Абвесціўшы галадоўку, Людміла Лапко спадзяецца дабіцца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка.
Сына Людмілы Лапко пасадзілі 3 гады таму, калі яму было 19 гадоў. Цяпер хлопцу 22, а сядзець за кратамі засталося яшчэ 8 гадоў. Пасадзілі, як і большасць дзяцей «Маці 328» за збыт наркотыкаў. Хоць сама маці ўпэўнена, што сын спажываў, але гандлем не займаўся. За памяншэнне тэрміну для сына, бацькі змагаюцца ўжо тры гады, аднак апошняе рашэнне Вярхоўнага суда не пакінула надзеі.
«Мы з 2015 года змагаемся, стараемся дастукацца да кіраўніцтва, да Генпракуратуры, да Вярхоўнага суда, каб былі справядлівыя прысуды. Паўсюль былі адпіскі. Мы не кажам, што нашыя дзеці не вінаватыя і што трэба іх проста выпусціць. Але яны ўжо сваё адсядзелі. Мы не кажам, што трэба зрабіць нейкую стоадсоткавую амністыю, калі людзі па некалькі разоў трапляліся, але на першы раз даваць такія страшныя тэрміны, гэта проста абсурд. Гэта не год і не два. Я ніколі не зміруся з абвінавачваннем, што маё дзіця збывала наркотыкі. Ён наркаспажывальнік.
Спажыў гэтую дрэнь, як і многія ў свой час. Сядзіць ужо 3 гады ў турме. Суддзя «пашкадаваў», канешне. 11 гадоў пазбаўлення волі 19-гадоваму юнаку», – распавядае спадарыня Людміла
Спадарыня Людміла спрабавала ўчора зарэгістраваць у Лідскім райвыканкаме свой зварот і распіску аб добраахвотнай галадоўцы, аднак ва ўстанове адказалі, што не ведаюць, што з гэтым зваротам рабіць.
«Мяне прынялі, але мой зварот не зарэгістравалі. Сёння я пайду ізноў туды. Увесь інтэрнэт шуміць, што я галадаю, а ў райвыканкаме мяне нібыта і няма. Потым скажуць, што мы цябе не ведаем. Мне наўпрост сказалі, што не разумеюць, што я ад іх хачу і як мне можна дапамагчы. Сёння я адправіла заказны ліст на імя прэзідэнта, каб ён прыняў мяне асабіста, як маці. Я, канешне, хачу данесці праблему ўсіх, што робіцца па гэтым артыкуле, чаму садзяць людзей на такія тэрміны.
Я хачу расказаць прэзідэнту нашу праўду, а не тую, якую яму даносяць.
Калі я прыйшла ў райвыканкам, мяне на пачатку сустрэлі са злосцю, але, калі пачулі мой лёс і маю бяду, яны зразумелі, што нешта тут не так. Мы ж нармальныя людзі, цывілізаваныя. Мы проста хочам, каб нас пачулі», – кажа Людміла Лапко.
На галадоўку жанчына адмыслова пераехала ў дом сваёй маці, каб ніхто больш не перашкаджаў. Як паведамляе спадарыня Людміла, арганізм ужо пачынае даваць збой.
«Я не думала, што арганізм пачне так хутка рэагаваць на маю галадоўку. Аднак маральна складаней, чым фізічна. Я проста баюся, каб сыну ў турме не стала яшчэ горш. Але іншага выхаду ў мяне няма. Я ніколі не апраўдвала свайго сына і не апраўдваю, але 11 гадоў турмы ў 19 гадоў за спажыванне спайсаў, якія былі раней афіцыйна дазволеныя?», – кажа спадарыня Людміла.
Як паведаміла жанчына, на выходных да яе далучыцца яшчэ адна маці, якая не падавала афіцыйнага звароту ў райвыканкам.
ПВ, belsat.eu