«Гэта адназначна немэтазгодна». Чыноўнікі зганяюць працаўнікоў школ прыбіраць лісце ў парку


Па ўсіх школах на тэрыторыі Ленінскага раёну Менска чыноўнікі разаслалі патрабаванне накіраваць на прыборку лісця ў парку Грэкавай па 8-10 чалавек. Гэтую інфармацыю Belsat.eu пацвердзілі ў некалькіх установах адукацыі.

Фота: NEXTA
Фота: NEXTA
Фота: NEXTA

Як вынікае з дакументу, што апублікаваны на Тэлеграм-канале NEXTA, з 16 па 18 кастрычніка працаўнікоў школ абавязуюць удзельнічаць у «якаснай прыборцы і пагрузцы лісця». Адказнымі за выкананне прызначылі намеснікаў дырэктараў па гаспадарчай частцы. Апошнія павінны знаходзіцца на месцы і кантраляваць працэс.

Фота: Belsat.eu

«Урокі ў другую змену. Прыбярэм лісце і пойдзем вучыць»

Журналісты Belsat.eu вырашылі праверыць, ці сапраўды настаўнікаў прымушаюць збіраць лісце. Накіроўваемся на месца. А 9:00 у парку імя Грэкавай каля 50 жанчын і мужчын з граблямі. Каля натоўпу ходзіць жанчына з дакументамі і задае ўсім адно пытанне: «з якой вы школы?» А потым нешта запісвае ў дакументы.

Фота: Belsat.eu

Калі кожны педагог атрымаў граблі, яны разбрыліся па парку і пачынаюць збіраць апалае лісце ў купкі. У размовах людзі прадстаўляюцца тэхнічкай, абслуговым школьным персаналам, аператарам ЭВМ, прыбіральшчыцай і нават пенсіянеркай, якая «проста прыйшла дапамагаць».

Фота: Belsat.eu

– Дзяўчаты, вы таксама не настаўнікі? – пытаюся ў трох жанчын з граблямі.

– Як гэта не настаўнікі? – абураюцца яны. – Мы настаўнікі!

– А як жа ўрокі?

– Яны ў другую змену.

– Прыбярэце лісце і пойдзеце вучыць?

– Так.

Фота: Belsat.eu

Частка тых, хто прыбіраў парк, рэагавалі досыць агрэсіўна: патрабавалі не здымаць іх, спасылаючыся на нейкі закон, які забараняе здымкі ў грамадскіх месцах.

– Не фатаграфуйце мяне! З-за вас у мяне будуць праблемы з мужам, – выкрыкнула адна дама.

Фота: Belsat.eu

Запытваю ў мужчын:

– Вы дворнікі і таму прыйшлі сюды збіраць лісце?

– Не дворнікі, рабочыя, – кажа адзін

– А я аператар ЭВМ, – дадае другі.

Фота: Belsat.eu

Яшчэ адзін мужчына распавёў, што выконвае ў школе тэхнічную працу.

– А як жа самапавага, годнасць? Вы ж педагогі. Дзе зараз вашыя вучні?

– Дастанеш самапавагу – есці будзе няма чаго, – адказвае жанчына ў чырвонай куртцы. Ейная калега па граблях абураецца і абяцае даць мне граблямі пад сраку.

Фота: Belsat.eu

Яшчэ ў адной жанчыны запытваю, ці працуе яна ў школе.

– Якая вам розніца, кім я працую? Сказалі збіраць лісце, значыць неабходна дапамагчы. Тут жа і дзеці гуляюць, неабходна навесці парадак.

Фота: Belsat.eu

Іншыя дзве жанчыны прызналіся, што працуюць выхавальніцамі групы падоўжанага дня. Збіраюся сыходзіць і чую, як крычыць дама, якая назвалася прыбіральшчыцай у школе:

– Куды пайшла? Ідзі вазьмі граблі і з намі паграбі, а то бегаеш тут без справы.

Фота: Belsat.eu

Дабрачынная, добраахвотная дапамога школы

У гімназіі №1 Менску пацвердзілі, што «пэўная частка настаўнікаў» знаходзіцца ў парку да 12:00.

Выконваючая абавязкі дырэктара СШ №189 Жанна Канапацкая сказала нам, што ад яе школы на «суботнік» паехалі 3 асобы – «завхоз», праграміст (які не быў заняты раніцай 18 кастрычніка) і рабочы па абслугоўванні будынку. На пытанне, наколькі мэтазгодна дасылаць на падобныя мерапрыемствы педагогаў, яна кажа:

«Адназначна немэтазгодна, бо калі ідзе вучэбны працэс, мы іх нікім замяніць не можам. Летась прасілі накіроўваць педагогаў, але тады ўжо пачаліся восеньскія канікулы, таму яны таксама пагадзіліся паехаць».

Фота: Belsat.eu

Разам з тым, удзел у прыборцы ў гарадскім парку Жанна Канапацкая лічыць «дабрачыннай, добраахвотнай дапамогай» школы і падкрэслівае, што сёння яе падначаленыя паехалі збіраць лісце па ўласным жаданні.

У школе №55 прадстаўнік адміністрацыі, які не пажадаў назвацца, паведаміў: на прыборку яны адпраўляюць сваіх працаўнікоў штогод, «у тым ліку вольных ад заняткаў настаўнікаў». Вучэбны працэс пры гэтым, паводле яго, не церпіць.

Фота: Belsat.eu

КА, Алена Дубовік Belsat.eu

Стужка навінаў