«Газпрам» вырашыў скасаваць усе кантракты з Украінай


Кіраўнік расейскага газавага манапаліста заявіў, што кампанія вымушаная гэта зрабіць, бо не хоча каб Кіеў вырашаў свае праблемы за кошт «Газпраму».

Старшыня праўлення кампаніі Аляксей Мілер таксама патлумачыў, што гаворка ідзе пра скасаванне ня толькі кантракту на пастаўку газу ўкраінскім спажыўцам, але і дамовы на транзіт газу ў Еўропу. Абодва гэтыя кантракты павінны былі дзейнічаць да канца 2019 году.

Паводле Мілера, нядаўняе рашэнне Стакгольмскага арбітражу істотна парушыла інтарэсы «Газпраму».

«Арбітры аргументавалі сваё рашэнне рэзкім пагаршэннем стану ўкраінскай эканомікі. Мы катэгарычна супраць таго, каб за наш кошт вырашаліся эканамічныя праблемы Украіны. У такой сітуацыі працяг дзеяння кантрактаў для «Газпраму» з’яўляецца эканамічна немэтазгодным і нявыгадным. «Газпрам» вымушаны неадкладна пачаць працэдуру скасавання кантрактаў з НАК «Нафтагаз Украіны» на пастаўку і транзіт газу ў Стакгольмскім арбітражы», – заявіў кіраўнік кампаніі.

28 лютага стала вядома, што арбітраж Гандлёвай палаты Стакгольму часткова задаволіў патрабаванні ўкраінскай кампаніі «Нафтагаз», пастанавіўшы, што «Газпрам» павінен заплаціць ёй $ 4,63 млрд за недапастаўкі газу па транзітнай дамове. Раней той жа арбітраж абавязаў «Нафтагаз» выплаціць «Газпраму» $ 2 млрд за ўжо пастаўлены газ, а таксама працэнты за пратэрміноўку (0,03% за кожны дзень з 22 снежня 2017 году), і штогод (да заканчэння тэрміну кантракту ў канцы 2019 года ) набываць у «Газпраме» па 5 млрд куб. м газу. Такім чынам, «Газпрам» застаўся вінны «Нафтагазу» каля $ 2,6 млрд.

ЮВ, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў