Генеральная пракуратура просіць заблакаваць платформу «Голас»


Аб гэтым у эфіры тэлеканалу «Беларусь – 1» заявіла прадстаўніца Генеральнай пракуратуры Марына Папова.

Генпракуратура звярнулася да Міністэрства інфармацыі з просьбаю абмежаваць доступ да платформы «Голас». Аб гэтым у эфіры тэлеканалу «Беларусь – 1» заявіла прадстаўніца ведамства Марына Папова.

Марына Папова. Скрыншот з Беларусь – 1

Вядоўца папярэджвае, што платформа «Голас» небяспечная таму, што яна патрабуе персанальныя дадзеныя людзей. А зарэгістраваная платформа ў Сіетле. Таму махляры могуць беспакарана ўзяць на вашае імя крэдыт або купіць дарагі квіток.

«Вы мусіце разумець, што платформа «Голас» знаходзіцца не на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Такім чынам мы разумеем, што правы людзей могуць быць парушаныя, а мы не будзем ведаць, якія людзі скарысталіся вашымі персанальнымі дадзенымі, і знайсці іх будзе амаль немагчыма», — кажа яна.

«Белсат» звярнуўся да платформы «Голас» па каментар.

«Верагоднасць, што доступ да платформы «Голас» для карыстальнікаў з Беларусі можа быць абмежаваны, ёсць. Аднак праца платформы на гэтым не спыніцца. Сёння ў нас зарэгістраваны амаль 1 мільён карыстальнікаў, з якімі платформа «Голас» падтрымлівае сувязь праз чат-ботаў і Telegram. Апроч гэтага, у нас ёсць дакладны план на той выпадак, калі абмежаванне ўсё-ткі адбудзецца. Таму мы заклікаем беларусаў працягваць рэгістравацца на платформе наўпрост зараз, каб на сувязі з намі заставалася як мага болей людзей. Па-за залежнасцю ад дзеянняў уладаў», – паведамілі прадстаўнікі платформы.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Яны запэўніваюць, што нават імавернае блакаванне інтэрнэту на зашкодзіць працы платформы.

«У нас ужо ёсць вялікі масіў дадзеных. А фотаздымкі з тэлефону людзей не знікнуць. Калі доступ будзе адноўлены – платформа працягне прыймаць фотаздымкі бюлетэняў», – падкрэсліваюць у «Голасе».

Платформа «Голас» была створана, каб забяспечыць сумленны падлік галасоў. Выбарцы мусяць зарэгістравацца на платформе і загрузіць туды фотаздымак свайго бюлетэня. Гэта дазволіць правесці альтэрнатыўны падлік галасоў.

Апошнім часам платформа «Голас» сутыкаецца з ціскам з боку ўладаў. Сярод іншага яе абвінавачваюць у закліку да масавых закалотаў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў