носім. Хто ён? Эм-м-м…»


У гарадзенскай гімназіі №6, пры падтрымцы чыноўнікаў і КДБ, паднаўляюць помнік Феліксу Дзяржынскаму. А ці ведаюць школьнікі хто гэта?

Помнік стаіць на тэрыторыі гімназіі з 1987 году і быў пастаўлены, імаверна, на чарговыя ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Бюст «Жалезнага Фелікса» зроблены з бронзы, яго не дэмантавалі нават у 90-я.

Помнік Феліксу Эдмундавічу

Зараз працы па рэканструкцыі пастаменту і паднаўленні самога бюсту ідуць пад шэфствам не толькі дырэкцыі школы, але і адміністрацыі Ленінскага раёну ды абласнога ўпраўлення КДБ. На падворку працуе каля тузіну рабочых, а манумент мае быць здадзены ў гэтым месяцы.

Паводле афіцыйнай мясцовай прэсы да помніка рэгулярна ўскладаюцца кветкі – падчас школьных лінеек ды на прафесійнае свята супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі. Ці так яно насамрэч? Мы вырашылі спытацца ў гімназістаў, якія вымушаныя пералазіць праз агароджу з тыльнага боку навучальнай установы: цэнтральны ўваход зачынены на час рэканструкцыі помніка і прылеглай тэрыторыі.

«Хлопцы, – пытаемся, – а каму гэта помнік ля ўваходу?» Адзін з вучняў паціскае плячыма, папраўляючы заплечнік з флікерам. Іншы кажа, што Дзяржынскаму і дадае: «Мы да яго кветкі носім». Наступнае пытанне – хто ж такі Дзяржынскі? – апынулася больш складаным: «Эм-м-м… Не ведаю». «Я таксама…»

Працы на падворку гімназіі

Паводле дырэктаркі гімназіі №6 Таццяны Махнач скульптурная кампазіцыя на ўваходзе – гэта «грунтоўная частка выхавання патрыятызму, гістарычных каранёў і грамадзянскай адказнасці ў вучняў». У гімназіі ўжо працуе краязнаўчы музей, але ён яшчэ будзе дапоўнены адмысловай экспазіцыяй, прысвечанай Феліксу Эдмундавічу.

Імя Дзяржынскага ўплеценае ў адрас гімназіі №6

Наўрадці варта ўвязваць помнік на тэрыторыі гімназіі з адмысловай воляй дырэкцыі ў 80-х ці курацыяй з боку КДБ. Так у школе на вуліцы Соламавай ў Горадні стаіць помнік Вользе Соламай, адпаведна ў школе на вуліцы Даватара – генералу Даватару, на Дзяржынскага – Дзяржынскаму.

Агулам жа ў горадзе гэта другі памятны знак, звязаны з «Жалезным Феліксам»: яшчэ адна памятная дошка на доме, дзе той спыняўся ў 1920-м годзе, красуе ля ўваходу ў аблвыканкам.

АК, фота Васіль Маўчанаў

Стужка навінаў